Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Бізун Езуса — гэта Яго міласэрнасць»
Слова Папы
09.03.2015 14:44

Дазволіць Хрысту «прыбраць» у сэрцах і выгнаць разнастайных ідалаў, якія знайшлі ў нас свой прыстанак, заклікаў Папа Францішак 8 сакавіка ў сваіх разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі».

«Сённяшняе Евангелле гаворыць нам пра выгнанне гандляроў са святыні. “І зрабіў Ён біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў” (Ян 2, 15), грошы, усё. Гэты акт выклікаў моцнае ўражанне ў людзей і вучняў. Вядома, ён уявіўся як прароцкі жэст настолькі, што некаторыя з прысутных спыталіся ў Езуса: “Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?” (в. 18), хто Ты, каб рабіць такія рэчы; пакажы нам нейкі знак, што маеш права рабіць гэта. Яны жадалі Божага знаку, цудоўнага, які б пацвердзіў Езуса ў якасці Божага пасланца. І сказаў ім: “Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе” (в. 19). Яны адказалі яму: “Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?” (в. 20). Яны не зразумелі, што Пан казаў аб жывой святыні цела свайго, якая будзе знішчана падчас смерці на крыжы, але ўваскрэсне на трэці дзень – адсюль гэтыя тры дні. Евангеліст кажа: “І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус” (в. 22).

На самой справе гэты ўчынак Езуса і Яго прарочае пасланне могуць быць цалкам зразуметы ў святле Пасхі. Па словах св. Яна, мы маем тут першую аб’яву смерці і ўваскрасення Хрыста: Яго цела, знішчанае на крыжы ў выніку гвалту граху, ва ўваскрасенні становіцца месцам усеагульнай сустрэчы паміж Богам і людзьмі. Гэта ўваскрослы Хрыстус з’яўляецца месцам паўсюднага спаткання ўсіх, паміж Богам і людзьмі. Па гэтай прычыне Яго чалавецтва з’яўляецца сапраўднай святыняй, у якой Бог аб’яўляе сябе, размаўляе, дазваляе сустрэцца. А сапраўдныя слугі Бога з’яўляюцца не захавальнікамі святыні матэрыяльнай, тымі, хто мае ўладу і рэлігійныя веды, але асобамі, якія ўшаноўваюць Бога “ў Духу і праўдзе” (Ян 4, 23).

У гэты час Вялікага посту мы рыхтуемся да святкавання Вялікадня, калі адновім абяцанні нашага хросту. Мы ідзем па свеце, як Езус, і робім усёй нашай істотай знак Яго любові да нашых братоў, асабліва слабых і бедных, мы будуем Божую святыню ў нашым жыцці. Такім чынам мы дапамагаем шматлікім людзям, з якімі сутыкаемся на нашым шляху, сустрэцца з Ім. Калі мы – сведкі Хрыста жывога, многія людзі сустрэнуцца з Езусам у нас, у нашым сведчанні. Але – спытаем сябе, і кожны з нас можа задаць сабе пытанне: ці Пан сапраўды адчувае сябе ў нашым жыцці дома? Ці дазваляем мы Яму “прыбраць” у нашым сэрцы і выгнаць адтуль ідалаў: юрлівасць, зайздрасць, рэўнасць, мірскі падыход, нянавісць, варожасць, плёткі і ліхаслоўе адносна іншых? Ці дазваляем мы Яму “прыбраць” усе паводзіны супраць Бога, нашага бліжняга і сябе, аб якіх мы пачулі сёння ў першым чытанні? Кожны можа адказаць сабе сам, у цішыні свайго сэрца. Ці дазваляю я, каб Езус крыху “прыбраў” у маім сэрцы? Ці, можа, - ойча, я баюся, што мяне паб’е! Але Езус ніколі не б’е. Ён “прыбярэ” асцярожна, з міласэрнасцю, з любоўю. Міласэрнасць – гэта Яго спосаб навядзення парадку. Няхай кожны з нас дазволіць, каб Пан увайшоў са сваёй міласэрнасцю, а не з бізуном, каб зрабіць парадак у нашых сэрцах. Бізун Езуса для нас – гэта Яго міласэрнасць. Давайце адкрыем дзверы для Яго, каб Ён там крыху “прыбраў”.

Кожная Эўхарыстыя, якую мы цэлебруем з верай, дапамагае нам расці ў якасці жывой святыні Пана, праз камунію з Яго Целам, укрыжаваным і ўваскрослым. Езус ведае, што ёсць у кожным з нас, і ведае таксама наша самае пякучае жаданне: каб у нас жыў толькі Ён. Дазволім жа Яму ўвайсці ў наша жыццё, у нашы сем’і, у нашы сэрцы. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, прывілеяванае жытло Сына Божага, суправаджае і падтрымлівае нас на велікапосным шляху, каб мы маглі нанова адкрыць для сябе прыгажосць сустрэчы з Хрыстом, які з’яўляецца адзіным, хто нас вызваляе і збаўляе», — сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў падчас Вялікага посту быць бліжэй да людзей, якія праходзяць праз цяжкія моманты жыцця.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.