Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра таямніцу Найсвяцейшай Тройцы
Слова Папы
31.05.2015 21:27

Таямніца Найсвяцейшай Тройцы аб’ядноўвае хрысціян і ўсіх людзей добрай волі – гэта было лейтматывам разважанняў Святога Айца перад малітвай “Анёл Панскі” 31 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Папа заклікаў будаваць касцёльныя супольнасці паводле “трынітарнай мадэлі”, што дазволіць абвяшчаць Евангелле не толькі словам, але і Божай моцай.

“Сёння мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якая нагадвае нам пра таямніцу адзінага Бога ў Трох Асобах: Айца, Сына і Духа Святога, - сказаў Папа. - Трынітарнасць і камунія Боскіх Асобаў, якія існуюць адна з адной, адна для адной, адна ў адной – гэтая камунія з’яўляецца жыццём Бога, таямніцай любові Бога Жывога. І Езус выявіў гэтую таямніцу. Ён казаў пра Бога як пра Айца; Ён распавёў нам пра Духа; і Ён казаў нам пра Сябе, як пра Сына Божага. Такім менавіта чынам выявіў гэтую таямніцу. І калі ўваскрос, паслаў сваіх вучняў прапаведаваць Евангелле людзям, сказаў ім, каб хрысцілі “ў імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28, 19). Гэтай камандзе Хрыстус на ўсе часы даручыў Касцёл, які атрымаў у спадчыну ад апосталаў місійны мандат. Ён адносіцца таксама да кожнага з нас, тых, хто, у сілу хросту, з’яўляецца часткай Яго Супольнасці.

Так, літургічная ўрачыстасць сённяшняга дня дазваляе нам сузіраць здзіўляючую таямніцу, з якой мы зыходзім і да якой мы ідзем, абнаўляе місію жыць камуніяй з Богам і жыць камуніяй паміж сабой паводле мадэлі Боскай камуніі. Мы не пакліканы жыць адзін без аднаго, або адзін супраць аднаго, але адзін з адным, для іншых і ў іншых. Гэта азначае прыняць і абвяшчаць прыгажосць Евангелля, жыць ва ўзаемнай любові і для ўсіх, падзяляючы радасці і цярпенні, навучаючыся прасіць і даваць прабачэнне, цэнячы розныя харызматы пад кіраўніцтвам Пастыраў. Адным словам, нам даручана задача пабудовы касцёльных супольнасцяў, якія становяцца ўсё больш і больш сем’ямі, умеючых быць адлюстраваннем хвалы Найсвяцейшай Тройцы і прапаведаваць не толькі словам, але і з сілай любові Бога, які жыве ў нас.

Тройца, як ужо было сказана, - гэта таксама канчатковая мэта, на якую арыентавана наша зямная пілігрымка. Падарожжа хрысціянскага жыцця – гэта, па сутнасці, “трынітарнае” падарожжа: Дух Святы вядзе нас да поўнага ведання вучэння Хрыста, нагадвае тое, чаму Езус нас навучыў; а Езус, у сваю чаргу, прыйшоў у свет, каб мы ведалі Айца, дазволілі Яму весці нас, каб прымірыць нас з Ім. Усё ў хрысціянскім жыцці канцэнтруецца вакол таямніцы Найсвяцейшай Тройцы і спаўняецца ў парадку гэтай бясконцай таямніцы. Таму мы павінны імкнуцца кіраваць “тон” нашага жыцця ў вышыню, нагадваючы сабе, для якой мэты, для якой хвалы мы існуем, працуем, змагаемся, пакутуем; і да якой велізарнай узнагароды мы пакліканы. Гэтая таямніца ахоплівае ўсё наша жыццё і ўсю істоту нашага хрысціянства. Аб гэтым мы ўзгадваем, напрыклад, кожны раз, калі робім знак крыжа: “у імя Айца, і Сына, і Духа Святога”. Таму цяпер я запрашаю вас, каб мы ўсе разам і ў поўны голас зрабілі знак крыжа: “у імя Айца, і Сына, і Духа Святога”.

У гэты апошні дзень мая, марыйнага месяца, мы давяраем сябе Панне Марыі. Яна больш, чым любая іншая істота, пазнала, усхваліла, палюбіла таямніцу Найсвяцейшай Тройцы. Няхай вядзе нас за руку, дапаможа нам распазнаць у сусветных падзеях прыкметы прысутнасці Бога: Айца, і Сына, і Духа Святога; дапаможа нам любіць Пана Езуса ўсім сэрцам, каб жыць паводле ўяўлення Тройцы, выдатнай мэты, да якой скіравана наша жыццё. Мы просім Марыю таксама дапамагчы Касцёлу быць таямніцай камуніі і гасціннай супольнасцю, дзе кожная асоба, асабліва бедная і адкінутая на ўзбочыну, можа знайсці прызнанне і адчуваць сябе дачкой Бога, жаданай і любай”.

Папа нагадаў таксама, што на наступным тыдні будзе адзначацца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, і запрасіў вернікаў прыняць удзел у эўхарыстычнай працэсіі з яе нагоды.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.