Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Вера прарастае, калі дазваляем Айцу “прыцягнуць” нас да Езуса”
Слова Папы
09.08.2015 21:46

Недастаткова сустракаць Езуса, чытаць Біблію і быць сведкам цудаў, калі сэрца закрыта на дзейнасць Святога Духа, адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 9 жніўня.

“У гэтую нядзелю працягваецца чытанне шостага раздзела Евангелля паводле Яна, у якім Езус, пасля таго, як дзейсніў цуд памнажэння хлябоў, патлумачыў людзям значэнне гэтага “знаку” (Ян 6,41-51), – сказаў Святы Айцец. – Як учыніў раней з самаранкай, пачынаючы з досведу прагі і знаку вады, тут Езус пачаў ад досведу голаду і знаку хлеба, каб адкрыць самога сябе і заклікаць да веры ў сябе.

Народ Яго шукаў, народ Яго слухаў, бо прыняў цуды з энтузіязмам; хацеў зрабіць Яго каралём, але калі Езус сцвердзіў, што сапраўдны хлеб, падараваны Богам – гэта Ён сам, многія зняверыліся, не разумелі і пачыналі абурацца паміж сабой: “Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: “Я сышоў з неба?” (Ян 6, 42) І абураліся. Тады Езус адказаў ім: “Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго”, і дадаў: “хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае” (44.47).

Гэтае слова Пана нас здзіўляе і прымушае задумацца. “Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго” і “хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае”. Яно ўводзіць нас у дынаміку веры, якой з’яўляюцца адносіны: адносіны паміж чалавечай асобай – усімі намі – і Асобай Езуса, дзе вызначальную ролю грае Айцец і, канешне, Святы Дух, які тут маецца на ўвазе.

Недастаткова сустракаць Езуса, каб паверыць у Яго; недастаткова чытаць Біблію, Евангелле – што, безумоўна, важна, але гэтага недастаткова; недастаткова нават быць сведкам цудаў, як, напрыклад, памнажэння хлябоў... Многія людзі мелі блізкі кантакт з Езусам і не паверылі ў Яго, больш за тое, нават пагардзілі Ім і асудзілі Яго. І я задаю сабе пытанне: чаму так? Ці не прывабліваў іх Айцец? Так адбылося таму, што іх сэрца было закрытым на дзейнасць Святога Духа. Калі маеш сэрца закрытае – вера не ўваходзіць. Бог Айцец заўсёды прыцягвае да Езуса; але гэта мы адкрываем і закрываем нашы сэрцы. Вера, аднак, якая з’яўляецца нібыта зернем, кінутым у глыбіню сэрца, – прарастае, калі дазваляем Айцу “прыцягнуць” нас да Езуса, і “ідзем да Яго” з адкрытай душой і адкрытым сэрцам, без прадузятасцяў; тады распазнаем у Яго абліччы – аблічча Бога, а ў Яго словах – слова Божае, бо Дух Святы ўводзіць нас у адносіны любові і жыцця, якія існуюць паміж Езусам і Богам Айцом. І тут мы атрымліваем дар, дар веры.

Таму, з такой пазіцыяй веры, можам зразумець таксама сэнс “Хлебу жыцця”, які Езус нам ахвяруе, і які выразіў наступным чынам: “Я – хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё дзеля жыцця свету” (Ян 6, 51). У Езусе, у Яго “целе” – гэта значыць у Яго канкрэтнай чалавечнасці – прысутнічае ўся любоў Бога, якой з’яўляецца Святы Дух. Каго прыцягне гэтая любоў – той пойдзе да Езуса ў веры і атрымае ад Яго жыццё, жыццё вечнае.

Узорным чынам гэты досвед перажыла Панна з Назарэта, Марыя: першая чалавечая асоба, якая паверыла ў Бога, прыняўшы цела Езуса. Будзем вучыцца ад Яе, нашай Маці, радасці і ўдзячнасці за дар веры. Дар, які не з’яўляецца “прыватным”, не з’яўляецца “прыватнай уласнасцю”, але які павінен быць раздзелены: гэты дар “для жыцця свету”!”

Пасля малітвы Папа Францішак выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Сальвадоры, абцяжараным засухай, эканамічным крызісам і ростам насілля. Папа заклікаў народ краіны заставацца паяднаным у надзеі і папрасіў вернікаў маліцца, каб на роднай зямлі бл. Оскара Рамэра запанавалі справядлівасць і мір.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.