Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Аздараўленне хворага, прыняцце яго, служэнне яму азначае служэнне Хрысту»
Слова Папы
08.02.2015 18:05

“Кожны з нас пакліканы несці святло Слова Божага і сілу ласкі тым, хто пакутуе, і тым, хто ім дапамагае: членам сям'і, урачам, медсёстрам, каб служэнне хворым выконвалася ўсё больш і больш гуманна, з велікадушнай самаахвярнасцю, з евангельскай любоўю і пяшчотнасцю”, - сказаў Папа Францішак падчас малітвы “Анёл Панскі” 8 лютага.

Пантыфік нагадаў пра Сусветны дзень хворага, які адзначаецца 11 лютага.

“Сённяшняе Евангелле (Мц 1, 29-39) расказвае пра Езуса, які пасля прапаведвання ў сінагозе ў суботу аздараўляе шматлікіх хворых. Прапаведваць і аздараўляць: гэта асноўная дзейнасць Езуса ў публічным жыцці. Прапаведуючы, Ён абвяшчае Божае Валадарства, а аздараўляючы, паказвае, што яно знаходзіцца побач, што Божае Валадарства сярод нас.

Увайшоўшы ў дом Сымона Пятра, Езус убачыў яго цешчу, якая, будучы ў гарачцы, ляжала ў ложку. Ён адразу бярэ яе за руку, аздараўляе і падымае. Пасля заходу сонца, калі завяршыўся суботні дзень, людзі могуць выйсці і прынесці Яму хворых. Ён аздараўляе мноства людзей, якія пакутавалі ад хвароб розных відаў: фізічнага, псіхічнага, духоўнага. Хрыстус прыйшоў на зямлю, каб аб'явіць і рэалізаваць збаўленне ўсяго чалавека і ўсіх людзей, Езус паказвае асаблівую прыхільнасць для тых, хто быў паранены на целе і на душы: да бедных, грэшнікаў, апантаных, хворых і маргіналізаваных. Ён такім чынам паказаў сябе лекарам як душаў, так і цела, добрым самаранінам для чалавека. Ён сапраўдны Збаўца. Езус збаўляе, даглядае, аздараўляе.

Гэтая рэальнасць аздараўлення хворых Хрыстом заклікае нас задумацца пра сэнс і значэнні хваробы. Пра гэта нагадвае нам Сусветны дзень хворага, які мы будзем адзначаць у наступным сераду, 11 лютага, у свята Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда. Я благаслаўлю ініцыятывы, падрыхтаваныя для гэтага дня, асабліва малітоўнае чуванне, якое адбудзецца ў Рыме вечарам 10 лютага. У гэтым месцы я хачу ўспомніць старшыню Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага, які, будучы сур’ёзна хворым, прабывае ў Польшчы. Памолімся за яго, за яго аздараўленне, таму што гэта ён падрыхтаваў гэты дзень. А ён у гэты дзень суправаджае нас у сваім цярпенні. Памолімся за арцыбіскупа Зімоўскага.

Збаўчыя ўчынкі Хрыста не заканчваюцца з Яго асобай і падчас Яго зямнога жыцця; яны працягваюцца праз пасрэдніцтва Касцёла, які з’яўляецца сакрамэнтам любові і пяшчоты Бога да людзей. Адпраўляючы ў місію сваіх вучняў, Езус дае ім двайны наказ: абвяшчаць Евангелле збаўлення і аздараўляць хворых (Мц 10, 7 -8). Касцёл, верны гэтаму навучанню, заўсёды прызнаваў дапамогу хворым неад'емнай часткай сваёй місіі. “Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе”, папярэджвае Езус (Мц 26, 11), і Касцёл пастаянна знаходзіць іх на сваім шляху, прызнаючы хворых у якасці прывілеяванага шляху да сустрэчы з Хрыстом, каб прыняць Яго і служыць Яму. Аздараўленне хворага, прыняцце яго, служэнне яму азначае служэнне Хрысту, хворы з’яўляецца целам Хрыста.

Гэта адбываецца таксама ў наш час, калі, нягледзячы на шматлікія здабыткі навукі, унутраны і фізічны боль асобы выклікае сур'ёзныя пытанні аб сэнсе хваробы і болю, а таксама пытанне, чаму чалавек памірае. Гэта экзістэнцыяльныя пытанні, на якія пастырская дзейнасць Касцёла павінна адказаць у святле веры, маючы перад вачыма Крыж, на якім бачна ўся збаўчая таямніца Бога Айца, які дзеля любові да людзей не пашкадаваў Сына Свайго (Рым 8, 32). Такім чынам, кожны з нас пакліканы несці святло Слова Божага і сілу ласкі тым, хто пакутуе, і тым, хто ім дапамагае, членам сям'і, урачам, медсёстрам, каб служэнне хворым выконвалася ўсё больш і больш гуманна, з велікадушнай самаахвярнасцю, з евангельскай любоўю і пяшчотнасцю. Маці Касцёл праз пасрэдніцтва нашых рук песціць нашы пакуты і вылечвае нашы раны і робіць гэта з чуллівасцю маці.

Папросім Марыю, Аздараўленне хворых, каб кожная хворая асоба, дзякуючы турбоце тых, што знаходзяцца побач з ёю, змагла спазнаць у хваробе сілу Божай любові і суцяшэнне Яго бацькоўскай пяшчоты”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Папа нагадаў, што ў гэты дзень, у літургічны ўспамін св. Жазэфіны Бакіты, афрыканскай законніцы, якая ў дзяцінстве зведала драму гандлю людзьмі, Каталіцкі Касцёл адзначае Міжнародны дзень малітвы і разважанняў супраць гандлю людзьмі. Пантыфік дадаў, што з гэтай ініцыятывай выступілі міжнародныя аб’яднанні вышэйшых настаяцеляў жаночых і мужчынскіх манаскіх супольнасцяў.

“Я падтрымліваю тых, хто імкнецца дапамагаць мужчынам, жанчынам і дзецям, якія зазнаюць рабства, эксплуатацыю, гвалт, якіх выкарыстоўваюць у якасці інструментаў працы ці задавальнення, якіх часта катуюць і калечаць”, - адзначыў Папа і заклікаў, каб “тыя, хто нясе адказнасць за дзяржаўнае кіраванне, з рашучасцю паспрыялі ліквідацыі прычын гэтага ганебнага бедствы, якое нягоднае цывілізаванага грамадства”. “Няхай кожны з нас будзе голасам гэтых нашых братоў і сясцёр, якіх зняважылі ў іх годнасці”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі, сабранымі на плошчы святога Пятра, Пантыфік памаліўся за ахвяраў гандлю людзьмі і за іх сем’і.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.