Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак звярнуўся з пасланнем перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”
Слова Папы
05.04.2015 17:12

Асуджэнне культуры суперніцтва, пажаданне міру для Украіны, Блізкага Усходу і Афрыкі, лёс ахвяраў гандляроў наркотыкамі і свету, падпарадкаванага гандлярам зброяй – гэтыя тэмы былі цэнтральнымі ў пасланні, з якім Папа Францішак звярнуўся 5 красавіка перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”.

“Дарагія браты і сёстры! Шчаслівай Пасхі! Хрыстус уваскрос! – прывітаў вернікаў Пантыфік. – Любоў перамагла нянавісць, жыццё перамагло смерць, святло прагнала цемру! Езус Хрыстус з любові да нас пазбавіўся сваёй Боскай хвалы; спустошыў самога сябе, прыняў постаць слугі і прынізіўся аж да смерці, смерці крыжовай. За гэта Бог узвысіў Яго і ўчыніў Панам сусвету. Езус – Пан!

Праз сваю смерць і ўваскрасенне Езус указвае ўсім нам шлях жыцця і шчасця: гэтым шляхам з’яўляецца пакора, з якой вынікае прыніжэнне. Гэта шлях, які вядзе да хвалы. Толькі той, хто прыніжае сябе, можа прыйсці да Таго, хто “ў вышынях”, да Бога (пар. Кал 3, 1-4). Пыхлівы чалавек глядзіць “зверху ўніз”, а пакорны глядзіць “знізу ўверх”.

У пасхальную раніцу Пётр і Ян, папярэджаныя жанчынамі, пабеглі да магілы і ўбачылі яе адкрытай і пустой. Тады яны падыйшлі бліжэй і “пахіліліся”, каб увайсці ў магілу. Каб увайсці ў таямніцу, трэба “пахіліцца”, прынізіцца. Толькі той, хто можа прынізіцца, разумее ўхваленне Езуса і можа ісці за Ім па гэтым шляху.

Свет прапануе сцвярджацца любым коштам, супернічаць, прымушаць сабе цаніць... Але хрысціяне, дзякуючы ласцы Хрыста, які памёр і ўваскрос, з’яўляюцца парасткамі іншай чалавечнасці, у якой намагаемся жыць, служачы адзін аднаму, не быць фанабэрыстымі, але адкрытымі і паважлівымі.

Гэта – не слабасць, але сапраўдная сіла! Хто носіць у сабе сілу Божую, Яго любоў і справядлівасць, не мае патрэбы ў карыстанні насіллем, але прамаўляе і дзейнічае з моцай праўды, прыгажосці і любові.

Папросім Уваскрослага Пана сёння аб ласцы, каб не ўпасці ў пыху, якая нараджае насілле і войны, але мець пакорную адвагу прабачэння і міру. Папросім пераможнага Езуса аблегчыць пакуты многіх нашых братоў, якіх пераследуюць за Яго імя, як і ўсіх тых, якія несправядліва церпяць ад наступстваў трываючых канфліктаў і войнаў. Іх шмат!

Папросім аб міры, перш за ўсё для Сірыі і Ірака, каб сціх грукат зброі і зноў усталяваліся добрыя адносіны паміж рознымі групамі, якія насяляюць гэтыя ўмілаваныя краіны. Няхай міжнародная супольнасць не застаецца інертнай перад абліччам велізарнай гуманітарнай трагедыі гэтых краін і драмай шматлікіх бежанцаў.

Папросім аб міры для ўсіх жыхароў Святой Зямлі. Няхай паміж ізраільцянамі і палесцінцамі развіваецца культура сустрэчы і адновіцца мірны працэс, каб пакласці канец гадам пакутаў і падзелаў.

Папросім аб міры для Лівіі, каб спынілася трываючае абсурднае кровапраліццё і варварскае насілле, а тыя, каму дарагі лёс краіны, прынялі меры на карысць прымірэння і будавання братэрскага грамадства, якое будзе паважаць чалавечую годнасць. Таксама пажадаем, каб у Емене перамагло супольнае жаданне прымірэння дзеля дабра ўсяго народа.

Адначасова з надзеяй даверым вельмі міласэрнаму Пану згоду, дасягнутую ў мінулыя дні ў Лазане, каб стала вызначальным крокам у напрамку да больш бяспечнага і братэрскага свету.

Папросім Уваскрослага Пана аб дары міру для Нігерыі, Паўднёвага Судана і розных рэгіёнаў Судана, для Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Няхай узносіцца няспынная малітва ўсіх людзей добрай волі за тых, хто згубіў жыццё – думаю асабліва пра моладзь, забітую ў мінулы чацвер ва ўніверсітэце Гарысы ў Кеніі, – за тых, хто быў выкрадзены, хто быў вымушаны пакінуць свой дом і сваіх блізкіх.

Няхай уваскрасенне Пана прынясе святло ўмілаванай Украіне, асабліва тым, каго закранула насілле канфлікту апошніх месяцаў. Няхай краіна знойдзе мір і надзею дзякуючы стараннасці ўсіх зацікаўленых бакоў.

Папросім аб міры і свабодзе для шматлікіх мужчын і жанчын, якія былі падвергнуты новым і старым формам рабства з боку асобаў і крымінальных арганізацый. Міру і свабоды для ахвяр гандляроў наркотыкамі, часта звязаных з уладамі, якія павінны бараніць мір і гармонію чалавечай сям’і. Папросім аб міры для гэтага свету, падпарадкаванага гандлярам зброяй.

Няхай людзей маргіналізаваных, зняволеных, бедных і мігрантаў, якія часта з’яўляюцца бежанцамі, якія сустракаюць кепскія адносіны і выкідаюцца на ўзбочыну; хворых і пакутуючых; дзяцей, асабліва тых, якія падвяргаюцца насіллю; тых, хто сёння ў жалобе; усіх мужчын і жачнчы добрай волі дасягне суцяшаючы голас Пана Езуса: “Спакой вам!” (Лк 24, 36). “Не бойцеся, Я ўваскрос і буду заўсёды з вамі” (пар. Рымскі Імшал. Антыфона на ўваход у дзень Пасхі)”.

Пасля гэтага Папа прывітаў вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, і тых, хто сачыў за трансляцыяй з яе дзякуючы сродкам камунікацыі. “Нясіце ў вашыя дамы і ўсім, каго сустракаеце на шляху, радасную навіну аб тым, што Пан жыцця ўваскрос і прынёс з Сабой любоў, справядлівасць, павагу і прабачэнне!” - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.