Недастаткова сцвярджаць, што ў Эўхарыстыі прысутнічае Езус, — неабходна бачыць у ёй прысутнасць падараванага жыцця і ўдзельнічаць у ім, сказаў Папа Францішак 7 чэрвеня перад малітвай «Анёл Панскі». Галоўнай тэмай разважання Пантыфіка была Эўхарыстыя — крыніца любові і салідарнасці.
«Cёння ў многіх краінах, сярод якіх Італія, святкуецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста або, згодна з больш вядомым лацінскім выразам, урачыстасць "Сorpus Domini", – нагадаў Папа. – Евангелле прадстаўляе апавяданне пра ўстанаўленне Эўхарыстыі, якое Езус здзейсніў падчас Апошняй Вячэры ў ерузалемскім вячэрніку. У вігілію сваёй адкупленчай смерці на крыжы Ён здзейсніў тое, што прадказваў: “Я – хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, якія Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету... Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім” (Ян 6, 51.56). Езус ўзяў у рукі хлеб і сказаў: “Бярыце, гэта Цела Маё” (Мк 14, 22). Гэтым жэстам і гэтымі словамі Ён надзяліў хлеб такой функцыяй, якая не заключаецца больш у простым фізічным насычэнні, але чыніць прысутнай Яго Асобу пасярод супольнасці вернікаў.
Апошняя Вячэра прадстаўляе кульмінацыйную кропку жыцця Хрыста. Гэта не толькі прадказанне Яго ахвяры, якая здзейснілася на крыжы, але таксама абагульненне жыцця, ахвяраванага дзеля збаўлення ўсяго чалавецтва. Таму недастаткова сцвярджаць, што ў Эўхарыстыі прысутнічае Езус, але неабходна бачыць у ёй прысутнасць падараванага жыцця і ўдзельнічаць у ім. Калі бярэм і спажываем гэты Хлеб, злучаемся з жыццём Езуса, уваходзім у адзінства з Ім, бярэм на сябе адказнасць за спаўненне адзінства паміж намі, за перамену нашага жыцця ў дар, у першую чаргу для бедных.
Сённяшняе свята нагадвае пра гэтае пасланне салідарнасці і падштурхоўвае нас прыняць глыбокае запрашэнне да навяртання і служэння, любові і прабачэння. Яно стымулюе нас станавіцца ў жыцці пераймальнікамі таго, што цэлебруем у літургіі. Хрыстус, які нас насычае пад выглядам хлеба і віна, — той самы, які прыходзіць да нас на сустрэчу ў штодзённых падзеях; прысутны ў бедным — што працягвае руку, у пакутуючым — які просіць дапамогі, у браце — які просіць аб нашай даступнасці і чакае нашай адкрытасці. Ён прысутны ў кожнай чалавечай істоце, нават самай малой і безабароннай.
Эўхарыстыя, крыніца любові для жыцця Касцёла – гэта школа любові і салідарнасці. Хто насычаецца Хлебам Хрыста, не можа заставацца абыякавым да тых, хто не мае хлеба штодзённага. Сёння мы ведаем, што гэтая праблема становіцца ўсё больш цяжкой.
Урачыстасць “Сorpus Domini” ўсё больш натхняе і ўмацоўвае ў кожным з нас жаданне і адказнасць за грамадства гасціннае і салідарнае. Прадставім гэтыя памкненні сэрцу Панны Марыі, Эўхарыстычнай жанчыны. Няхай Яна выкліча ва ўсіх радасць удзелу ў святой Імшы, асабліва ў нядзелю, а таксама радасную адвагу для сведчання аб бясконцай любові Хрыста”.
Пасля малітвы Папа Францішак нагадаў, што 6 чэрвеня здзейсніў апостальскае падарожжа ў Сараева – горад-сімвал, якія на працягу стагоддзяў быў месцам супольнага пражывання многіх народаў і рэлігій, за што быў названы “Ерузалемам Еўропы”. У нядаўнім мінулым ён таксама стаў сімвалам разбурэнняў вайны. “Зараз адбываецца працэс прымірэння, і менавіта таму я туды паехаў: каб падтрымаць гэты шлях мірнага суіснавання паміж рознымі народамі; шлях складаны, цяжкі, але магчымы!” - сказаў Папа, а таксама падзякаваў уладам Босніі і Герцагавіны і ўсім грамадзянам краіны за цёплы прыём.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|