Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра сітуацыю “параненых сем’яў”
Слова Папы
05.08.2015 15:10

Пасля летняга перапынку Папа Францішак аднавіў сустрэчы з вернікамі ў рамках агульных аўдыенцый у Ватыкане. Першая з іх прайшла 5 жніўня ў Зале Паўла VI. Пантыфік прысвяціў катэхезу тэме так званых “параненых сем’яў”.

Аб складаных сітуацыях, якія ўзнікаюць у сямейным асяроддзі ў выніку непаразуменняў паміж сужонкамі, Святы Айцец ужо казаў падчас апошняй агульнай аўдыенцыі ў чэрвені. Сённяшнюю Папа прысвяціў клопату пра тых, хто пасля разводу ўступіў у новы несакрамэнтальны саюз.

“Касцёл добра ведае, што такая сітуацыя супярэчыць хрысціянскаму сакрамэнту. Тым не менш яго настаўніцкі позірк заўсёды чэрпае з сэрца Маці, сэрца, натхнёнага Святым Духам, якое заўсёды шукае карысці і збаўлення людзей. Вось чаму ён адчувае абавязак, “дзеля любові да праўды”, “добра распазнаваць сітуацыі”. Так выказваўся св. Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі “Familiaris consortio”, указваючы на прыклад адрознення паміж тымі, хто перажыў развод, і тымі, хто яго справакаваў”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, калі паглядзець на гэтыя новыя саюзы вачыма маленькіх дзяцей, можна ўбачыць, наколькі тэрміновай з’яўляецца патрэба ў развіцці ў хрысціянскіх супольнасцях сапраўднай адкрытасці ў адносінах да тых асобаў, якія перажываюць падобныя сітуацыі.

“Для гэтага важна, каб стыль супольнасці, яе мова, паводзіны заўсёды былі ўважлівымі да асобаў, пачынаючы ад дзяцей. Гэта яны найбольш пакутуюць ад такіх сітуацый. Больш за тое, як мы зможам раіць гэтым бацькам рабіць усё магчымае, каб вучыць дзяцей хрысціянскаму жыццю, даючы ім прыклад пераканаўчай і практыкаванай веры, калі будзем трымаць іх на дыстанцыі ад жыцця супольнасці, нібыта яны экскамунікаваныя? Не трэба дадаваць іншых цяжараў, акрамя тых, якія дзеці ў падобных сітуацыях ужо вымушаны несці на сабе! На жаль, колькасць такіх дзяцей і моладзі па-сапраўднаму вялікая. Важна, каб яны адчувалі, што Касцёл – гэта Маці, якая клапоціцца пра ўсіх, што ён заўсёды гатовы выслухаць і прыняць”, - сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, на працягу апошніх дзесяцігоддзяў Касцёл не быў ні “абыякавым”, ні “лянівым”; ён узрастаў ва ўсведамленні неабходнасці братэрскай і пільнай адкрытасці, у любові і праўдзе, да ахрышчаных, якія заключылі новыя саюзы пасля краху сакрамэнтальнага сужэнства. Гэтыя асобы не з’яўляюцца экскамунікаванымі, і не могуць такім чынам успрымацца – яны з’яўляюцца часткай Касцёла, яшчэ раз падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што на гэтую тэму выказваўся Бэнэдыкт XVI, заклікаючы да “пільнай праніклівасці” і “мудрага душпастырскага суправаджэння”, усведамляючы, што не існуе “простых рэцэптаў”.

“Адсюль неаднаразовы пастырскі заклік да адкрытай і належнай дэманстрацыі гатоўнасці супольнасці да прыняцця такіх асобаў і іх падтрымкі, каб перажывалі і ўсё больш развівалі сваю прыналежнасць да Хрыста і Касцёла праз малітву, слуханне Божага слова, часты ўдзел у літургіі, хрысціянскае выхаванне дзяцей, любоў і служэнне бедным, дзейнасць на карысць справядлівасці і міру. Біблійны вобраз Добрага Пастыра абагульняе місію, якую Езус атрымаў ад Айца, – аддаваць жыццё за авечак. Такая пазіцыя – гэта прыклад таксама і для Касцёла, які прымае сваіх дзяцей як Маці, што дае сваё жыццё за іх. Касцёл заўсёды пакліканы быць адкрытым домам Айца. Ніякіх зачыненых дзвярей! Розным чынам усе могуць удзельнічаць у касцёльным жыцці, усе могуць быць часткай супольнасці. Касцёл – гэта бацькоўскі дом, у якім ёсць месца для кожнага з яго складаным жыццём”, - адзначыў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Пантыфік нагадаў, што хрысціянскія сем’і пакліканы наследаваць Езуса і дапамагаць тым, якія перажылі складаныя сітуацыі. “Няхай усе выконваюць сваю ролю, наследуючы вобраз Добрага Пастыра, які ведае кожную са сваіх авечак і ніводнай не выключае са сваёй бясконцай любові!” - пажадаў напрыканцы сустрэчы з вернікамі Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.