Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа падчас Імшы Хрызмы пра стомленасць святароў
Слова Папы
02.04.2015 14:24

2 красавіка ў ватыканскай базыліцы Папа Францішак узначаліў святую Імшу Хрызму. Цэнтральнай тэмай гаміліі Пантыфіка была святарская стомленасць і спосабы яе пераадолення.

Па словах Святога Айца, Пан турбуецца пра тое, каб дапамагчы святарам, бо ведае, што іх заданне – намашчаць верны народ – цяжкое; яно выклікае стому і абцяжаранасць.

“Стомленасць святароў! Ведаеце, колькі разоў я думаю аб ёй: аб стомленасці ўсіх нас. Я думаю аб нас часта і пастаянна малюся, асабліва калі бываю стомлены сам. Малюся за вас, якія працуеце сярод вернага народу Божага, які быў вам давераны ў шматлікіх месцах, вельмі пакінутых і небяспечных. І наша стомленасць, дарагія святары, падобна да ладану, які ціха ўздымаецца ў неба. Наша стомленасць сягае прама ў сэрца Айца”, - адзначыў Пантыфік.  

Папа заўважыў, што нярэдка ў святароў узнікае спакуса адпачываць так, нібыта адпачынак – гэта не Божая справа. Але плённасць іх працы залежыць менавіта ад формы іх адпачынку. Каб навучыцца адпачываць добра, святарам трэба памятаць, што яны і самі з’яўляюцца авечкамі.

“Нам могуць дапамагчы некаторыя пытанні ў сувязі з гэтым. Ці ўмею я адпачываць, прымаючы любоў, бескарыслівасць і сардэчнасць, якой мяне адорвае верны народ Божы? Або пасля пастырскай працы шукаю больш вытанчанага адпачынку – не адпачынку бедных людзей, а таго, які прапануе спажывецкае грамадства? Ці Святы Дух сапраўды з’яўляецца для мяне “адпачынкам у працы”, ці толькі Тым, які прымушае працаваць? Ці ўмею прасіць дапамогі ў мудрых святароў? Ці здольны адпачываць ад самога сябе, ад сваіх патрабаванняў да сябе, самазадаволенасці, заклапочанасці самім сабой?” - сказаў Папа.

Пантыфік дадаў, што жыццё святароў – складанае, іх сэрца напоўнена праблемамі, пакутамі і радасцямі вернікаў; здаецца нават, што яно спажываецца імі, паводле словаў Хрыста: бярыце і ешце, бярыце і піце.

Папа звярнуў увагу на розныя прычыны святарскай стомленасці. Першая з іх – пастаянная прысутнасць сярод людзей. “Народ Божы не пакідае нас без непасрэднай працы, калі толькі не хаваемся ў сваім офісе і не перамяшчаемся па горадзе з зацямнёнымі вокнамі. Гэта стомленасць добрая, здаровая. Гэта стомленасць святара, які пахне сваімі авечкамі, але які з усмешкай бацькі сузірае сваіх дзяцей ці ўнукаў. Нічога супольнага з тымі, хто знаёмы з дарагімі водарамі і глядзіць на цябе здалёк і з вышыні. Мы – сябры Жаніха, і ў гэтым наша радасць. Калі Езус пасвіць сваіх авечак сярод нас – не можам быць пастырамі з поснымі тварамі, наракаючымі, або – яшчэ горш – зануднымі пастырамі. Запах авечак і ўсмешка бацькаў... ”, - сказаў Папа.

Іншай прычынай святарскай стомленасці Святы Айцец назваў дзейнасць злога, які заўсёды спрабуе знішчыць тое, што было з цяжкасцю пабудавана. Пантыфік заклікаў святароў не лічыць сябе “супермэнамі”, прэтэндуючымі абараніць тое, што толькі Пан павінен бараніць, але шукаць адпачынку ў даверы Богу.

Самая небяспечная стомленасць, на думку Папы, выклікаецца засяроджанасцю на саміх сябе. Яна нараджаецца з ілюзорнага жадання лічыць сябе кімсьці, кім святар не з’яўляецца. Пантыфік параўнаў такую стому з “фліртаваннем з духоўнасцю гэтага часу”. Гэта – кепская стомленасць, адпачынак ад якой можа даць толькі адзін сродак – любоў. “Тое, чаго не любіш – стамляе, а ў доўгатэрміновай перспектыве – стамляе кепска”, - сказаў Папа.

На заканчэнне гаміліі Святы Айцец нагадаў святарам, што сам Езус абмывае ім ногі, каб адчувалі, што маюць права быць радаснымі, напоўненымі, без страху і пачуцця віны. Дзякуючы гэтаму яны могуць мець адвагу ісці на край свету і ўсе перыферыі, каб несці Добрую Навіну самым пакінутым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.