Да моцнай і адважнай веры, якая дае стымул абвяшчаць надзею і жыццё сённяшняму свету, заклікаў Папа Францішак у разважаннях перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 28 чэрвеня. Пантыфік звярнуў увагу на ролю веры ў Езуса і Яго сілу ў жыцці кожнага чалавека, які ідзе праз розныя цяжкасці і праблемы.
“Сённяшняе Евангелле прапануе апісанне ўваскрасення дванаццацігадовай дачкі аднаго з начальнікаў сінагогі, які кідаецца да ног Езуса і просіць Яго: “Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна выздаравела і жыла” (Мк 5, 23), - нагадаў Папа. - У гэтай малітве мы адчуваем клопат кожнага з бацькоў пра жыццё і дабрабыт сваіх дзяцей. Але таксама назіраем вялікую веру ў Езуса, якую мае гэты чалавек. Таму, калі прыходзіць паведамленне, што яна мёртвая, Езус кажа: “Не бойся, толькі вер!” (Мк 5, 36) Гэтае слова Езуса абнадзейвае. Шмат разоў Ён таксама кажа нам: “Не бойся, толькі вер!” Пасля ўваходу ў дом Пан сказаў пакінуць яго ўсім плачучым і лямантуючым і звярнуўся да памерлага дзіцяці, кажучы: “Дзяўчынка, табе кажу, устань!” (Мк 5, 41) І адразу ж устала і пачала хадзіць. Тут мы бачым абсалютную ўладу Езуса над смерцю, якая для Яго, як сон, з якога можна абудзіцца. Езус перамог смерць і мае ўладу над фізічнай смерцю.
У рамках гэтага апісання евангеліст прапануе яшчэ адну падзею: вылячэнне жанчыны, якая на працягу дванаццаці гадоў пакутавала ад крывацёку. З-за хваробы, якая – у адпаведнасці з культурай той эпохі – рабіла яе “нячыстай”, яна павінна была пазбягаць любога кантакту з людзьмі – была прысуджана да грамадскай смерці. Гэтая ананімная жанчына ў натоўпе, які ішоў за Езусам, казала сабе: “Калі хаця б дакрануся да Яго вопраткі, выздаравею” (Мк 5, 28). Так яно і здарылася: імкненне да вызвалення штурхае яе да мужнасці і веры, калі можна так сказаць, яна “выцягвае” ад Пана вылячэнне.
Той, хто верыць, “дакранаецца” да Езуса і чэрпае ад Яго ласку, якая збаўляе. Вера менавіта і ёсць дотыкам Езуса і атрыманнем ад Яго ласкі, якая збаўляе, захоўвае ў нас духоўнае жыццё, ратуе нас ад многіх праблем. Езус гэта заўважыў і сярод людзей шукае твар жанчыны. Яна задрыжэла і выйшла наперад, і Ён кажа ёй: “Дачка, вера твая ўратавала цябе” (Мк 5, 34). Гэта голас нашага Нябеснага Айца, які кажа ў Езусе: “Дачка, ты не праклятая, ты не выключаная, ты – мая дачка. Я дарую табе ўсё!” Кожны раз, калі Езус набліжаецца да нас, калі ідзём да Яго з верай, мы чуем ад Айца: ты мой сын, ты мая дачка, ты аздароўлены, аздароўлена, дарую ўсё, вылечваю ўсіх і ўсё.
Гэтыя дзве падзеі – вылячэнне і ўваскрасенне з мёртвых – маюць адзін цэнтр: веру. Ідэя ясная і можа быць акрэслена ў адным пытанні, што мы павінны паставіць сабе: ці верым мы, што Езус можа вылечыць і абудзіць нас са смерці? Усё Евангелле напісана ў святле гэтай веры: Езус уваскрос, перамог смерць і дзякуючы Яго перамозе мы ўваскрэснем. Гэтая вера, што для першых хрысціян была ўпэўненасцю, можа згаснуць і стаць настолькі няўпэўненай, што некаторыя людзі блытаюць уваскрасенне з рэінкарнацыяй. Але Божае слова ў гэтую нядзелю запрашае нас жыць упэўненасцю ва ўваскрэсенні: Езус ёсць Панам, мае ўладу над злом і смерцю і хоча прывесці нас да дому Айца, дзе ёсць жыццё. Усе сустрэнемся там, мы ўсе, прысутныя сёння на плошчы, сустрэнемся ў доме Айца, у жыцці, якое дасць нам Езус.
Уваскрасенне Хрыста працуе ў гісторыі як прынцып абнаўлення і надзеі. Той, хто ў адчаі і смяротна стаміўся, калі даверыць сябе Езусу і Яго любові, можа пачаць жыць зноў, таксама пачаць новае жыццё. Змена жыцця – гэта шлях уваскрасення. Вера – гэта жыццёвая сіла, якая дае паўнату нашаму чалавецтву. І той, хто верыць у Хрыста, павінен быць чытэльны, бо падтрымлівае жыццё ў любой сітуацыі, каб усе адчулі, асабліва найбольш уразлівыя, любоў Бога, які вызваляе і збаўляе. Будзем прасіць у Пана, праз заступніцтва Дзевы Марыі, дар моцнай і адважнай веры, якая стымулюе нас да распаўсюджвання надзеі і жыцця сярод нашых братоў”.
Пасля малітвы і благаслаўлення Святы Айцец прывітаў розныя групы пілігрымаў з yсяго свету.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|