Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак перад «Regina coeli» пра рысы хрысціянскай любові
Слова Папы
10.05.2015 15:31

Пра якасці і рысы хрысціянскай любові казаў Папа Францішак 10 мая ў разважаннях перад малітвай «Regina coeli» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Па словах Пантыфіка, любоў магчымая, нягледзячы на адрозненні поглядаў і характараў, і сам Хрыстус вучыў выяўляць яе праз жэсты блізкасці да іншых.

«Сённяшняе Евангелле з 15 разделу паводле св. Яна пераносіць нас у Вячэрнік, дзе мы чуем новую запаведзь Езуса: “Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 9, 12). А думаючы пра блізкую ўжо ахвяру Крыжа, Ён дадаў: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам” (Ян 9, 13-14), - нагадаў Папа. - Гэтыя словы, сказаныя на Апошняй Вячэры, абагульняюць усё пасланне Езуса. Больш за тое, яны падсумоўваюць усё, што Ён зрабіў: Езус аддаў сваё жыццё за сяброў сваіх. Сяброў, якія не разумелі Яго, якія ў вырашальны момант пакінулі, здрадзілі і адракліся ад Яго. Гэта ўсё кажа нам аб тым, што Ён любіць нас, хоць мы і не вартыя Яго любові. Так моцна Езус любіць нас.

Такім чынам, Езус паказвае нам шлях да Яго наследавання, шлях любові. Яго загад – гэта не простая запаведзь, якая заўсёды застаецца нечым знешнім па адносінах да жыцця. Запаведзь Хрыста з’яўляецца новай, таму што Ён быў першым, хто яе рэалізаваў, увасобіў яе. Такім чынам, закон любові назаўжды ўпісаны ў сэрца чалавека (пар. Ер 31, 33). Як ён упісаны? Агнём Святога Духа. І з тым жа Духам, якога Езус дае нам, таксама і мы можам ісці па гэтым шляху!

Гэта канкрэтная дарога, якая вядзе нас да выйсця за рамкі саміх сябе, каб ісці да іншых. Езус паказаў нам, што Божая любоў рэалізуецца ў любові да бліжняга. Яны звязаны адна з адной. Старонкі Евангелля напоўнены гэтай любоўю: дзеці і дарослыя, адукаваныя і непісьменныя, бедныя і багатыя, праведныя і грэшнікі былі дапушчаны ў сэрца Хрыста.

Такім чынам, Слова Пана заклікае нас любіць адзін аднаго, хоць і не заўсёды разумеем адзін аднаго, не заўсёды згодныя адзін з адным... Але менавіта ў такіх сітуацыях заўважная хрысціянская любоў, любоў, якая выяўляецца таксама і там, дзе ёсць розніца поглядаў або характараў, таму што любоў большая за гэтыя адрозненні. Гэта любоў, якой навучыў нас Езус. Гэта новая любоў, абноўленая Езусам і Яго Духам. Гэта любоў адкупленая, вызваленая ад эгаізму. Любоў, якая прыносіць радасць у нашыя сэрцы, як сам Езус кажа: “Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай” (Ян 9, 11).

І гэта любоў Хрыста, якую Святы Дух вылівае ў нашы сэрцы, каб мы здзяйснялі цудоўныя знакі ў Касцёле і ў свеце. Ёсць шмат дробных і буйных учынкаў, якія выражаюць паслухмянасць запаведзі Пана: “Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15, 12). Маленькія паўсядзённыя жэсты, жэсты блізкасці да пажылога чалавека, дзіцяці, хворага, самотнага ці перажываючага цяжкасці, бяздомнага, беспрацоўнага, эмігранта, бежанца... Дзякуючы моцы Слова Хрыста, кожны з нас можа стаць бліжнім сустрэтых брата і сястры праз жэсты салідарнасці і блізкасці. У гэтых жэстах выражаецца любоў, якой Хрыстус вучыў нас.

Няхай у гэтым нам дапаможа наша Найсвяцейшая Маці, каб у паўсядзённым жыцці кожнага з нас любоў да Бога і любоў да бліжняга была заўсёды спалучана».

Пасля велікоднай марыйнай малітвы Папа нагадаў, што ў некаторых краінах у гэты дзень адзначаецца Дзень маці, павіншаваў усіх маці з гэтым святам і падзякаваў ім за іх місію.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.