Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Падчас хросту Езуса скончыўся час “закрытых нябёсаў””
Слова Папы
11.01.2015 19:36

11 студзеня, у свята Хросту Пана, Папа Францішак звярнуўся да вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра з нагоды нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”.

“Сёння мы адзначаем свята Хросту Пана, якое заканчвае перыяд Божага Нараджэння, – нагадаў Папа. – Евангелле апісвае тое, што адбылося на беразе ракі Ярдан. У момант, калі Ян Хрысціцель удзяліў хрост Езусу, нябёсы раскрыліся. “І адразу, – кажа св. Марк – калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя” (Мк 1, 10). Узгадваецца драматычны заклік прарока Ісаі: “О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў!” (Іс 63, 19). Адказ на гэты заклік быў споўнены падчас хросту Езуса. І так скончыўся час “закрытых нябёсаў”, якія ўказвалі падзел паміж Богам і чалавекам, наступства граху. Грэх аддаляе ад Бога і разрывае сувязь паміж зямлёй і небам, вызначаючы, такім чынам, нашу беднасць і ўпадак нашага жыцця. Адкрытыя нябёсы ўказваюць, што Бог падарыў сваю ласку, каб зямля прынесла свой плён (пар. Пс 85, 13). Так зямля стала домам Божым паміж людзьмі, і кожны з нас мае магчымасць сустрэць Сына Божага, адчуць Яго любоў і бясконцую міласэрнасць. Мы можам па-сапраўднаму сустрэць яе ў сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі. Мы можам распазнаць яе ў абліччах нашых братоў, асабліва бедных, хворых, зняволеных, бежанцах: яны з’яўляюцца жывым целам пакутуючага Хрыста і бачнай выявай нябачнага Бога.

З хростам Езусам не толькі “раскрыліся нябёсы”, але Бог зноў прамовіў, праз гучанне свайго голасу: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (Мк 1,  11). Голас Айца абвясціў таямніцу, якая схавана ў Чалавеку, ахрышчаным Прадвеснікам.

Затым адбыўся сыход Святога Духа ў выглядзе голуба: гэта дазволіла Хрысту, Намашчанаму Пану, інаўгураваць сваю місію, якой з’яўляецца наша збаўленне. Святы Дух – гэта вялікі забыты нашых малітваў. Мы часта молімся Езусу; молімся Айцу, асабліва ў “Ойча наш”; але не так часта молімся Святому Духу, праўда? Ён забыты. А мы маем патрэбу ў тым, каб прасіць аб Яго дапамозе, Яго сіле, Яго натхненні. Святы Дух, які цалкам натхняў жыццё і таямніцу Езуса, - гэта той жа самы Дух, якія сёння кіруе хрысціянскім жыццём, жыццём мужчын і жанчын, якія называюць сябе хрысціянамі і жадаюць імі быць. Адкрываць на дзейнасць Святога Духа наша хрысціянскае жыццё і місію, якую ўсе мы атрымалі ў сілу хросту, азначае знаходзіць апостальскую адвагу, неабходную для перамогі над простым марным камфортам. Хрысціянін і супольнасці, “глухія” да голасу Святога Духа, які падштурхоўвае несці Евангелле на крайнія межы зямлі і грамадства, становяцца хрысціянамі і супольнасцямі “нямымі”, якія не прамаўляюць і не евангелізуюць. Памятайце пра гэта: пра малітву, каб Святы Дух нам дапамагаў, даваў нам сілу, натхненне і дазваляў ісці наперад. Марыя, Маці Бога і Касцёла, суправаджай шлях усіх ахрышчаных; дапамагай нам расці ў любові да Бога і радасці служэння Евангеллю, каб такім чынам даць поўны сэнс нашаму жыццю”.

Пасля марыйнай малітвы Папа нагадаў, што 12 студзеня пачынаецца яго апостальскае падарожжа ў Шры-Ланку і на Філіпіны, у сувязі з чым заклікаў вернікаў да малітвы ў інтэнцыі гэтага падарожжа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.