Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Шлях Езуса заўсёды вядзе нас да шчасця»
Слова Папы
02.03.2015 12:05

«Слухайце Езуса. Ён Збаўца: ідзіце за Ім», — заклікаў Папа Францішак вернікаў у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 1 сакавіка. Святы Айцец адзначыў, што шлях Езуса заўсёды прыводзіць да шчасця.

«У мінулую нядзелю літургія ўспамінала Езуса, спакушанага сатаной y пустыні, які, аднак, перамог гэтыя спакусы. У святле гэтага Евангелля мы зноў ўсвядомілі нашу годнасць, але таксама і перамогу над злом, якое прапаноўваецца тым, хто ўздымае шлях навяртання і так, як Езус, жадае чыніць волю Айца. У гэтую другую нядзелю Вялікага посту Касцёл указвае нам мэту гэтага падарожжа навяртання — менавіта ўдзел у славе Хрыста, якая ззяе на абліччы Пакорнага слугі, які дзеля нас памёр і ўваскрос.

Евангелле расказвае пра падзею Перамянення Пана, якая з’яўляецца кульмінацыяй публічнай дзейнасці Езуса. Ён знаходзіцца на дарозе ў Ерузалем, дзе здзяйсняюцца прароцтвы “Слугі Божага” і  Яго адкупленчая ахвяра. Натоўпы гэтага не разумелі.  Адносна перспектывы такога Месіі, які кантрастуе з іх зямнымі чаканнямі, яны пакінулі Яго. Яны думалі, што Месія вызваліць іх з-пад рымскага панавання, вызваліць іх бацькаўшчыну, а перспектыва, якую паказвае ім Езус, не падабаецца, яны пакідаюць Яго. Нават апосталы не разумелі словаў, з якімі Езус аб’яўляе вынікі сваёй місіі ў хвалебнай пакуце. Не зразумелі. Таму Езус вырашыў паказаць Пятру, Якубу і Яну прадказанне сваёй хвалы, якая наступіць пасля ўваскрасення, каб умацаваць іх у веры і заклікаць пайсці за Ім шляхам Крыжа.

На высокай гары, пагружаны ў малітву, Ён перамяняецца перад імі: Яго твар і ўся Яго асоба выпраменьваюць яркае святло. Трое вучняў баяцца, калі з’явілася перад імі воблака і з вышыні пачуўся, як падчас хросту ў Ярдане, голас Айца: “Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце” (Мк 9, 7).  Езус — гэта Сын, які стаў Слугою, быў пасланы ў свет, каб рэалізаваць праз Крыж план збаўлення, каб нас усіх збавіць. Яго поўная паслухмянасць волі Айца робіць Яго чалавечнасць празрыстаю для славы Бога, які з’яўляецца Любоўю.

Езус паказвае сябе як дасканалую ікону Айца, ззянне Яго славы. Гэта выкананне аб’яўлення. Таму побач з перамененым Хрыстом з’явіліся Майсей і Ілля, якія прадстаўляюць Закон і Прарокаў. Гэта азначае, што ўсё пачынаецца і заканчваецца ў Езусе, у Яго пакуце і ў Яго хвале.
Пасланне да вучняў і да нас наступнае: “Слухаць Яго”. Слухайце Езуса. Ён Збаўца. Ідзіце за Ім. Слухаць Хрыста на самой справе ўключае ў сябе прыняцце яго Пасхальнай Таямніцы, стаць на шляху з Ім, каб зрабіць са свайго жыцця дар любові да іншых: у пакорнай паслухмянасці волі Бога, у стаўленні аддалення ад мірскіх рэчаў і ва ўнутранай свабодзе.

Трэба, іншымі словамі, быць гатовымі “загубіць жыццё сваё” ( Мк 8, 35), аддаючы яго, каб усе людзі былі збаўленымі і каб мы сустрэліся ў шчаслівай вечнасці. Шлях Езуса заўсёды вядзе да шчасця. Не забывайце пра гэта: шлях Езуса заўсёды вядзе нас да шчасця, на дарозе будзе крыж, выпрабаванні, але ў канцы заўсёды дае нам шчасце. Езус нас не падманвае. Абяцаў нам шчасце і адорыць нас ім, калі пойдзем Яго шляхамі.

Разам з Пятром, Якубам і Янам сёння ўступаем і мы на гару Перамянення і спыняемся ў сузіранні аблічча Езуса, каб прыняць Яго пасланне і перавесці яго ў нашае жыццё, каб таксама і мы змаглі быць перамененымі Любоўю. Сапраўды, любоў можа перамяніць усё. Любоў перамяняе ўсё. Ці верыце ў гэта? Ці верыце, што Любоў перамяняе ўсё? Няхай на гэтым шляху падтрымлівае нас Панна Марыя, да якой зараз звяртаемся з малітвай “Анёл Панскі”», — сказаў Святы Айцец падчас сваіх разважанняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.