Аб міласэрнасці Бога, які ва ўваскрослым Езусе дае сябе, каб перамагчы наш недавер, гаварыў Папа Францішак перад малітвай “Уладарка неба” 12 красавіка на плошчы св. Пятра. Святы Айцец прывітаў вернікаў Усходніх Цэркваў, якія ў гэты дзень адзначаюць свята Пасхі.
“Сёння восьмы дзень пасля Вялікадня, і святое Евангелле паводле Яна расказвае нам пра два з’яўленні Уваскрослага Езуса апосталам, якія сабраліся ў Вячэрніку: першы раз вечарам у дзень Пасхі, калі Тамаш адсутнічаў, і затым праз восем дзён, калі Тамаш быў прысутны. Першы раз Пан паказаў вучням раны свайго цела, дыхнуў на іх і сказаў: “Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас” (Ян 20, 21). Перадаў ім сваю місію, з сілай Святога Духа.
Але ў гэты вечар не быў з імі Тамаш, які не хацеў паверыць у сведчанні іншых. “Калі не ўбачу на руках Яго ранаў і не ўкладу пальца свайго ў раны – сказаў – не паверу” ( Ян 20, 25). Праз восем дзён, менавіта так, як сёння, Езус зноў прыйшоў да іх, стаў пасярэдзіне і неадкладна заклікаў Тамаша, каб дакрануўся да Яго ран на руках і боку. Хрыстус выйшаў насустрач яго нявер’ю, таму, каб праз знакі Яго мук змог ён дасягнуць паўнаты пасхальнай веры, гэта значыць веры ва ўваскрасенне Езуса.
Тамаш - гэта чалавек, які не задавальняецца і шукае, хоча ўбачыць на свае вочы, зазнаць свой асабісты вопыт. Пасля першапачатковага супраціву і трывог у рэшце рэшт таксама і ён пачынае верыць, хаця з цяжкасцю, але даходзіць да веры. Езус чакае яго цярпліва і ахвяроўвае сябе на яго цяжкасці і няўпэўненасць, апошняга, які прыбыў. Пан абвяшчае: “Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў” ( Ян 20, 29), і першая з іх - гэта Марыя, Яго Маці, хаця таксама заспакойвае патрэбы няверуючага вучня: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае” ( Ян 20, 27). У збаўчым кантакце з ранамі Уваскрослага Папа Тамаш паказвае свае раны, свой разрыў, сваё прыніжэнне. У знаку ранаў ад цвікоў ён знаходзіць вырашальны доказ таго, што быў любімы, чаканы і зразуметы. Ён апынуўся перад Месіяй, які поўны лагоднасці, міласэрнасці і пяшчотнасці. Гэта быў той Пан, якога шукаў у таямнічых глыбінях сваёй істоты, бо заўсёды ведаў, што такі Бог. Таксама шматлікія з нас у глыбіні сэрца шукаюць сустрэчы з Езусам такім, якім ёсць: лагодным, міласэрным, пяшчотным, бо ў глыбіні сэрца ведаем, што такім Ён ёсць. Наладзіўшы асабісты кантакт з зычлівасцю і цярплівай міласэрнасцю Хрыста, Тамаш зразумеў глыбокі сэнс Яго Уваскрасення і, унутрана пераменены, заяўляе аб сваёй поўнай і абсалютнай веры ў Яго, усклікаючы: “Пан мой і Бог мой!” ( Ян 20, 28).
Ён змог “дакрануцца” да пасхальнай таямніцы, якая поўнасцю паказвае збаўчую любоў Бога, які багаты ў міласэрнасці. Так, як Тамаш таксама і мы ўсе, у гэту другую велікодную нядзелю, пакліканы сузіраць у ранах Уваскрослага Божую Міласэрнасць, якая пераўзыходзіць ўсе чалавечыя абмежаванні і свеціць над цемраю зла і граху. Часам інтэнсіўным і працяглым, каб сабраць велізарныя багацці міласэрнай любові Бога, будзе наступны Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці, якога булу я абвясціў ўчора вечарам у базыліцы св. Пятра. Гэта була пачынаецца словамі "Misericordiae Voltes": Абліччам Міласэрнасці з'яўляецца Езус Хрыстус. Скіруем свой зрок на Яго, таго, які заўсёды чакае нас, шукае нас, прабачае нам. Няхай Панна Марыя дапаможа нам быць міласэрнымі да іншых, так, як Езус ёсць міласэрным да нас”, - сказаў Папа.
Пасля марыйнай малітвы Пантыфік прывітаў вернікаў Усходніх Цэркваў, якія адзначаюць свята Пасхі паводле Юліянскага календара. “Я далучаюся да іх радасці абвешчэння Уваскрослага Хрыста: Christós anésti! Прывітаем нашых усходніх братоў з днём іх Вялікадня, з апладысментамі ўсіх”, - заклікаў вернікаў Папа.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|