Тэме жалобы ў сям’і прысвяціў Папа Францішак сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 17 чэрвеня. Святы Айцец падкрэсліў, што Езус спачувае ўсім людзям, пакутуючым з прычыны смерці сваіх блізкіх, і заклікаў перажываць расcтаванне з імі ў святле веры ва Уваскрослага Хрыста.
Смерць – досвед, які тычыцца ўсіх сем’яў, без выключэння; яна з’яўляецца часткай жыцця, аднак, калі тычыцца сямейных сувязяў, заўсёды здаецца ненатуральнай, заўважыў Папа.
“Для бацькоў барацьба за жыццё ўласных дзяцей – гэта штосьці асабліва пакутлівае, што супярэчыць элементарнай прыродзе адносін, якія надаюць сэнс самой сям’і. Страціць сына ці дачку – гэта як спыніцца ў часе: адкрываецца прорва, якая праглынае мінулае, а таксама будучыню. Смерць, што забірае дзіця ў маленькім ці маладым узросце – гэта як аплявуха абяцанням, дарам і ахвярам любові, якія з радасцю перадавалі народжанаму жыццю. (...) Уся сям’я паралізаваная і здранцвелая. Штосьці падобнае перажывае таксама дзіця, якое застаецца ў адзіноце з прычыны страты аднаго ці абодвух бацькоў. (...) Пустэча пакінутасці, якая адкрываецца перад дзіцём, асабліва трывожная па прычыне таго, што яно не мае дастатковага досведу, каб “назваць па імені” тое, што здарылася”, - сказаў Папа. У такіх выпадках, дадаў Пантыфік, смерць - як чорная дзірка, якая адкрываецца ў жыцці сем’яў і якую складана патлумачыць, і часам даходзіць нават да абвінавачванняў у бок Бога.
“Фізічная смерць мае таксама “саўдзельнікаў”, горшых за яе, якія называюцца: нянавісць, зайздрасць, пыха, сквапнасць. Грэх свету працуе на карысць смерці і робіць яе больш балючай і несправядлівай. Сямейныя сувязі становяцца нібыта наканаванымі і безабароннымі ахвярамі гэтых сіл, якія дапамагаюць смерці і суправаджаюць гісторыю чалавека. Тут трэба ўзгадаць абсурдную “нармальнасць”, з якой у пэўных сітуацыях і месцах адбываюцца здарэнні, што ўмацоўваюць лютасць смерці і выклікаюцца нянавісцю і абыякавасцю да чалавечых істотаў. Няхай Пан вызваліць нас ад прызвычаенасці да гэтага!” - адзначыў Пантыфік.
Па словах Папы, многія сем’і, аднак, сведчаць, што за смерцю няма апошняга слова, і гэта сапраўдны акт веры. Важна знайсці сілы, каб захаваць веру і любоў, якія аб’ядноўваюць з блізкімі і перашкаджаюць смерці забраць усё; на цемру смерці трэба адказваць умацаваннем любові, лічыць Пантыфік.
“У такой веры мы можам несці суцяшэнне адзін аднаму, ведаючы, што Пан перамог смерць аднойчы і назаўсёды. Нашы блізкія не зніклі ў цемры неіснавання: надзея нас запэўнівае, што яны ў добрых і моцных руках Бога. Любоў большая за смерць. Таму неабходна дапамагаць любові расці, станавіцца мацнейшай; і яна нас будзе захоўваць да таго дня, калі будзе выцерта кожная сляза, калі “ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю”. Калі дазволім гэтай веры падтрымліваць нас, досвед жалобы зможа выклікаць больш моцную салідарнаць сямейных сувязяў, новую адкрытасць на боль іншых сем’яў, новае братэрства з сем’ямі, якія нараджаюцца ці адраджаюцца ў надзеі”, - сказаў Папа.
На заканчэнне сваёй катэхезы Святы Айцец пажадаў, каб вера бараніла вернікаў перад нігілістычным бачаннем смерці і фальшывымі формамі суцяшэння, якія прапануе свет; каб хрысціянскай праўдзе “не пагражала змяшэнне з рознымі відамі міфалогіі”. Папа заклікаў, каб хрысціяне больш ясна выражалі сэнс веры перад абліччам досведу жалобы ў сям’і, і гэта стане сведчаннем таго, што справа Божай любові мацнейшая за справу смерці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|