Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Увойдзем без страху ў велікапосную пустыню»
Слова Папы
22.02.2015 17:30

Рашуча ўстаць на шлях Езуса, які вядзе да жыцця, – заклік першай нядзелі Вялікага посту, адзначыў Папа Францішак 22 лютага перад малітвай “Анёл Панскі”, звяртаючыся да вернікаў, сабраных на галоўнай ватыканскай плошчы.

“У мінулую сераду абрадам пасыпання попелам пачаўся Вялікі пост, і сёння першая нядзеля гэтага літургічнага перыяду, які нагадвае пра сорак дзён, праведзеных Езусам у пустыні, пасля хросту ў рацэ Ярдан. Святы Марк кажа ў сённяшнім Евангеллі: “Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму” (Мк 1, 12-13). Гэтымі беднымі словамі евангеліст апісаў выпрабаванне, якое Езус добраахвотна прыняў, перш чым пачаць выкананне сваёй месіянскай місіі. Гэта выпрабаванне, з якога Езус выйшаў пераможцам і якое падрыхтавала Яго да абвяшчэння Евангелля Валадарства Божага. Ён на працягу гэтых сарака дзён адзіноты сустрэўся з сатаной “целам да цела”, раскрыў яго спакусы і перамог яго. У Ім перамаглі ўсе мы. Ад нас патрабуецца бараніць гэтую перамогу ў штодзённасці.

Касцёл нагадвае пра гэтую таямніцу на пачатку Вялікага посту, каб акрэсліць для нас перспектыву і сэнс гэтага часу, які з’яўляецца часам барацьбы – падчас Вялікага посту мы пакліканы змагацца, – часам духоўнай барацьбы са злом. Праходзячы праз велікапосную “пустыню”, мы трымаем позірк на Пасхе, якая з’яўляецца канчатковай перамогай Езуса над злым, над грахом і смерцю. Гэта значэнне першай нядзелі Вялікага посту: рашуча ўстаць на шлях Езуса – шлях, які вядзе да жыцця. Глядзець на тое, што рабіў Езус, і ісці з Ім.

Гэты шлях Езуса ідзе праз пустыню. Пустыня – гэта месца, дзе можна чуць голас Бога і голас спакусіцеля. Пасярод шуму і хаосу гэта зрабіць немагчыма; чуюцца толькі павярхоўныя галасы. Але ў пустыні мы можам сысці на глыбіню, дзе па-сапраўднаму вырашаецца наш лёс, жыццё або смерць. А як мы можам пачуць голас Божы? У Яго слове. Таму важна быць знаёмымі са Святым Пісаннем, бо інакш не будзем ведаць, як адказаць на пасткі злога. І тут я хачу нагадаць пра маю параду, якая тычыцца штодзённага чытання Евангелля: чытаць Евангелле кожны дзень, разважаць над ім – крыху, прынамсі дзесяць хвілін – і заўсёды насіць з сабой: у кішэні, у сумцы. Заўсёды мець Евангелле пад рукой. Велікапосная пустыня дапамагае нам сказаць “не” марнасці, “ідалам”, дапамагае прымаць адважныя рашэнні, адпаведныя Евангеллю, і ўмацоўваць салідарнасць з братамі.

Таму ўвойдзем у пустыню без страху, бо мы не адны: з намі Езус, Айцец і Святы Дух. Больш за тое, як і ў выпадку Езуса, менавіта Святы Дух вядзе нас па велікапосным шляху – той самы Дух, які сышоў на Езуса і які быў нам падараваны падчас хросту. Вялікі пост, такім чынам, - гэта спрыяльны час, які павінен весці нас да ўсё большага разумення таго, наколькі Святы Дух, атрыманы ў хросце, дзейнічае і можа дзейнічаць у нас. Напрыканцы велікапоснага шляху, у Пасхальную вігілію, мы зможам з большай свядомасцю абнавіць запавет, заключаны падчас хросту, і абавязкі, якія ён прадугледжвае. Святая Панна, прыклад паслухмянасці Духу, які жадае ўчыніць з нас “новыя стварэнні”, няхай дапаможа адкрыцца на Яго кіраўніцтва”, – сказаў Папа Францішак.

Перад малітвай Пантыфік нагадаў, што 22 лютага пачынаюцца велікапосныя духоўныя практыкаванні, у якіх ён прыме ўдзел разам з супрацоўнікамі Рымскай Курыі. Папа даверыў гэты час апецы Маці Божай і папрасіў вернікаў падтрымліваць яго малітоўна.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.