Задумацца над іх адносінамі і падыходам да хворых і бедных заклікаў Папа Францішак вернікаў у разважанні перад малівтай «Анёл Панскі» 15 лютага на галоўнай ватыканскай плошчы.
«У гэтую нядзелю святы Марк Евангеліст кажа нам аб дзеяннях Езуса, накіраваных супраць усіх відаў зла, на карысць пакутуючых душой і целам: апантаных, хворых, грэшнікаў, — нагадаў Папа. — Ён аб’яўляе сябе як той, хто змагаецца і пераадольвае зло ўсюды, дзе яго сустракае. У сённяшнім Евангеллі (Мк 1, 40-45) гэтая Яго барацьба сутыкаецца са значным выпадкам, таму што хворым апынаецца пракажоны. Праказа — гэта заразная і бязлітасная хвароба, што скажае асобу, якая была сімвалам нячыстасці: пракажоны павінен быў трымацца далей ад населеных месцаў і абвяшчаць мінакам аб сваёй прысутнасці. Ён быў выключаны з сацыяльнай і рэлігійнай супольнасці. Быў падобны да хадзячага трупа.
Выпадак вылячэння пракажонага развіваецца ў тры кароткія этапы: просьба хворага, адказ Езуса, наступствы цудоўнага выздараўлення. Пракажоны просіць Езуса, “упаўшы на калені”, і кажа Яму: “Калі хочаш, можаш мяне ачысціць” (в. 40). На гэтую сціплую і даверлівую просьбу Езус адказвае глыбокім душэўным спачуваннем, якое азначае “адчуваць-з-іншымі”. Сэрца Езуса паказвае айцоўскае спачуванне Бога да гэтага чалавека, які прыходзіць і дакранаецца да Яго. Гэтая дэталь вельмі важная. Езус “працягнуў руку, дакрануўся да яго і адразу ж праказа сышла з яго” (в. 41). Божая міласэрнасць пераадольвае ўсе бар’еры, і рука Езуса дакранаецца да пракажонага. Ён не захоўвае бяспечную дыстанцыю, не дзейнічае пасрэдна, але падвяргае сябе рызыцы заражэння нашым злом, і наша зло становіцца месцам сустрэчы. Ён, Езус, забірае ад нас нашу хворую чалавечнасць, а мы прымаем Яго чалавечнасць, здаровую і вылячальную. Гэта адбываецца кожны раз, калі з верай прымаем нейкі сакрамэнт: Езус “дакранаецца” да нас і дае нам сваю ласку. Тут мы думаем асаблівым чынам пра сакрамэнт паяднання, які ацаляе нас ад праказы граху.
Чарговы раз Евангелле дэманструе нам, што робіць Бог, сустракаючы наша зло: не прыходзіць чытаць “лекцыю” пра пакуты. Ён не прыходзіць таксама выдаліць са свету пакуты і смерць. Ён прыходзіць хутчэй для таго, каб узяць на сябе цяжар нашага чалавечага стану, каб несці яго да канца, каб вызваліць нас радыкальна і канчаткова. Такім чынам, Хрыстус перамагае зло і пакуты ў свеце — прымаючы іх на сябе і перамагаючы сілай Божай міласэрнасці.
Евангелле аб вылячэнні пракажонага кажа нам сёння, што, калі мы хочам быць сапраўднымі вучнямі Езуса, мы пакліканы стаць паяднанымі з Ім інструментамі Яго міласэрнай любові, пераадольваючы ўсе віды маргіналізацыі. Каб быць “паслядоўнікамі Хрыста” (1 Кар 11, 1) у адносінах да бедных ці хворых, мы не павінны баяцца глядзець ім у вочы і стаць бліжэй да іх з далікатнасцю і спачуваннем, дакрануцца і абняць іх. Часта я прасіў людзей, якія дапамагаюць іншым, рабіць гэта, гледзячы ім у вочы, не баючыся дакрануцца да чалавека, каб жэст дапамогі быў таксама жэстам адносін. Бо і мы патрабуем прыняцця з іх боку. Жэст пяшчоты, жэст спагады... Я пытаюся ў вас: калі вы дапамагаеце іншым, вы глядзіце ім у вочы? Ці прымаеце іх, не баючыся дакранацца да іх? Ці прымаеце іх са спагадай? Падумайце аб гэтым, калі дапамагаеце — здалёк або пяшчотна, будучы блізка. Калі зло заразнае, таксама і дабро заражае. Таму неабходна, каб у нас развівалася ўсё больш і больш дабро. Давайце дазволім заразіць сябе дабру і самі заразімся дабром!»
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|