Папа Францішак: “Эўхарыстыя, калі прымаем яе з верай, перамяняе наша жыццё ў дар Богу і братам” |
Слова Папы |
16.08.2015 17:19 |
Эўхарыстычная Камунія, калі прымаецца з верай, перамяняе жыццё ў дар для Бога і блізкіх, адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 16 жніўня. Пантыфік прысвяціў сваё разважанне значэнню Эўхарыстыі ў штодзённым жыцці вернікаў. “У гэтыя нядзелі літургія прапануем нам прамову Езуса, з Евангелля паводле Яна, аб “Хлебе жыцця”, якім з’яўляецца Ён сам, а таксама сакрамэнт Эўхарыстыі, – сказаў Папа. – Сённяшні ўрывак прадстаўляе апошнюю частку гэтай прамовы і звяртае ўвагу на некаторых людзей, якія абураліся словамі Езуса: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6, 54). Здзіўленне слухачоў – зразумелае; Езус выкарыстоўваў стыль, уласцівы прарокам, каб выклікаць у людзей – а таксама і ў нас – пытанні, а затым і рашэнне. Перш за ўсё пытанне: што значыць “спажываць цела і піць кроў” Езуса? Гэта толькі вобраз, сімвал ці гэта ўказвае на штосьці рэальнае? Каб адказаць, неабходна адчуць, што адбывалася ў сэрцы Езуса, калі ламаў хлябы для галоднага народа. Ведаючы, што павінен памерці за нас на крыжы, Езус атаясамліваў сябе з гэтым паламаным і падзеленым хлебам, які станавіўся для Яго “знакам” Ахвяры, што чакала Яго. Гэты працэс мае сваю кульмінацыю ў Апошняй Вячэры, дзе хлеб і віно па-сапраўднаму сталі Яго Целам і Крывёй. Гэта Эўхарыстыя, якую Езус нам пакінуў з дакладнай мэтай: каб мы маглі стаць адно з Ім. Таму Ён казаў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, трывае ўва Мне, а Я ў ім” (Ян 6, 56). Камунія – гэта ўпадабненне: спажываючы Яго, становімся, як Ён. Але гэта патрабуе нашага “так”, нашай адданасці веры. (AG) |