Бацькі не павінны ўхіляцца ад працэсу выхавання ўласных дзяцей, а разведзеныя не могуць выкарыстоўваць іх у якасці “закладнікаў”, адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 20 мая. Сваю катэхезу Пантыфік прысвяціў натуральнаму пакліканню сям’і да выхавання дзяцей, падкрэсліўшы, што гэты працэс павінен быць мудрым і разважлівым.
Папа нагадаў словы апостала Паўла: “Дзеці, будзьце паслухмянымі бацькам ва ўсім, бо гэта падабаецца Богу. Бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, каб яны не падалі духам” (Кал 3, 20-21). Святы Айцец заклікаў не ставіць перад дзецьмі невыканальных заданняў, каб яны не апускалі рукі, але суправаджаць і падтрымлівасць іх. Каб “дзеці ўзрасталі ў адказнасці за сябе і іншых”, неабходна мудрасць і вялікая раўнавага, перакананы Папа.
Па словах Святога Айца, бацькам складана выхоўваць дзяцей, калі бачаць іх толькі па вечарах, калі вяртаюцца з працы стомленыя; і гэта яшчэ складаней для бацькоў, якія не жывуць разам. У такіх сітуацыях здараецца, што муж ці жонка бяруць дзяцей у “закладнікі” – “тата кажа кепска пра маму, а мама – пра тату”, што вельмі шкодзіць дзіцяці, заўважыў Пантыфік.
“Я кажу вам, разведзеным сужэнствам: ніколі, ніколі не бярыце дзяцей у закладнікі! Вам, разведзеным з-за шматлікіх цяжкасцяў і прычын. Жыццё вам дало гэтае выпрабаванне: але дзеці не павінны быць тымі, хто нясе цяжар гэтага разводу, дзеці не павінны выкарыстоўвацца ў якасці закладнікаў супраць другога сужонка. Дзеці павінны развівацца, адчуваючы, як мама добра кажа пра тату, нават калі яны не разам, і тата кажа добра пра маму. Для сужэнстваў, якія разышліся, гэта вельмі важна і вельмі складана”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік звярнуў увагу на праблему добраахвотнага ўцякання бацькоў ад выхавання дзяцей і аддання гэтага месца рознага кшталту “экспертам”, якія прэтэндуюць нават на выхаванне ў самай далікатнай сферы.
“Аб эмацыйным жыцці, аб асобе і развіцці, аб правах і абавязках так званыя “эксперты” ведаюць усё: мэты, задачы, тэхнікі. А бацькі вымушаны толькі слухаць, вучыцца і падпарадкоўвацца. Пазбаўленыя сваёй ролі, яны часта становяцца баязлівымі ў адносінах да сваіх дзяцей, аж да такой ступені, што не папраўляюць іх ніколі. Намагаюцца заўсёды даверыць іх “экспертам” таксама ў самых далікатных і асабістых аспектах жыцця, а самі адыходзяць убок. Так бацькі рызыкуюць самаізалявацца з жыцця ўласных дзяцей. І гэта небяспечна!” - сказаў Папа.
Пантыфік распавёў гісторыю са свайго дзяцінства. Калі ён вучыўся ў пачатковай школе, аднойчы абразіў настаўніцу. Тая выклікала ў школу яго маці. Пасля размовы маці патлумачыла сыну, што так паводзіць сябе нельга. Ён папрасіў прабачэння ў настаўніцы і быў шчаслівы, што “гісторыя так добра скончылася”. “Але гэта была толькі першая глава! Калі я вярнуўся дадому, пачалася другая”, - сказаў Папа, даючы зразумець, што быў пакараны. Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва паміж сям’ёй і адукацыйнымі структурамі. Без сумневу, некаторыя мадэлі мінулага маюць свае недахопы; праўда і тое, што бацькі могуць рабіць пэўныя памылкі, адзначыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што хрысціянскія супольнасці пакліканы падтрымліваць сем’і ў іх выхаваўчай місіі, і дадаў, што сам Езус прайшоў праз сямейнае выхаванне. Святы Айцец адзначыў існаванне шматлікіх узорных хрысціянскіх сем’яў і вялікую сацыяльную ролю сямейнага выхавання, што з’яўляецца асновай гуманізму.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|