Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Хрысціянскае жыццё – гэта вандроўка, уважлівая, нястомная і мужная”
Слова Папы
07.01.2015 17:13

Папа Францішак павіншаваў вернікаў, якія адзначаюць Нараджэнне Хрыстова па юліянскім календары. Пантыфік узначаліў на плошчы св. Пятра малітву “Анёл Панскі” ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.

“У ноч Божага Нараджэння мы разважалі аб прыходзе ў бэтлеемскую пячору пастухоў, якія належалі да народа Ізраэля, - нагадаў Папа. - Сёння, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, мы ўзгадваем прыход мудрацоў, якія прыбылі з Усходу, каб пакланіцца нованароджанаму Валадару габрэяў і ўсеагульнаму Збаўцу і прапанаваць свае сімвалічныя падарункі. Сваім жэстам любові мудрацы засведчылі, што Езус прыйшоў на зямлю, каб збавіць не адзін народ, але ўсіх людзей. Такім чынам, сённяшняя ўрачыстасць пашырае наш позірк да гарызонту ўсяго свету, каб святкаваць “маніфестацыю” Пана адносна ўсіх людзей, што з’яўляецца праявай любові і ўсеагульнага збаўлення ад Бога. Ён не прызначае сваёй любові толькі для некаторых прывілеяваных, але прапануе яе ўсім. Як для ўсіх Ён – Творца і Айцец, так для кожнага жадае быць Збаўцам. Таму мы пакліканы пастаянна захоўваць вялікі давер і надзею адносна кожнага чалавека і яго збаўлення: нават тых, хто, здаецца, далёка ад Пана ідзе – або, хутчэй, аддаляецца – ад Яго гарачай і адданай любові, любові пакорнай. Паколькі Божая любоў – заўсёды пакорная, вельмі пакорная.

Евангельскае апавяданне аб мудрацах з Усходу апісвае іх падарожжа як вандроўку душы, як шлях да яднання з Хрыстом. Яны ўважлівыя да знакаў, якія паказваюць на Яго прысутнасць, нястомныя ў вырашэнні цяжкасцяў на шляху пошукаў, мужныя адносна наступстваў сустрэчы з Панам для жыцця. Жыццё – яно такое: хрысціянскае жыццё – гэта вандроўка, уважлівая, нястомная і мужная. Такім чынам павінен жыць хрысціянін – ідучы ўважліва, нястомна і мужна. Досвед мудрацоў нагадвае падарожжа кожнага чалавека да Хрыста. Як і для мудрацоў, для нас шукаць Бога – значыць ісці – уважліва, нястомна і мужна – углядаючыся ў неба і заўважаючы бачны знак зоркі нябачнага Бога, які гаворыць з нашым сэрцам. Зорка, якая ў стане накіраваць любога чалавека да Езуса – гэта Божае слова. Біблія, Евангелле, Божае слова – гэта святло, якое накіроўвае наш шлях, сілкуе і абнаўляе нашу веру. Гэтае Слова Бога абнаўляе нашы сэрцы і нашы супольнасці. Таму не забывайцеся чытаць і разважаць над ім кожны дзень, каб яно станавілася полымем, якое носім унутры сябе, каб асвятліць нашы крокі і крокі тых, хто ходзіць побач з намі, магчыма, спрабуючы знайсці свой шлях да Хрыста. Заўсёды з Божым словам! Слова Божае трэба трымаць у руцэ: маленькае Евангелле ў кішэні, у сумцы, заўсёды, каб прачытаць яго. Не забывайцеся аб гэтым: Божае слова заўсёды са мной!

У гэты дзень Аб’яўлення Пана нашы думкі таксама скіраваны да братоў і сясцёр хрысціянскага Усходу, католікаў і праваслаўных, многія з якіх святкуюць заўтра Хрыстовае Нараджэнне. Ім я выказваю нашы самыя цёплыя пажаданні.

Хацеў бы нагадаць, што сёння мы адзначаем Сусветны дзень дзяцей-місіянераў. Гэта свята дзяцей, якія жывуць з радасцю дарам веры і моляцца, каб святло Езуса дасягнула ўсіх дзяцей свету. Я заклікаю педагогаў выхоўваць у падлетках місійны дух. Выхоўваць дзяцей не закрытых, але, наадварот, якія бачаць шырокія гарызонты, з сэрцам, якое імкнецца да гарызонту, каб сярод іх нараджаліся сведкі пяшчоты Бога і прапаведнікі Яго любові.

Звернемся зараз да Панны Марыі і будзем заклікаць Яе абарону для Паўсюднага Касцёла, каб распаўсюджваў па ўсім свеце Евангелле Хрыста, Lumen Gentium, святло усіх народаў. Каб Яна прымушала нас ісці ўсё далей і далей па шляху, будучы ўважлівымі, нястомнымі і мужнымі”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.