Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Мы хочам убачыць Езуса” – словы, якія выходзяць за рамкі канкрэтнага здарэння
Слова Папы
22.03.2015 21:39

У разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 22 сакавіка, каментуючы словы з Евангелля “Мы хочам убачыць Езуса”, Папа Францішак адзначыў, што яны выяўляюць жаданне, якое выходзіць за рамкі розных эпох і культур, прысутнічае ў сэрцах многіх людзей, якія чулі пра Хрыста, але яшчэ Яго не сустрэлі.

“У гэтую пятую нядзелю Вялікага посту евангеліст Ян звяртае нашу ўвагу на цікавую дэталь: некаторыя “грэкі”, якія вызнавалі юдаізм, прыбылі ў Ерузалем на свята Пасхі, звяртаюцца да апостала Філіпа з наступнымі словамі: “Мы хочам убачыць Езуса” ( Ян 12, 21). У Святым горадзе, у які Езус накіроўваецца апошні раз, было шмат народу. Былі дзеці і простыя людзі, якія ўрачыста прывіталі прарока з Назарэта, бачачы ў Ім Пасланніка Бога. Былі прысутнымі таксама першасвятары і кіраўнікі народу, якія хочуць Яго забіць таму, што лічаць Яго ерэтыком і небяспечным чалавекам. Былі таксама прысутнымі людзі, як гэтыя “грэкі”, якім было цікава ўбачыць Яго і даведацца больш пра Яго асобу і яго здзейсненыя ўчынкі, апошні з якіх – уваскрашэнне Лазара – зрабіў сапраўдны перапалох.

“Мы хочам убачыць Езуса”: гэтыя словы, як многія іншыя ў Евангеллях, выходзяць за рамкі канкрэтнага здарэння і выражаюць штосьці ўніверсальнае; выяўляюць жаданне, якое выходзіць за рамкі розных эпох і культуры, жаданне, якое прысутнае ў сэрцах шматлікіх людзей, якія чулі пра Хрыста, але яшчэ Яго не сустрэлі. Хочуць убачыць Езуса. Так кажа сэрца гэтых людзей.

Езус, адказваючы ўскосна, прарочым спосабам, на гэтае запатрабаванне, каб Яго ўбачыць, прамаўляе прароцтва, якое паказвае Яго ідэнтычнасць і ўказвае шлях, на якім сапраўды можна Яго пазнаць: “Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы”( Ян 12, 23).  Гэта гадзіна Крыжа!  Гэта гадзіна паразы сатаны, князя зла і канчатковай перамогі міласэрнай любові Бога. Хрыстус заявіў, што будзе: “узняты над зямлёю” (Ян 12, 32), выражэнне, якое мае двайны сэнс: “узняты”, таму што будзе ўкрыжаваны, і “ўзняты”, таму што будзе ўслаўлены Айцом ва Уваскрасенні, каб прыцягнуць усіх да сябе і прымірыць людзей з Богам і паміж імі. Гадзіна Крыжа, самая цёмная ў гісторыі, - гэта таксама крыніца збаўлення для тых, хто верыць у Яго.

Працягваючы прароцтва аб сваім ужо вельмі блізкім пасхальным здарэнні, Езус выкарыстоўвае просты і эфектыўны вобраз: “пшанічнага зерня”, якое, упаўшы ў зямлю, памірае, каб прынесці багаты плён (Ян 12, 24). У гэтай выяве мы знаходзім яшчэ адзін аспект Крыжа Хрыста: аспект урадлівасці. Смерць Езуса, сапраўды, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай новага жыцця, таму што нясе ў сабе аднаўляючую сілу любові Бога. Хрысціяне, занураныя ў гэтую любоў падчас хросту, могуць станавіцца “пшанічным зернем” і прыносіць багаты плён, калі, як Езус, “загубяць сваё жыццё” дзеля любові да Бога і братоў (Ян 12, 25).

Таму тым, якія таксама і сёння “хочуць убачыць Езуса”, тым, якія шукаюць аблічча Бога, тым, якія атрымалі катэхезу ў дзяцінстве і затым не паглыбілі яе; магчыма, страцілі веру;  тым, якія яшчэ не сустрэлі Езуса асабіста... усім гэтым людзям мы можам прапаноўваць тры рэчы: Евангелле, крыж і сведчанне нашай веры, убогай, але шчырай. Евангелле: у ім мы можам сустрэць Езуса, слухаць Яго і пазнаёміцца з Ім. Крыж: гэта знак любові Езуса, які аддаў сябе самога за нас. І нарэшце вера, якая выяўляецца ў простых жэстах братэрскай любові.

Але ў асноўным ва ўзгодненасці жыцця паміж тым, што мы гаворым, і тым, чым мы жывем, узгодненасці паміж нашай верай і нашым жыццём, паміж нашымі словамі і нашымі дзеяннямі. Евангелле, крыж, сведчанне. Няхай Маці Божая дапамагае нам несці гэтыя тры рэчы”, - сказаў Папа.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Пантыфік нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца, па ініцыятыве ААН, Сусветны дзень вады. Вада, адзначыў Папа, з'яўляецца найбольш важным элементам для жыцця, і ад нашай здольнасці ахоўваць яе і дзяліцца ёю залежыць будучыня чалавецтва. Святы Айцец заклікаў міжнародную супольнасць да кантролю, каб вада планеты была належным чынам ахоўвана і каб ніхто не быў выключаны і дыскрымінаваны ў выкарыстанні гэтага дабра, якое з'яўляецца агульным дабром усіх.

Таксама Пантыфік заклікаў да частага чытання Евангелля. Яго кішэнныя копіі змог атрымаць кожны з вернікаў, які прыйшоў на плошчу св. Пятра, каб памаліцца разам з Папам. Кішэнныя кнігі былі раздадзены бяздомнымі Вечнага Горада. Ініцыятарам ініцыятывы стаў сам Пантыфік, які прызнаў, што менавіта найбольш патрабуючыя даюць іншым Божае Слова. Святы Айцец заклікаў сабраных на плошчы штодзённа чытаць хаця б адзін фрагмент Евангелля. “Гэта зробіць вам добра”, - запэўніў вернікаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.