Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Касцёл уключаны ў гісторыю кожнага хрысціянскага сужэнства»
Слова Папы
06.05.2015 15:52

Прыгажосць хрысціянскага сужэнства была галоўнай тэмай катэхезы Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі 6 мая. Гаворка ідзе не проста пра цырымонію, якая праходзіць у храме – з кветкамі, прыгожымі строямі, фатаграфаваннем, – але пра сакрамэнт, які здзяйсняецца ў Касцёле і стварае Касцёл, паколькі дае жыццё новай сямейнай супольнасці, заўважыў Пантыфік.

Папа нагадаў пра аналогію, якую апостал Павел праводзіў, сцвярджаючы, што любоў паміж сужонкамі – гэта вобраз любові паміж Хрыстом і Касцёлам. Гэтая любоў мае неймаверную годнасць і запісана ў творчы план Бога. Дзякуючы ласцы Хрыста незлічоныя хрысціянскія пары, нават са сваімі абмежаванасцямі і грахамі, рэалізавалі яе, падкрэсліў Пантыфік.

«Ясна, што гаворка ідзе пра недасканалую аналогію, але мы павінны ўсвядоміць духоўны сэнс, які з’яўляецца найвышэйшым і рэвалюцыйным, а ў той жа час простым, зразумелым кожнаму мужчыну і кожнай жанчыне, якія давяраюцца Божай ласцы. Муж – кажа Павел – павінен любіць жонку “як сваё цела”; любіць яе, як Хрыстус “палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго”(...). Плён гэтага радыкалізму самапрысвячэння, які патрабуецца ад мужчыны дзеля любові і годнасці жанчыны, па прыкладзе Хрыста, павінен стаць значным у самой хрысціянскай супольнасці. Гэта семя евангельскай навізны, якая ўстанаўлівае першапачатковую ўзаемнасць самапрысвячэння і павагі, паступова наспявала ў гісторыі і нарэшце набрала сілы», — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што «сакрамэнт сужэнства з’яўляецца магутнай праявай веры і любові: ён сведчыць аб адвазе веры ў прыгажосць творчага акту Бога і жыцця той любоўю, якая заўсёды падштурхоўвае сягаць па-за самога сябе і нават па-за саму сям’ю».

«Касцёл глыбока ўключаны ў гісторыю кожнага хрысціянскага сужэнства: ён умацоўваецца іх поспехамі і пакутуе ад іх падзенняў. Але мы павінны сур’ёзна адказаць сабе на пытанне: ці прымаем да канца – мы самі, як вернікі і пастыры, – гэтую непарыўную сувязь гісторыі Хрыста і Касцёла з гісторыяй сужэнства і чалавечай сям’і? Ці гатовы мы сур’ёзна прыняць на сябе гэтую адказнасць, прыняць тое, што кожнае сужэнства ідзе шляхам любові, якую Хрыстус адчувае да Касцёла?» — спытаў Пантыфік.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што хрысціянскае сужэнства мае місійнае вымярэнне. «Цэлебрацыя сакрамэнту не можа пакідаць па-за ўвагай тую сумесную адказнасць сямейнага жыцця перад вялікай місіяй любові Касцёла. І так жыццё Касцёла ўзбагачаецца кожны раз прыгажосцю гэтага сужэнскага саюзу, як і бяднее кожны раз, калі ён знявечваецца. Касцёл, каб ахвяраваць усім дары веры, любові і надзеі, мае патрэбу ў адважнай вернасці сужонкаў ласцы іх сужэнства! Народ Божы мае патрэбу ў іх штодзённым шляху веры, любові і надзеі, з усімі радасцямі і цяжкасцямі, якія гэты шлях прадугледжвае для сужэнства і сям’і», — сказаў Папа, назваўшы хрысціянскіх сужонкаў «фундаментальным рэсурсам для Касцёла» і папрасіўшы Бога тысячаразова благаславіць іх.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў, што ў мінулую пятніцу пачаўся май, месяц, традыцыйна прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле Маці Божай. Па традыцыі, звяртаючыся да моладзі, хворых і маладых сужонкаў, Папа заклікаў іх бачыць у Панне Марыі прытулак у моманты цяжкасцяў, дапамогу ў нясенні штодзённага крыжа і падтрымку для будавання сем’яў, напоўненых малітвай і ўзаемным разуменнем.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.