Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра змест хрысціянскага сведчання
Слова Папы
19.04.2015 16:13

Аб змесце хрысціянскага сведчання гаварыў Папа Францішак 19 красавіка ў разважаннях перад малітвай “Regina Coeli” ў Ватыкане. Яно, па словах Пантыфіка, не з’яўляецца ні тэорыяй, ні ідэалогіяй, ні складанай сістэмай дазволаў і забарон – гэта вестка збаўлення, канкрэтная падзея і нават Асоба – уваскрослы Хрыстус.

“У біблійных чытаннях сённяшняй літургіі гучыць два разы слова “сведкі”, - нагадаў Папа. - Упершыню яно з’яўляецца на вуснах Пятра, пасля аздараўлення паралізаванага каля брамы Ерузалемскай святыні ён усклікае: “Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі” (Дз 3, 15). У другі раз гучыць з вуснаў уваскрослага Езуса ў вечар свята Пасхі. Ён адкрывае розумы вучняў на таямніцу смерці і ўваскрасення, і кажа ім: “Вы – сведкі гэтага” (Лк 24, 48). Апосталы, якія на ўласныя вочы бачылі ўваскрослага Хрыста, не маглі абысці маўчаннем свой незвычайны досвед. Хрыстус з’явіўся ім, каб ісціна Яго ўваскрасення дасягнула ўсіх праз іх сведчанне. І Касцёл абавязаны працягваць гэту місію ў часе. Кожны ахрышчаны закліканы сведчыць словам і справай, што Езус уваскрос з мёртвых, што Ён жывы і прысутнічае сярод нас. Мы ўсе пакліканыя сведчыць, што Езус жыве!

Мы можам спытаць: хто сведка? Сведка той, хто бачыў, узгадвае і кажа пра гэта. Бачыць, узгадваць і гаварыць – гэта тры дзеясловы, якія апісваюць тоеснасць і місію. Сведка той, хто бачыў, аб’ектыўным, але не абыякавым вокам; бачыў і ўнікнуў у падзею. Таму ўзгадвае яе не толькі таму, што можа дакладна ўзнавіць факты, але і таму, што гэтыя факты на яго паўздзейнічалі і ён зразумеў іх глыбокі сэнс. Тады сведка распавядае не холадна і абыякава, але як той, хто прыняў іх і з таго дня змяніў сваё жыццё. Сведка – гэта той, хто змяніў сваё жыццё.

Змест хрысціянскага сведчання – гэта не тэорыя, ідэалогія або складаная сістэма дазволаў і простае маралізатарства, але вестка пра збаўленне, канкрэтная падзея, больш за тое, Асоба – гэта ўваскрослы Хрыстус, жывы і адзіны Збаўца ўсіх. Аб Ім могуць сведчыць тыя, хто спазнаў гэта асабіста, у малітве і ў Яго Касцёле, праз шлях, які мае свае падставы ў хросце, свой пасілак у Эўхарыстыі, сваю пячатку ў канфірмацыі, сваё пастаяннае навяртанне ў сакрамэнце пакаяння і паяднання. Дзякуючы гэтаму працэсу кожны хрысціянін, якога бесперапынна вядзе Божае слова, можа стаць сведкам уваскрослага Езуса. А яго сведчанне будзе настолькі годным даверу, наколькі будзе выходзіць з ладу жыцця евангельскага, радаснага, адважнага, лагоднага, мірнага і міласэрнага. Калі, аднак, хрысціянін становіцца залежным ад камфорту, ганарыстасці, эгаізму, калі становіцца глухім і сляпым на заклік да “ўваскрашэння” шматлікіх братоў, як ён зможа абвяшчаць Езуса жывога, Яго вызваленчую моц і бясконцую пяшчоту?

Няхай Марыя, наша Маці, падтрымлівае нас сваім заступніцтвам, каб мы маглі стаць, нягледзячы на нашы абмежаванні, але з ласкай веры, сведкамі ўваскрослага Пана, несучы людзям, якіх сустракаем, велікодныя дары радасці і спакою”.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра і папрасіў у іх малітвы ў сваёй інтэнцыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.