Заўважыць драму разбітых сем’яў заклікаў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі 24 чэрвеня. Пантыфік падкрэсліў, што найбольш глыбокія наступствы разрыву і нявернасці бацькі і маці нясуць на сабе дзеці.
Папу Францішка слухалі на плошчы св. Пятра 22 тыс. чалавек.
На пачатку Папа нагадаў, што ў сваіх папярэдніх катэхезах гаварыў “аб сям’і, якая перажывае крохкасць чалавечага стану, галечу, хваробу, смерць”, і прапанаваў паразважаць пра “раны, якія адкрываюцца ў рамках сямейнага сужыцця, калі ва ўлонні сям’і мы наносім сабе зло, што з’яўляецца самым страшным”.
“Мы ведаем, што ў гісторыі любой сям’і хапае момантаў, калі блізкасць самых дарагіх пачуццяў абражаецца паводзінамі яе членаў. Гэта словы або ўчынкі, а таксама занядбанні, якія замест выражэння любові ад яе аддаляюць ці, яшчэ горш, зневажаюць яе. Калі гэтыя раны, якія яшчэ могуць быць выпраўлены, ігнаруюцца, пагаршаюцца яшчэ больш: ператвараюцца ў фанабэрыстасць, варожасць, пагарду. І ў той момант яны могуць стаць глыбокім разрывам, які аддзяляе мужа і жонку і вядзе да пошуку разумення, падтрымкі і суцяшэння ў іншым месцы. Часта, аднак, такога роду “падтрымка” не мае на мэце карысці сям’і”, - сказаў Пантыфік.
Папа звярнуў увагу, што “вырачэнне сужэнскай любові пашырае крыўду ў адносінах”, а распад сям’і часта “кладзецца” на плечы дзяцей. “Цікава, ці мы, нягледзячы на, здавалася б, нашу развітую адчувальнасць і ўсе нашы складаныя псіхалагічныя аналізы, не сталі абыякавымі да ран душы дзяцей. Чым больш мы спрабуем узнагародзіць іх падарункамі і прысмакамі, тым больш губляем пачуццё самых глыбокіх і самых балючых ран душы. Мы шмат кажам аб паводзінскіх расстройствах, псіхічным здароўі, дабрабыце дзіцяці, неспакоі бацькоў і дзяцей... Але ці ведаем мы яшчэ, што такое рана душы? Ці адчуваем цяжар гары, якая руйнуе душу дзіцяці ў сем’ях, дзе дрэнна адносяцца да людзей, робяць адзін аднаму зло, нават да знішчэння сувязі сужэнскай вернасці? Наколькі важнай у нашых рашэннях, часам няправільных, з’яўляецца душа дзяцей? Калі дарослыя губляюць галаву, калі кожны думае пра сябе, калі мама і тата робяць адно аднаму зло, тады душа дзяцей пакутуе, перажывае адчай. І гэта раны, якія пакідаюць сляды на ўсё жыццё”, - адзначыў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што “ў сям’і ўсё ўзаемазвязана; калі яе душа недзе паранена, інфекцыя распаўсюджваецца на ўсіх”. Калі мужчына і жанчына, якія паабяцалі, што будуць адным целам і адной сям’ёй, апантана думаюць пра свае ўласныя патрэбы свабоды і задавальнення, такое “скажэнне” глыбока кранае сэрца і жыццё дзяцей, дадаў Пантыфік. “Шмат разоў дзеці, хаваючыся, плачуць у адзіноце, як жа часта. Мы павінны гэта зразумець. Муж і жонка - адно цела. А іх дзеці - цела ад іх цела. Калі мы ўзгадаем тую строгасць, з якой Езус павучае дарослых не крыўдзіць маленькіх (Мц 18, 6), мы лепш зразумеем Яго словы аб вялікай адказнасці за ахову сужэнскай сувязі, якая дала пачатак чалавечай сям’і (пар. Мц 19, 6-9). Калі мужчына і жанчына становяцца адным целам, усе раны і кожная нявернасць бацькі і маці ўплываюць на саму сутнасць жыцця дзяцей”, - заўважыў Святы Айцец.
Папа прызнаў, што “ёсць выпадкі, калі сепарацыя непазбежна” і “часам можа нават стаць маральна неабходнай”: гаворка ідзе пра сітуацыі, калі ўзнікае неабходнасць засцерагчы ад небяспекі сур’ёзных траўм, выкліканых запалохваннем і гвалтам, знявагай і эксплуатацыяй, адчужэннем і абыякавасцю, больш слабога сужонка або маленькіх дзяцей.
На заканчэнне катэхезы Пантыфік падзякаваў Богу за тое, што няма недахопу ў тых, “хто сведчаць вернасць сувязі, у якую паверылі, хоць яе адраджэнне здаецца немагчымым”. Папа прызнаўся, што калі сустракае сем’і, якія апынуліся ў складанай сітуацыі, заўсёды задае сабе пытанне: як ім дапамагчы? як іх суправаджаць, каб дзеці не сталі закладнікамі? “Гаворка ідзе пра вялікую любоў, каб падыходзіць да людзей з міласэрным сэрцам Бога”, - заключыў Святы Айцец.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|