Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: час свята – сакральны, таму што Бог прабывае ў ім асаблівым чынам
Слова Папы
12.08.2015 14:07

Пра значэнне святаў у жыцці сям’і распавёў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 12 жніўня. У бліжэйшых катэхезах Пантыфік будзе казаць таксама пра іншыя два элементы сямейнага жыццёвага рытму: працу і малітву.

Папа адзначыў, што свята – гэта “вынаходніцтва Бога”, аб чым кажа Святое Пісанне: сам Бог адпачыў пасля шасці дзён стварэння. Ён, па словах Святога Айца, нас вучыць, наколькі важна прысвячаць час сузіранню і атрыманню радасці ад таго, што было цудоўна зроблена.

“Такім чынам свята – гэта не лянівае праседжванне ў крэсле або ап’яненне ад пустых забаваў. Свята – гэта перш за ўсё любячы і ўдзячны позірк на добра зробленую працу (...). Гэта час, каб глядзець на дзяцей ці ўнукаў, якія падрастаюць, і думаць: якія цудоўныя! Гэта час, каб паглядзець на наш дом, на сяброў, якіх прымаем, на грамадства, якое нас акружае, і думаць: якія добрыя гэтыя справы! Бог рабіў так, калі стварыў свет. Ён і працягвае так рабіць, таму што стварае заўсёды, нават зараз!” - сказаў Папа.

Пантыфік параіў прасіць у Бога сіл, калі свята праходзіць у складаных і балючых умовах. Таксама Святы Айцец ацаніў любоў бацькоў, здольных “праглынаць незадаволенасць”, каб дазволіць дзецям добра перажыць свята. Папа падкрэсліў важнасць і карыснасць святочных момантаў у працоўных калектывах.

“Але сапраўдны час свята прыпыняе прафесійную працу – ён сакральны, бо нагадвае, што мужчына і жанчына створаны на вобраз Бога, які з’яўляецца не рабом працы, але Панам. Таму таксама і мы павінны быць не рабамі працы, але “гаспадарамі”. Ёсць адзін загад аб гэтым, які тычыцца ўсіх, не выключаючы нікога! Мы, аднак, ведаем, што існуюць мільёны мужчын і жанчын і нават дзяцей, якія з’яўляюцца рабамі працы! Гэта ў наш час існуюць рабы! Іх эксплуатуюць (...), а гэта супраць Бога і супраць чалавечай годнасці!” - сказаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, “апантанасць эканамічным прыбыткам і тэхнічнай эфектыўнасцю пагражае чалавечаму жыццёваму рытму”.

“Час адпачынку, асабліва ў нядзелю, прызначаны для нас, каб маглі радавацца таму, што не вырабляецца і не спажываецца, што не купляецца і не прадаецца. Мы, аднак, бачым, што ідэалогія прыбытку і спажывецтва хоча паглынуць таксама і святы: таксама і яны часам зводзяцца да “бізнесу”, спосабу зарабляць і траціць грошы. Але ці для гэтага мы працуем? Прагнасць спажывання, якая вядзе да марнатраўства, – гэта брудны вірус, які, між іншым, стамляе нас яшчэ больш, чым былі стомлены раней. Ён шкодзіць сапраўднай працы і з’ядае жыццё. Неўрэгуляваныя рытмы святаў выклікаюць ахвяры, часта сярод моладзі”, - сказаў Папа.  

Пантыфік падкрэсліў, што час свята – сакральны, таму што Бог прабывае ў ім асаблівым чынам. Нядзельная Эўхарыстыя, дадаў Папа, напаўняе свята прысутнасцю Езуса Хрыста, Яго любоўю, ахвярай, здольнасцю ствараць супольнасць, прабываннем сярод нас; дзякуючы гэтаму ўсё набывае свой поўны сэнс: праца, сям’я, штодзённыя радасці і цяжкасці, у тым ліку пакуты і смерць. Усе перамяняецца ласкай Хрыста, адзначыў Святы Айцец.

Напрыканцы катэхезы Пантыфік заахвоціў да адкрыцця і падтрымкі сапраўднай каштоўнасці святочных момантаў, асабліва нядзелі. “Свята – гэта каштоўны падарунак Бога чалавечай сям’і: не занядбаем яго!” – заклікаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.