Мы ўсе пакліканы, каб прыносіць плёны сумеснай прыналежнасці да Хрыста і Касцёла, сказаў Папа Францішак 3 мая падчас сваіх разважанняў перад малітвай “Regina Coeli” ў Ватыкане. Святы Айцец падкрэсліў, што той, хто аб’яднаны з Езусам, робіць шмат дабра іншым і грамадству як хрысціянін.
“Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса падчас Апошняй Вячэры, у момант, калі Ён ведае, што смерць ужо набліжаецца. Надышла Яго “гадзіна”. Апошні раз Ён са сваімі вучнямі, затым хоча, каб яны ў свой розум упісалі асноўную праўду: нават тады, калі Ён не будзе больш фізічна сярод іх, яны ўсё роўна павінны быць аб’яднаныя з Ім новым спосабам і тады прынясуць шмат плёну. І мы ўсе можам аб’яднацца з Езусам новым спосабам. Які гэты спосаб? Калі, аднак, адзін з іх згубіць адносіны з Ім, гэтае аб’яднанне з Ім стане стэрыльным, і нават шкодным для супольнасці. Якім з’яўляецца гэты новы спосаб? І, каб выказаць гэту рэальнасць, Езус выкарыстоўвае вобраз вінаграднай лазы і галінкі: “Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я – вінаградная лаза, вы – галіны” (Ян 15, 4-5). І гэтай метафарай навучае нас, як застацца ў Ім, быць аб’яднаным з Ім, хаця Ён фізічна не прысутны.
Езус – вінаградная лаза, а праз Яго – як сок у дрэве – праходзіць да галінак сама любоў Бога, Святы Дух. Вось жа: мы з’яўляемся галінкамі, а праз гэту прыпавесць Езус хоча, каб мы зразумелі важнасць быць аб’яднанымі ў Ім. Галінкі не з’яўляюцца самадастатковымі, але цалкам залежаць ад вінаграднай лазы, у якой знаходзіцца крыніца іх жыцця. Таксама адбывалася і з намі, хрысціянамі. Прышчэпленыя сакрамэнтам хросту да Хрыста, мы атрымалі ад Яго бясплатна дар новага жыцця; і мы можам заставацца ў жывых суадносінах з Хрыстом. Неабходна заставацца вернымі хросту і ўзрастаць у любові з Панам праз малітву. Трэба маліцца кожны дзень, слухаць і мець паслухмянасць Яго Слову, чытаць Евангелле, удзельнічаць у сакрамэнтах, асабліва ў Эўхарыстыі і ў прымірэнні.
Калі хтосьці цесна звязаны з Езусам, ён атрымлівае асалоду дароў Святога Духа, якімі, як кажа св. Павел, з’яўляюцца: “любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць” (Гал 5, 22); і гэтыя дары мы атрымліваем, калі застаемся аб’яднанымі з Езусам; і ў выніку, хто робіць шмат дабра для бліжняга і грамадства, той сапраўдны хрысціянін. Паводле менавіта гэтых паводзін, на самой справе, лёгка пазнаць, што хтосьці з’яўляецца сапраўдным хрысціянінам, як па пладах пазнаецца дрэва. Плёны гэтага глыбокага аб’яднання з Езусам выдатныя: уся чалавечая істота перамяняецца дзякуючы ласцы Святога Духа: душа, інтэлект, воля, любоў, а таксама цела, таму што мы аб’яднаныя ў духу і целе. Мы атрымліваем новы спосаб быцця, жыццё ў Хрысце становіцца нашым: мы можам думаць як Ён, дзейнічаць як Ён, бачыць свет і рэчы вачыма Езуса. У выніку, мы можам любіць нашых братоў, пачынаючы з самых бедных і пакутуючых, так, як Ён зрабіў гэта, і любіць іх з Ягоным сэрцам, і прыносіць, такім чынам, у свет плёны дабрыні, міласэрнасці і супакою.
Кожны з нас з’яўляецца галінкай адзінай вінаграднай лазы; і мы ўсе пакліканы прыносіць плёны гэтай сумеснай прыналежнасці да Хрыста і Касцёла. Даверым сябе заступніцтву Панны Марыі, каб быць жывымі галінкамі ў Касцёле і каб маглі сведчыць паслядоўна нашу веру, еднасць жыцця і думкі, жыцця і веры, - свядомыя таго, што мы ўсе, паводле нашых канкрэтных пакліканняў, прымаем удзел у адзінай збаўчай місіі Езуса Хрыста, нашага Пана”, - сказаў Святы Айцец.
Пасля малітвы Папа нагадаў, што 2 мая ў Турыне быў абвешчаны благаслаўлёным італьянскі свецкі вернік Луіджы Бордзіно, які поўнасцю ахвяраў сваё жыццё служэнню хворым і пакутуючым. Пантыфік заклікаў прысутных вернікаў дзякаваць Богу за гэтага сціплага і шчодрага вучня Езуса.
Папа асабліва прывітаў дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця сакрамэнту канфірмацыі. Святы Айцец у чарговы раз папрасіў малітваў у сваёй інтэнцыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|