Увайсці ў таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, а не абмяжоўвацца толькі ўспамінам пра яе, заклікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 1 красавіка. Катэхезу Пантыфік прысвяціў значэнню Святога Пасхальнага Трыдуума, які пачнецца 2 красавіка – у Вялікі чацвер – Імшой Вячэры Пана.
Папа нагадаў, што напярэдадні сваёй мукі Езус ахвяраваў Айцу сваё Цела і Кроў пад выглядам хлеба і віна і, даючы яго ў якасці пажытку апосталам, загадаў ім здзяйсняць гэту ахвяру на Яго памяць. Францішак заўважыў, што Евангелле прадстаўляе значэнне Эўхарыстыі і з іншай перспектывы. “Езус, як слуга, абмыў ногі Сымону Пятру і іншым адзінаццаці вучням. Гэтым прароцкім жэстам Ён выразіў сэнс свайго жыцця і мукі, як служэння Богу і братам: “Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць”.
“Так адбылося таксама і падчас нашага хросту, калі ласка Бога абмыла нас з граху і апранула ў Хрыста. Так адбываецца кожны раз, калі ўшаноўваем Пана ў Эўхарыстыі: ствараем адзінства з Хрыстом Слугой, каб быць паслухмянымі Яго запаведзі любіць, як Ён нас палюбіў. Калі прыступаем да святой Камуніі, не будучы шчыра гатовымі абмыць ногі адзін аднаму – не шануем Цела Пана”, - сказаў Папа.
Гаворачы аб сэнсе Вялікай пятніцы, Пантыфік звярнуў увагу на значэнне апошняга слова, прамоўленага паміраючым на крыжы Езусам: “Здзейснілася!” Яно азначае, што здзейснілася справа збаўлення, што ўсё Святое Пісанне знайшло сваё спаўненне ў любові Хрыста, Ягнятка, асуджанага на закланне. “Езус сваёй Ахвярай перамяніў самае вялікае беззаконне ў самую вялікую любоў”, - заўважыў Святы Айцец.
“На працягу стагоддзяў існавалі мужчыны і жанчыны, якія сведчаннем свайго жыцця адлюстроўвалі гэту дасканалую, поўную, чыстую любоў. Мне прыемна ўзгадаць пра гераічнага сведку нашых дзён, кс. Андрэа Сантора, святара Рымскай дыяцэзіі і місіянера ў Турцыі. За некалькі дзён да таго, як быў забіты ў Трабзоне, ён пісаў: “Я тут, каб жыць сярод гэтых людзей і дазволіць Езусу рабіць гэта, пазычаючы Яму маё цела... Мы становімся здольнымі збаўляць, толькі ахвяруючы ўласнае цела. Зло свету трэба пераносіць, а боль раздзяляць, беручы іх на сябе аж да канца, як учыніў Езус”. Гэты прыклад – прыклад гэтага чалавека нашага часу, як і многіх іншых, няхай нас падтрымлівае ў ахвяраванні ўласнага жыцця, як дару любові братам, на падабенства Езуса”, - сказаў Папа.
У Вялікую суботу Касцёл становіцца падобным да Марыі, якая трымала запаленай лампу веры, спадзеючыся на ўваскрасенне Езуса насуперак усяму, а ў Пасхальную вігілію – Касцёл чувае, поўны надзеі, у чаканні Яго вяртання, падкрэсліў Пантыфік.
“Часам цемра ночы, здаецца, пранізвае душу; часам мы думаем: “на жаль, больш нічога не зробіш”, і сэрца больш не знаходзіць сілы, каб любіць. Але менавіта ў гэтай цемры Хрыстус запальвае полымя любові Божай: асляпляльнае ззянне знішчае цемру і абвяшчае новы пачатак, штосьці пачынаецца ў глыбокай цемры. Мы ведаем, што найбольш цёмнай ноч бывае перад самым пачаткам дня. Менавіта ў гэтай цемры Хрыстус перамагае і запальвае полымя любові. Адсунуты камень болю вызваляе прастору надзеі. Гэта вялікая таямніца Пасхі! У гэтую святую ноч Касцёл атрымлівае святло Уваскрослага, каб у нас не было смутку, уласцівага тым, хто кажа “на жаль”, але каб была надзея тых, хто адкрываецца на цяперашняе, поўнае надзеі: Хрыстус перамог смерць і Ён з намі. Наша жыццё не заканчваецца перад магільным камнем – яно сягае далей, з надзеяй на Хрыста, які ўваскрос менавіта ў гэтай магіле. Як хрысціяне мы пакліканы быць вартаўнікамі світанку, здольнымі заўважаць знакі Уваскрослага, як чынілі жанчыны і вучні, што прыбеглі да магілы раніцай першага дня тыдня”, - сказаў Папа.
На заканчэнне аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што 2 красавіка Касцёл будзе ўспамнаць дзясятую гадавіну смерці Яна Паўла ІІ. Па традыцыі звяртаючыся да моладзі, хворых і маладых сужэнцаў, Папа пажадаў жыць з уласцівым гэтаму святому энтузіязмам, наследаваць яго прыклад у перанясенні пакут і, як ён, заўсёды ставіць Бога ў цэнтр адносін.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|