Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: У постаці Езуса, Добрага Пастыра, мы сузіраем Божы Провід, Яго бацькоўскі клопат
Слова Папы
27.04.2015 10:26

Не дастаткова толькі сузіраць Божую любоў і дзякаваць за яе, але трэба наследаваць Добрага Пастыра, які, адмовіўшыся ад усяго, збавіў чалавецтва сваёй міласэрнасцю, сказаў Папа Францішак 26 красавіка ў разважанні перад малітвай “Regina Coeli”.

“Чацвёртая велікодная нядзеля, якая называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, кожны год нас запрашае нанова адкрыць, з заўсёды новым захапленнем, гэта найменне, якое Езус даў сабе сам, паглядзеўшы на яго ў святле Яго мукі, смерці і ўваскрасення, – сказаў Пантыфік. – “Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак” (Ян 10, 11): гэтыя словы цалкам споўніліся, калі Хрыстус, у свабоднай паслухмянасці волі Айца, прынёс сябе ў ахвяру на крыжы. Тады стала канчаткова ясна, чаму Ён з’яўляецца “Добрым Пастырам”: Ён дае жыццё, ахвяраваў сваё жыццё за ўсіх нас. Таму Ён – Добры Пастыр!

Хрыстус – сапраўдны пастыр, які даў прыклад самай высокай любові да статку: Ён свабодна распарадзіўся сваім жыццём. У Яго ніхто не адабраў жыцця (пар. 18), але Ён сам аддаў яго за авечак (17). У адкрытым супрацьстаянні фальшывым пастырам Езус прадстае як сапраўдны і адзіны пастыр народу: кепскі пастыр думае пра сябе і выкарыстоўвае авечак; добры пастыр думае пра авечак і аддае самога сябе. У адрозненне ад найміта, Хрыстус-Пастыр з’яўляецца клапатлівым кіраўніком, які ўдзельнічае ў жыцці свайго статку, не шукае іншай мэты, не мае іншых амбіцый, акрамя кіравання, насычэння, абароны свайго статку. І ўсё гэта праз самы высокі кошт – ахвяраванне ўласнага жыцця.

У постаці Езуса, Добрага Пастыра, мы сузіраем Божы Провід, Яго бацькоўскі клопат пра кожнага з нас. Ён не пакідае нас адных! Наступствам гэтага сузірання Езуса, добрага і сапраўднага Пастыра, з’яўляецца вокліч ўсхваляванага захаплення, які бачым у другім чытанні сённяшняй літургіі: “Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец” (1 Ян 3, 1). Гэтая любоў на самой справе здзіўляючая і таямнічая, таму што, даючы нам Езуса ў якасці Пастыра, які аддаў сваё жыццё за нас, Айцец падарыў нам усё самае вялікае і каштоўнае, што мог падарыць! Гэта самая высокая і чыстая любоў, таму што не матывавана ніякай патрэбай, не абумоўлена ніякім разлікам, не выклікана ніякім карысным жаданнем. Перад абліччам гэтай любові Божай мы адчуваем бясконцую радасць і адкрываемся на ўдзячнасць за тое, што атрымалі ў дар.

Але сузіраць і дзякаваць не дастаткова. Неабходна таксама ісці за Добрым Пастырам. Асабліва тыя, хто мае місію кіравання ў Касцёле – святары, біскупы, Папы – пакліканы прыняць на сябе не ментальнасць менеджэра, але слугі, на падабенства Езуса, які, адмовіўшыся ад усяго, збавіў нас сваёй міласэрнасцю. Да гэтага стылю душпастырскага жыцця пакліканы таксама новыя святары Рымскай дыяцэзіі, якім я меў радасць удзяліць пасвячэнне сёння раніцай у базыліцы св. Пятра.

Няхай Найсвяцейшая Марыя выпрасіць для мяне, біскупаў і святароў з усяго свету, ласку служэння святому Божаму народу праз радаснае прапаведванне Евангелля, чуллівую цэлебрацыю сакрамэнтаў, цярплівае і пакорнае пастырскае кіраўніцтва”.

Пасля марыйнай малітвы Папа Францішак заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за жыццё благаслаўлёнай Мары Элізабэт Тарджон, заснавальніцы кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Ружанцовай, якая была беатыфікавана 26 красавіка 2015 г. у Канадзе. Папа назваў яе ўзорнай законніцай, адданай малітве, міласэрнаму служэнню і выхаванню дзяцей у маленькіх цэнтрах сваёй дыяцэзіі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.