Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: Дзеці ніколі не з’яўляюцца «памылкай»
Слова Папы
08.04.2015 13:17

Дзеці ніколі не з’яўляюцца «памылкай», а адказнасць за іх голад, беднасць, пакінутасць і неадукаванасць ляжыць на дарослых, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 8 красавіка на плошчы св. Пятра. У сваёй чарговай катэхезе з цыклу, прысвечанага сям’і, Пантыфік казаў аб пакутах шматлікіх дзяцей.

«Многія дзеці ад самага пачатку з’яўляюцца нежаданымі, пакінутымі, маюць скрадзенае дзяцінства і будучыню. Нехта адважыцца сказаць, нібыта апраўдваючы сябе, што было памылкова дазваляць ім прыйсці на свет. Гэта ганебна! Прашу вас, не будзем ускладаць на дзяцей нашых правінаў! Дзеці ніколі не з’яўляюцца “памылкай”. Іх голад – гэта не іх памылка, як і іх беднасць, безабароннасць, пакінутасць; а таксама іх неадукаванасць і няздатнасць. Гэта хіба што прычыны, каб любіць іх больш, з большай шчодрасцю. Навошта патрэбны ўрачыстыя дэкларацыі аб правах чалавека і дзіцяці, калі потым караем дзяцей за памылкі дарослых?» — спытаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што адказнасць за дзяцей і за перамену існуючай складанай сітуацыі нясуць усе дарослыя. «Кожнае дзіця, якое маргіналізаванае, пакінутае, якое жыве на вуліцы міласцінай і рознага кшталту хітрасцямі, без школы, без медыцынскага клопату – гэта вокліч, які ўзыходзіць да Бога і асуджае сістэму, якую мы пабудавалі. На жаль, гэтыя дзеці становяцца здабычай злачынцаў, якія выкарыстоўваюць іх у несумленным гандлі і камерцыі або навучаюць вайне і насіллю. Таксама і ў багатых краінах многія дзеці перажываюць драмы, звязаныя з крызісам сям’і, адукацыйнай пустатой і часам нечалавечымі ўмовамі жыцця, якія пакідаюць на іх глыбокі след. У любым выпадку гаворка ідзе пра дзяцей са згвалтаваным целам і душой. Але ніхто з іх не забыты Айцом, які ёсць у Небе! Ніводная іх сляза не можа быць забыта! Як нельга забыць пра нашу адказнасць, сацыяльную адказнасць асобаў і дзяржаў», — адзначыў Пантыфік.

Папа ўзгадаў апавяданне з Евангелля паводле Мацвея (19,13-15), у якім гаворка ідзе пра бацькоў, якія прынеслі да Езуса дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся. Нягледзячы на пярэчанні вучняў, Хрыстус зрабіў гэта, сказаўшы: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Валадарства Нябеснае».

«Які цудоўны гэты давер бацькоў і адказ Езуса! Як бы я хацеў, каб гэта старонка стала звычайнай гісторыяй усіх дзяцей! Гэта праўда, што дзякуючы Богу дзеці з вялікімі цяжкасцямі вельмі часта знаходзяць надзвычайных бацькоў, гатовых да любых ахвяраў і шчодрасці. Але гэтыя бацькі не павінны пакідацца самі! Мы павінны спадарожнічаць ім у цяжкасцях, а таксама дарыць ім моманты супольнай радасці і бесклапотнай весялосці, каб іх не прыгнятала тэрапеўтычная руціна», — сказаў Святы Айцец.

На думку Папы Францішка, у пытаннях, якія тычацца дзяцей, не павінны ўжывацца словы кшталту: «у рэшце рэшт, мы ж не з’яўляемся дабрачыннай структурай» або «нам шкада, не можам нічога зрабіць».

«Вельмі часта на дзяцей выпадаюць наступствы жыцця, зморанага цяжкой працай за малыя грошы, нязносных працоўных графікаў, неэфектыўнага транспарту... Але дзеці расплочваюцца таксама за нясталыя саюзы і безадказныя разводы, першымі ахвярамі якіх становяцца. Яны падвяргаюцца ўздзеянню культуры да крайнасці перабольшаных суб’ектыўных правоў і становяцца потым яе самым скараспелымі дзецьмі. Часта паглынаюць гвалт, які не ў стане “пераварыць”, і на вачах дарослых вымушаны прызвычайвацца да зневажанняў», — сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што Касцёл заўсёды ставіць сваё мацярынства на службу дзецям і іх сем’ям. Святы Айцец прапанаваў уявіць, якім цудоўным магло б быць грамадства, дзе клопат пра дзяцей займаў бы першае месца. Папа перакананы, што такому грамадству можна было б прабачыць многія яго памылкі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.