Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: хвароба можа стаць школай жыцця для сям’і
Слова Папы
10.06.2015 12:54

Хваробы і пакуты ў жыцці сям’і – гэтай тэме Папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 10 чэрвеня ў Ватыкане. Звяртаючыся да сабраных на плошчы св. Пятра, Пантыфік заўважыў, што досвед хваробы ў сям'і можа ўмацаваць сувязь паміж яе членамі і стаць сапраўднай школай жыцця для дзяцей і моладзі.

“У кантэксце сямейных сувязяў хвароба людзей, якіх любім, пераносіцца з “большымі” пакутамі і трывогай. Менавіта любоў прымушае нас адчуваць гэта “больш”. Часта для бацькі або маці складаней перанесці хваробу сына, дачкі, чым сваю ўласную. Сям’я, можам сказаць, заўсёды была самым блізкім “шпіталем”. Яшчэ сёння ў многіх частках свету шпіталі – гэта прывілей для нямногіх, і яны часта знаходзяцца далёка. А маці, бацька, браты, сёстры забяспечваюць клопат і дапамагаюць ачуняць”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што на старонках Евангелля часта апісваюцца сустрэчы Езуса з хворымі і клопат Пана аб іх аздараўленні. “Ён публічна прадстае як Той, хто змагаецца з хваробамі, і які прыйшоў, каб аздаравіць чалавека ад усялякага зла: зла душы і цела. Сапраўды ўражваючай з’яўляецца толькі што агучаная сцэна з Евангелля паводле Марка: “Калі настаў вечар і зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі”. Калі думаю пра вялікія сучасныя гарады, пытаюся ў сябе: дзе тыя дзверы, да якіх трэба прыносіць хворых у надзеі на іх аздараўленне? Езус ніколі не пазбягаў клопату аб іх. Ніколі не праходзіў міма, ніколі не адварочваў твару ў іншы бок. А калі бацька або маці, ці нават проста сябры, прыносілі перад Ім хворага, каб дакрануўся да яго і аздаравіў, Ён ніколі не ўхіляўся; аздараўленне ішло перад законам, нават такім сакральным, як адпачынак у суботу”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што Езус паслаў сваіх вучняў выконваць такое самае заданне і даў ім ўладу несці аздараўленне. “Мы павінны добра памятаць пра тое, што Ён сказаў вучням ва ўрыўку пра сляпога ад нараджэння. Вучні, – каля самога сляпога! – абмяркоўвалі, хто зграшыў, што ён нарадзіўся сляпым, ён ці бацькі ягоныя (...). Пан адказаў ясна: ні ён, ні бацькі ягоныя; але сталася гэта дзеля таго, каб выявіліся праз яго справы Божыя. І аздаравіў яго. Вось слава Божая! Гэта заданне Касцёла! Дапамагаць хворым, не губляючыся ў пустых размовах”, - адзначыў Пантыфік.

Касцёл заклікае да пастаяннай малітвы за блізкіх, якія хварэюць, нагадаў Папа і паставіў у прыклад кананейскую жанчыну з Евангелля паводле Мацвея, якая настойліва прасіла Езуса аб аздараўленні сваёй дачкі і за сваю веру заслужыла пахвалу Збаўцы.

“Перад абліччам хваробаў, таксама і ў сем’ях, узнікаюць цяжкасці, з прычыны чалавечай слабасці. Але звычайна час хваробы дапамагае ўмацаваць сямейныя сувязі. Я думаю пра тое, наколькі важна навучыць дзяцей ад самага маленства салідарнасці ў час хваробы. Выхаванне, якое трымае далёка ад спачування да чалавечай хваробы – высушвае сэрца і чыніць так, што юнакі і дзяўчаты становяцца “нячулымі” да цярпенняў іншых, няздольнымі рэагаваць на пакуты і перажываць досвед абмежаванняў”, – сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў пра гераізм людзей, якія вымушаны праводзіць ноччы каля ложка хворага члена сям’і, а днём ісці на працу. Папа таксама заўважыў, што пакуты самых дарагіх людзей могуць стаць школай жыцця для моладзі, калі суправаджаюцца малітвай, цёплай і клапатлівай блізкасцю членаў сям’і. На заканчэнне катэхезы Святы Айцец адзначыў, што сем’і, якія сустрэліся з досведам хваробы, не павінны пакідацца сам-насам са сваімі праблемамі, але атрымліваць дапамогу хрысціянскай супольнасці, іншых сем’яў з парафіі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.