"Божае Валадарства патрабуе нашага супрацоўніцтва, але перш за ўсё з'яўляецца ініцыятывай і дарам Пана", - сказаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 14 чэрвеня на плошчы св. Пятра. Таксама Пантыфік заклікаў вернікаў кожны дзень чытаць урывак са Святога Пісання.
“Сённяшняе Евангелле расказвае пра дзве вельмі кароткія прыпавесці: пра зерне, якое само ўзыходзіць і расце, а таксама пра гарчычнае зерне (Мк 4, 26-34), - сказаў Папа. - З дапамогай гэтых выяваў з сельскага свету Езус паказвае эфектыўнасць Божага Слова і патрабаванні Яго Валадарства, паказваючы прычыны для нашай надзеі і нашай дзейнасці ў гісторыі.
У першай прыпавесці ўвага звернута на тое, што зерне, кінутае ў зямлю, узыходзіць і расце само, незалежна ад таго, спіць селянін ці наглядае за ім. Ён мае давер да ўнутранай сілы самога зерня і плённасці глебы. На мове Евангелля зерне - гэта сімвал Слова Божага, пра плённасць якога расказвае гэтая прыпавесць. Як пакорнае зерне расце ў зямлі, таксама Слова Божае дзейнічае сілай Бога ў сэрцы таго, хто слухае. Бог даверыў сваё Слова нашай зямлі, гэта значыць кожнаму з нас з нашай канкрэтнай чалавечнасцю. Мы можам быць упэўнены, таму што Слова Божае з'яўляецца творчым словам, якому наканавана станавіцца “поўным зернем у коласе” (Мк 4, 28). Гэтае Слова, калі будзе прынята, прыносіць, безумоўна, свае плёны, таму што сам Бог дапамагае яму ўзыходзіць і расці праз шляхі, якія не заўсёды мы можам праверыць, і такім спосабам, якога мы не ведаем (там жа, 27). Усё гэта дае нам зразумець, што Бог заўсёды дапамагае расці свайму Валадарству, таму мы молімся: “Прыйдзі Валадарства Тваё”. Чалавек з'яўляецца Яго сціплым супрацоўнікам, які назірае і радуецца з прычыны творчай дзейнасці Бога і цярпліва чакае яго плёнаў. Слова Божае спрыяе ўзрастанню і дае жыццё. І тут жадаю вам прыпомніць пра важнасць мець пад рукою Святое Пісанне, Біблію, маленькае Евангелле ў чамадане ці ў кішэні і харчавацца кожны дзень гэтым жывым Словам Божым, чытаючы штодзень урывак з Евангелля, фрагмент Бібліі. Прашу вас, ніколі не забывайцеся пра гэта. Бо гэта сіла, якая спрыяе ўзыходжанню ў нас Божага Валадарства.
Другая прыпавесць выкарыстоўвае вобраз гарчычнага зерня. Нягледзячы на тое, што было найменшым з усяго насення, яно поўнае жыцця і расце, становячыся “большым за ўсялякую зеляніну” (Мк 4, 32). Такім з'яўляецца Божае Валадарства: рэальнасць з чалавечага пункту гледжання невялікая і, здавалася б, нязначная. Каб увайсці ў яго і стаць яго часткай, трэба быць убогім у сэрцы; не давяраць уласным магчымасцям, але сіле Божай любові; не дзейнічаць так, каб быць важным у вачах свету, але каштоўным у вачах Бога, які асабліва любіць людзей простых і сціплых. Калі будзем так жыць, тады праз нас зыйдзе сіла Хрыста і пераменіць тое, што маленькае і сціплае, у рэальнасць, якая патрасае ўсёй масай свету і гісторыі.
З гэтых дзвюх прыпавесцяў вынікае вельмі важнае навучанне: што Божае Валадарства патрабуе нашага супрацоўніцтва, але перш за ўсё з'яўляецца ініцыятывай і дарам Пана. Наша слабая праца, мабыць, невялікая перад абліччам складанасці праблем свету, калі далучыцца да Божай працы, не баіцца цяжкасцяў. Перамога Пана ўпэўнена: Яго любоў паспрыяе ўзыходу і росту кожнага добрага зерня на зямлі. Гэта адкрывае нас на давер і надзею, нягледзячы на трагедыі несправядлівасці і пакут, з якімі мы сустракаемся. Зерне дабра і супакою ўзыходзіць і расце, таму што яно спее дзякуючы міласэрнай любові Бога.
Няхай Найсвяцейшая Багародзіца, якая прыняла як “плённую зямлю” зерне Слова Божага, падтрымлівае нас у гэтай надзеі, якая ніколі не расчароўвае”.
На заканчэнне малітвы Святы Айцец пажадаў усім добрай нядзелі і чарговы раз папрасіў малітваў у сваёй інтэнцыі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|