Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа звярнуў увагу на праблемы бедных сем’яў
Слова Папы
03.06.2015 13:41

У рамках цыкла катэхез аб сям’і Папа Францішак пачаў разважанне над жыццёвымі сітуацыямі, якія ставяць яе перад выпрабаваннямі. Катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 3 чэрвеня Пантыфік прысвяціў беднасці.

“Звернем увагу на шматлікія сем’і, якія насяляюць перыферыі мегаполісаў, а таксама сельскую мясцовасць... Колькі беднасці, колькі заняпаду! А ў некаторых месцах сітуацыю яшчэ абцяжарвае і вайна. Вайна – гэта заўсёды жах. Яна асабліва ўдарае па грамадзянскім насельніцтве, сем’ям. Сапраўды, вайна – гэта маці любога роду беднасці, (...) вялікая пажыральніца жыццяў, душаў, самых святых і дарагіх пачуццяў”, — сказаў Папа.

Нягледзячы на ўсё гэта, існуе вялікая колькасць бедных сем’яў, якія намагаюцца з годнасцю весці сваё штодзённае жыццё, давяраючы Божаму благаслаўленню, заўважыў Пантыфік. “Гэты ўрок, аднак, не павінен апраўдваць нашу абыякавасць, але, хутчэй, павялічваць наш сорам! Гэта цуд, што ў беднасці сям’я працягвае фарміравацца, і нават захоўваць – наколькі можа – адмысловую чалавечнасць сваіх сувязяў. Гэты факт раздражняе тых праектыроўшчыкаў дабрабыту, якія лічаць пачуцці, пакаленні, сямейныя сувязі другаснай пераменнай якасці жыцця. Мы, аднак, павінны ўкленчыць перад тымі сем’ямі, якія з’яўляюцца сапраўднай школай чалавечнасці, што бароніць грамадства ад варварства”, — перакананы Святы Айцец.

Пантыфік катэгарычна асудзіў эксплуатацыю сямейных сувязяў і незаўважанне палітыкамі выхаваўчай працы, якая здзяйсняецца ў сем’ях.

“Мы, хрысціяне, павінны больш і больш набліжацца да сем’яў, якія выпрабоўвае беднасць. (...) Сапраўды, сацыяльная беднасць ударае па сем’ях і жадае іх знішчыць. Адсутнасць ці згуба працы або яе нестабільнасць цяжка адбіваюцца на сямейным жыцці, ставячы пад моцнае выпрабаванне адносіны. Умовы жыцця ў бедных раёнах, з жыллёвымі і транспартнымі праблемамі, а таксама абмежаванне сацыяльных, медыцынскіх і школьных паслуг выклікаюць дадатковыя цяжкасці. Да гэтых матэрыяльных фактараў дадаецца шкода, якая наносіцца сем’ям псеўда-прыкладамі, заснаванымі на спажывецтве і кульце знешняга, што папулярызуецца праз СМІ і ўплывае на самыя бедныя сацыяльныя слаі, аслабляючы сямейныя сувязі”, — сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Касцёл ніколі не забываецца пра драму гэтых сваіх дзяцей. На думку Папы, каб стаць плённым і адказаць на шматлікія формы беднасці, Касцёл сам павінен быць бедным. “Бедны Касцёл – гэта Касцёл, які практыкуе добраахвотную сціпласць у сваім жыцці – у сваіх структурах, у стылі жыцця сваіх членаў – каб разбіваць кожны мур падзелу, асабліва ад бедных. Неабходныя малітва і дзейнасць. Моцна памолімся Пану, каб  падштурхнуў нас учыніць з нашых хрысціянскіх сем’яў галоўных дзеючых суб’ектаў рэвалюцыі сямейнай блізкасці, якая сёння так неабходна”, — заклікаў Папа.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў, што месяц чэрвень прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Папа заклікаў маладых людзей, хворых асобаў і маладых сужэнцаў вучыцца ад Хрыстовага Сэрца любові, чэрпаць з Яго падтрымку ў цяжкасцях і выпрабаваннях.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.