Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа нагадаў пра ролю і месца дзяцей у сям’і
Слова Папы
11.02.2015 13:43

Ролі і месцу дзяцей у сям’і прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 11 лютага Папа Францішак. Яна стала працягам папярэдніх разважанняў Пантыфіка пра ролю маці і бацькі.

Папа падзяліўся, што натхненнем для катэхезы сталі словы з Кнігі прарока Ісаі: «Твае сыны здалёку прыходзяць, а дочкі твае несены на руках. Тады ўбачыш і заяснееш, і затрасецца сэрца тваё, і расшырыцца» (60, 4-5a). Па словах Пантыфіка, гэта прыгожы вобраз шчасця, якое рэалізуецца ва ўз’яднанні паміж бацькамі і дзецьмі, «што крочаць разам да будучыні свабоды і міру пасля доўгага часу выпрабаванняў і падзелу».

Папа выказаў перакананне, што «ёсць цесная сувязь паміж надзеяй народа і гармоніяй паміж пакаленнямі». «Радасць дзяцей павінна прымушаць трапятаць сэрцы бацькоў і адкрываць будучыню. Дзеці — гэта радасць сям’і і грамадства. Яны не праблема рэпрадуктыўнай біялогіі або аднаго з многіх шляхоў яе рэалізацыі. Тым больш, яны не з’яўляюцца ўласнасцю бацькоў. Дзеці — гэта дар. (...) Унікальны і непаўторны. І ў той жа час беспамылкова прывязаны да сваіх каранёў. Быць сынам або дачкой, у адпаведнасці з Божым планам, значыць несці ў сабе памяць і надзею любові, якая рэалізавала сябе, даючы жыццё іншай чалавечай істоце, непаўторнай і новай», — сказаў Пантыфік.

Глыбіня досведу быцця сынам і дачкой, па словах Святога Айца, дазваляе адкрыць «вымярэнне больш свабоднай любові». Пантыфік назваў цудоўным пачуццём тое, калі цябе любяць перш, чым ты зрабіў нешта, як гэта адбываецца ў выпадку бацькоў і дзяцей. «Быццё дзецьмі з’яўляецца асноўнай умовай для спазнання любові Бога — асноўнай крыніцы гэтага сапраўднага цуду. У душы кожнага дзіцяці, настолькі ўразлівай, Бог пакідае пячатку гэтай любові, якая з’яўляецца асновай яго асабістай годнасці, годнасці, якую ніхто і нішто не можа разбурыць», — адзначыў Папа.

Пантыфік дадаў, што сёння дзецям нашмат цяжэй уявіць сваю будучыню, дзеці сталі больш няпэўнымі ў прыняцці рашэнняў, і дапамагчы ім могуць добрыя і правільныя адносіны з бацькамі, мадэллю для якіх з’яўляюцца адносіны Бога да нас: Ён вызваляе кожнага з нас, але ніколі не пакідае самотнымі, «і калі мы пацерпім няўдачу, працягвае ісці за намі, цярпліва, не змяншаючы сваёй любові да нас». Дзеці, па словах Папы, ніколі не павінны баяцца абавязацельстваў па стварэнні новага свету — лепшага, чым той, які яны атрымалі, «але гэта павінна быць зроблена без пыхі, без саманадзейнасці».

Пантыфік нагадаў чацвёртую запаведзь пра шанаванне бацькі і маці. «Гэтая запаведзь з’яўляецца адразу пасля тых, якія тычацца самога Бога. (...) На самой справе яна заключае ў сабе нешта святое, нешта Божае, нешта, што знаходзіцца ў корані любога іншага віду павагі паміж людзьмі. І ў біблійнай фармулёўцы чацвёртая запаведзь мае працяг: “каб быць даўгавечным на зямлі, якую дасць табе Пан, Бог твой”. Дабрадзейная сувязь пакаленняў з’яўляецца закладам будучыні і гарантыяй сапраўды гуманнай гісторыі. Грамадства дзяцей, якія не шануюць сваіх бацькоў, з’яўляецца грамадствам без павагі — калі няма павагі да бацькоў, губляецца павага да сябе! Гэта грамадства, якому наканавана мець моладзь бяздушную і прагную. Таксама грамадства з пакаленнем, якое не любіць дзяцей, якіх лічыць проста прычынай клопатаў, цяжарам, рызыкай, з’яўляецца грамадствам падаўленым», — сказаў Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу, што менавіта ў сям’і дзеці вучацца браць на сябе адказнасць за свае будучыя сем’і, фарміруюцца ва ўменні абмену сваімі якасцямі, растуць ва ўдзячнасці за атрыманыя дары.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік звярнуўся з малітвай да Хрыста, каб Ён дапамог знайсці шлях новай рэалізацыі досведу быцця дзецьмі, «кідаючы выклік забабонам і жывучы ў веры і дасканалай радасці».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.