Вера ва ўваскрасенне Езуса і надзея, якую Ён прынёс, – гэта самы цудоўны дар, якім хрысціяне могуць і павінны дзяліцца з іншымі людзьмі, сказаў Папа Францішак перад малітвай “Уладарка неба” 6 красавіка, у велікодны панядзелак, на плошчы св. Пятра.
“У гэты панядзелак пасля Пасхі Евангелле (пар. Мц 28, 8-15) прадстаўляе нам апавяданне пра жанчын, якія прыйшлі да магілы Езуса, знайшлі яе пустой і ўбачылі анёла, які абвясціў ім, што Ён уваскрос, – нагадаў Пантыфік.
У той час як яны беглі, каб прынесці навіну вучням, сустрэлі самога Езуса, які сказаў: “Ідзіце, паведамце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць” (10). Галілея – гэта “перыферыя” з якой Езус пачаў сваё прапаведванне; і туды накіравалася Евангелле Уваскрасення, каб быць абвешчаным усім і каб кожны мог сустрэць Яго – Уваскрослага, які прысутнічае і дзейнічае ў гісторыі. Ён таксама і сёння тут з намі, на плошчы!
Такім чынам, вось яно, абвяшчэнне, якое Касцёл паўтарае з першага дня: “Хрыстус уваскрос!” У Ім, дзякуючы хросту, таксама і мы ўваскрэслі, прайшлі са смерці да жыцця, з рабства граху да свабоды любові. Вось добрая навіна, якую мы пакліканы несці іншым людзям і ва ўсе асяроддзі, натхнёныя Святым Духам. Вера ва ўваскрасенне Езуса і надзея, якую Ён нам прынёс, – гэта самы цудоўны дар, які хрысціянін можа і павінен даць сваім братам. Усім і кожнаму, такім чынам, будзем нястомна паўтараць: Хрыстус уваскрос! Будзем паўтараць гэта словамі, але перш за ўсё сведчаннем нашага жыцця. Радасная навіна Уваскрасення павінна ззяць на нашых абліччах, у нашых пачуццях і паводзінах, у адносінах да іншых.
Мы абвяшчаем уваскрасенне Хрыста, калі Яго святло асвятляе цёмныя моманты нашага існавання і можам дзяліцца ім з іншымі: калі ўмеем смяяцца з тымі, хто смяецца, і плакаць з тымі, хто плача; калі крочым побач з тымі, хто ў смутку і рызыкуе згубіць надзею; калі апавядаем пра наш досвед веры тым, хто шукае сэнсу і шчасця. Нашым сведчаннем, нашымі паводзінамі мы абвяшчаем: Хрыстус уваскрос!
Мы знаходзімся ў перыядзе Актавы Пасхі – васьмі дзён – падчас якога нам спадарожнічае радасная атмасфера Уваскрасення. Цікава, што літургія разглядае ўсю Актаву як адзін дзень, дапамагаючы нам увайсці ў таямніцу, каб яе ласка адбілася на нашым сэрцы і нашым жыцці. Пасха - гэта падзея, якая прынесла радыкальную навіну кожнаму чалавеку, гісторыі і свету: гэта трыумф жыцця над смерцю; гэта свята абуджэння і перараджэння. Дазволім, каб наша існаванне было заваявана і пераменена Уваскрасеннем!
Папросім Панну Марыю, маўклівую сведку смерці і ўваскрасення свайго Сына, умацаваць у нас пасхальную радасць. Зробім гэта праз малітву “Уладарка неба”, якая ў пасхальны час замяняе “Анёл Панскі”. У гэтай малітве, у якой усклікаецца: “Аллелюя”, звяртаемся да Марыі, заклікаючы яе радавацца, бо Той, каго насіла ва ўлонні – уваскрос, як абяцаў, і давяраем сябе Яе заступніцтву. На самой справе наша радасць – гэта адлюстраванне радасці Марыі, таму што гэта Яна захавала і захоўвае веру аб жыцці Езуса. Таму памолімся гэтай малітвай з узрушанасцю сыноў, якія шчаслівыя па прычыне таго, што іх Маці шчаслівая”.
Пасля малітвы Папа пажадаў вернікам радаснага і спакойнага велікоднага тыдня і заклікаў памятаць аб важнасці штодзённага чытання евангельскага ўрыўку, у якім апавядаецца аб уваскрасенні Хрыста.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|