Урачыстасць Пяцідзясятніцы дазваляе суперажываць нанова стварэнне Касцёла, нагадаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Regina coeli” 24 мая. Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл ніколі не зачыняе дзверы нават найбольшым грэшнікам.
“Урачыстасць Пяцідзясятніцы дазваляе нам суперажываць нанова стварэнне Касцёла. Кніга Дзеяў Апосталаў расказвае, што праз пяцьдзясят дзён пасля Вялікадня ў доме, дзе былі вучні Езуса, “раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніліся ўсе Духам Святым” (Дз 2, 1-2). Гэтым подыхам вучні цалкам былі пераменены: іх страх пераменьваецца на мужнасць, замкнутасць саступае месца аб’яўленню і кожны сумніў знікае дзякуючы веры, поўнай любові. Гэта “хрост” Касцёла, які пачынае свой шлях у гісторыі, падтрыманы сілай Святога Духа.
Гэтая падзея, якая перамяняе сэрца і жыццё Апосталаў і іншых вучняў, адбываецца адразу па-за Вячэрнікам. Сапраўды, гэтыя дзверы, якія былі замкнёнымі пяцьдзясят дзён, нарэшце адчыняюцца, і першая хрысціянская супольнасць больш не зачыняецца сама ў сабе, пачынае прамаўляць да натоўпаў, якія прыбылі з розных куткоў, пра вялікія справы Божыя (Дз 2, 11), гэта значыць пра ўваскрасенне Езуса, які быў укрыжаваны. І кожны з прысутных чуў, як вучні гаварылі на іх мовах. Дар Святога Духа аднаўляе гармонію моваў, якія былі страчаны ў Вавілоне, і прадказвае ўніверсальнае вымярэнне місіі апосталаў. Касцёл не нараджаецца ізаляваным, нараджаецца ўніверсальным, адзіны і каталіцкі, з дакладнай ідэнтычнасцю, але адкрыты на ўсіх, не замкнёны, з тоеснасцю, якая ахоплівае ўвесь свет, не выключаючы нікога. Нікому Маці Касцёл не зачыняе дзверы перад носам. Нават найбольшым грэшнікам. Нікому, і гэта дзеецца дзякуючы моцы і ласцы Святога Духа. Маці Касцёл адкрывае свае дзверы перад усімі, таму што з’яўляецца Маці.
Святы Дух, які напоўніў сэрцы вучняў у дзень Пяцідзясятніцы, з’яўляецца пачаткам новага перыяду: перыяду сведчання і братэрства. Перыяд, які зышоў з гары, ад Бога, як вогненае полымя, якое ахінула кожнага з вучняў. Гэта было полымя любові, якое спальвае усе жорсткасці; гэта была мова Евангелля, якое пераходзіць межы, усталяваныя людзьмі, і кранае сэрцы народаў, без адрознення мовы, расы ці нацыянальнасці. Як у гэты дзень Пяцідзясятніцы, Святы Дух бесперапынна выліваецца таксама і сёння на Касцёл і на кожнага з нас, каб дапамагчы нам выйсці з нашай беднасці і замкнёнасці і абвяшчаць усяму свету міласэрную любоў Пана. Гэта наша місія! Таксама і нам былі дадзены як дар “мова” Евангелля і “агонь” Святога Духа, каб абвяшчаць уваскрослага Езуса, жывога і прысутнага сярод нас, каб мы распальвалі сэрцы народаў, набліжаючы іх да Яго, дарогі, праўды і жыцця.
Даручым сябе мацярынскаму заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі, якая была прысутнаю ў Вячэрніку разам з вучнямі: Яна Маці Касцёла, Маці Езуса становіцца Маці Касцёла. Даручымся Ёй, каб Святы Дух зышоў у шчодрасці на Касцёл нашага часу, напоўніў сэрцы ўсіх вернікаў і запаліў у іх полымя сваёй любові”, - сказаў Святы Айцец.
Пасля малітвы “Regina Cоeli” Папа Франішак прызнаўся, што “з вялікай увагай і болем у сэрцы” сочыць за сітуацыяй бежанцаў у Бенгальскай заліве і Андаманскім моры. “Я жадаю выказаць удзячнасць за намаганні тых краін, якія выказалі гатоўнасць прыняць гэтых людзей, што сутыкаюцца з вялікімі пакутамі і небяспекамі. Я настойліва заклікаю міжнародную супольнасць, каб запэўніла ім неабходную гуманітарную дапамогу”, - сказаў Пантыфік. Таксама Папа заклікаў маліцца за ахвяраў Першай сусветнай вайны да стагоддзя з дня ўступлення ў яе Італіі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|