Падчас агульнай аўдыенцыі 21 студзеня Папа Францішак падзяліўся ўражаннямі ад свайго нядаўняга апостальскага візіту ў Шры-Ланку і Філіпіны. Святы Айцец прызнаўся, што назаўсёды захавае ў сэрцы ўспаміны пра святочны прыём з боку бязмежна вялікай колькасці людзей.
Першай азіяцкай краінай, якую наведаў Пантыфік, была Шры-Ланка. Кульмінацыйным момантам прабывання ў гэтай краіне Папа назваў кананізацыю вялікага місіянера св. Джозэфа Ваза, які з’яўляецца прыкладам святасці і любові, што працягвае натхняць мясцовы Касцёл. “Я ўказаў на святога Джозэфа Ваза як на прыклад для ўсіх хрысціян, пакліканых сёння несці збаўчую праўду Евангелля ў шматрэлігійны кантэкст, з павагай да іншых, з пастаянствам і пакорай, - сказаў Пантыфік. - Шры-Ланка – гэта краіна вялікай прыроднай прыгажосці, народ якой імкнецца аднавіць адзінства пасля доўгага перыяду драматычнага грамадзянскага канфлікту. Падчас маёй сустрэчы з уладамі я падкрэсліў важнасць дыялогу, павагі да чалавечай годнасці, спробаў заахвоціць усіх да пошуку адпаведных рашэнняў на карысць прымірэння і супольнага дабра”.
Папа выказаў перакананне, што розныя рэлігіі павінны таксама садзейнічаць міру і згодзе ў грамадстве. Таму падчас сустрэчы з рэлігійнымі лідарамі Шры-Ланкі Пантыфік заклікаў да супрацоўніцтва, каб “бальзам прабачэння” дапамог залячыць раны тых, хто яшчэ пакутуе ад болю апошніх гадоў.
Другім пунктам “азіяцкага” падарожжа Святога Айца былі Філіпіны, дзе Касцёл рыхтуецца да святкавання 500-годдзя евангелізацыі. “Гэта галоўная каталіцкая краіна Азіі, філіпінскі народ добра вядомы сваёй глыбокай верай, рэлігійнасцю і энтузіязмам, нават у дыяспары”, - падкрэсліў Папа.
“Галоўнай мэтай візіту і прычынай, па якой я вырашыў ехаць на Філіпіны, (...) было жаданне выказаць блізкасць нашым братам і сёстрам, якія перажылі разбурэнні тайфуну “Хаян”. Я накіраваўся на Таклабан, найбольш пацярпелы рэгіён, дзе склаў пашану мясцоваму насельніцтву за яго веру і здольнасць да аднаўлення. (...) Я падзякаваў усім, хто з розных частак свету адказаў на патрэбу ў шчодрай дапамозе. Сіла Божай любові, адкрытая ў таямніцы Крыжа, праявілася ў духу салідарнасці, прадэманстраванай у шматлікіх актах любові і ахвярнасці, якія пазначылі тыя цёмныя дні”, - сказаў Пантыфік.
Папа нагадаў, што падчас яго візіту на Таклабан неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, на жаль, прывялі да нявіннай ахвяры – гібелі маладой валанцёркі, якая памерла ад ранаў, атрыманых у выніку разбурэння моцным ветрам часткі будаўнічых рыштаванняў.
Значным момантам свайго падарожжа на Філіпіны Папа назваў сустрэчу з сем’ямі і моладдзю ў Маніле. “Здаровыя сем’і – асабліва важныя для грамадства. Дае суцяшэнне і надзею магчымасць бачыць шматлікія сем’і, якія прымаюць дзяцей, як сапраўдны дар Бога. Яны ведаюць, што кожнае дзіця – гэта благаслаўленне. Я чуў меркаванні некаторых пра тое, што шматдзетнасць і высокая нараджальнасць – гэта галоўныя прычыны беднасці. Гэтае меркаванне мне здаецца спрошчаным. Я магу сказаць, і мы ўсе можам сказаць, што галоўная прычына беднасці – гэта эканамічная сістэма, якая выкінула чалавека з цэнтру і паставіла туды грошы. Эканамічная сістэма, якая маргіналізуе, выкідвае заўсёды: дзяцей, пажылых, моладзь, беспрацоўных і стварае культуру адходаў, у якой мы жывем (...). Гэта галоўная прычына беднасці – не вялікія сем’і”, - сцвердзіў Папа, а таксама нагадаў, што сем’я павінна быць абароненай ад “новых ідэалагічных каланізацый”, якія робяць замах на яе ідэнтычнасць і місію.
На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, звяртаючыся да пілігрымаў, Святы Айцец даверыў іх малітоўнай падтрымцы Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян, які праходзіць у Касцёле 18-25 студзеня, і пажадаў, каб сузіранне евангельскай сцэны сустрэчы Езуса з самаранкай, якая знаходзіцца ў цэнтры сёлетніх разважанняў гэтай экуменічнай ініцыятывы, стала нагодай для лепшага знаёмства з “Цэрквамі-сёстрамі”, паглыблення дыялогу, супольнай малітвы і поўнай еднасці сведкаў Хрыста.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|