Падчас агульнай аўдыенцыі 13 мая Папа Францішак звярнуўся да вернікаў з
катэхезай, якую назваў «уваходнымі дзвярыма» ў серыю разважанняў аб
рэальным жыцці сям’і. На гэтых дзвярах напісаны тры словы: «дазволь»,
«дзякуй» і «прабач», заўважыў Пантыфік і дадаў, што яны «па-сапраўднаму
адкрываюць шлях да добрага сямейнага жыцця» – з’яўляюцца простымі, але ў
той жа час нялёгкімі на практыцы. Як адзначыў Папа, гэтыя словы заключаюць у сабе вялікую сілу, якая дазваляе захаваць сям’ю перад тысячамі выпрабаванняў і цяжкасцяў, а іх адсутнасць паступова адкрывае расколіны, якія могуць прывесці нават да разлому.
Святы Айцец заўважыў, што ўзгаданыя тры словы на вуснах любога чалавека сведчаць аб яго добрым выхаванні. У той жа час, падкрэсліў Пантыфік, гаворка ідзе не пра фармальныя манеры, за якімі можа хавацца душэўная чэрствасць і абыякавасць да іншага, а пра «стыль добрых адносін, моцна ўкаранёны ў любові да дабра і ў павазе да іншага».
Разважаючы пра важнасць выкарыстання ў сям’і ветлівага звароту «дазволь», Папа сказаў: «Уваход у жыццё іншага чалавека, нават калі ён з’яўляецца часткай нашага жыцця, патрабуе далікатнасці неагрэсіўных паводзінаў, якія абнаўляюць давер і павагу. Сямейная блізкасць не дае права глядзець на ўсё, як на данасць. Любоў, чым больш з’яўляецца блізкай і глыбокай, тым больш патрабуе павагі да свабоды і здольнасці чакаць, пакуль іншы адкрые дзверы свайго сэрца. У сувязі з гэтым трэба ўзгадаць словы Езуса з кнігі Апакаліпсісу: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (3, 20). Нават Пан просіць дазволу, каб увайсці! Не будзем забывацца пра гэта».
Гаворачы пра важнасць удзячнасці, Святы Айцец заўважыў, што ў сучасным грамадстве яна часта лічыцца праяўленнем слабасці і нават выклікае недавер. «Гэтай тэндэнцыі трэба супрацьстаяць непасрэдна ў лоне сям’і. Мы павінны стаць прынцыповымі ў выхаванні да ўдзячнасці, якую прасякаюць годнасць асобы і сацыяльная справядлівасць. Калі гэты стыль забываецца ў сямейным жыцці, таксама і грамадства яго згубіць. Акрамя таго, удзячнасць для верніка знаходзіцца ў самым сэрцы веры: хрысціянін, няздольны дзякаваць, — гэта той, які забыўся Божую мову. (...) Узгадаем пра пытанне Езуса, калі аздаравіў дзесяць пракажоных і толькі адзін з іх вярнуўся, каб падзякаваць Яму (пар. Лк 17, 18)», — звярнуў увагу Папа.
Слова «прабач», як адзначыў Пантыфік, з’яўляецца складаным, але неабходным – калі яно адсутнічае, маленькія расколіны пашыраюцца і могуць стаць глыбокімі прорвамі; недарэмна пра важнасць прабачэння ідзе гаворка нават у малітве «Ойча наш», якой навучыў Езус. «Прызнанне таго, што мы не аказалі належнай павагі, шчырасці і любові, і жаданне вярнуць тое, што было забрана, робіць так, што мы самі становімся годнымі прабачэння. Такім чынам інфекцыя стрымліваецца. Калі мы няздольныя прасіць аб прабачэнні, гэта значыць, што мы няздольныя і прабачаць. У доме, дзе не выбачаюцца, пачынае не хапаць паветра, вада становіцца застаялай. Шматлікія параненыя пачуцці, многія сямейныя канфлікты пачынаюцца са згубы гэтых каштоўных слоў: “Прабач мне”», — сказаў Папа.
Напрыканцы катэхезы Пантыфік пажадаў, каб тры каштоўныя выразы «дазволь», «дзякуй» і «прабач» з Божай дапамогай занялі належнае месца ў сэрцах людзей, іх дамах, а таксама ў сферы грамадскіх адносін.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|