Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: “Калі праца становіцца закладнікам логікі чыстага прыбытку, атручанасць душы забруджвае ўсё”
Слова Папы
19.08.2015 12:32

Важнасць працы для фарміравання сям’і адзначыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 19 жніўня, працягваючы цыкл катэхез пра сям’ю. Навучыцца працавітаму стылю жыцця можна ў першую чаргу ў сям’і, праз прыклад бацькоў, якія працуюць дзеля дабра сям’і і грамадства, сказаў Пантыфік.

“Пра сур’ёзную і сумленную асобу кажуць: “Гэта рабацяга”. Гэта той, хто ў супольнасці не жыве на плячах у іншых”, - заўважыў Папа. Менавіта праца, у тысячы сваіх формаў, пачынаючы ад хатняй, спрыяе супольнаму дабру, дадаў Святы Айцец.

“У Евангеллі Святая Сям’я з Назарэта паўстае ў якасці сям’і працаўнікоў, а самога Езуса называлі “сынам цесляра” (Мц 13, 55) ці нават проста “цесляром” (Мк 6, 3). Святы Павел папярэджваў хрысціян: “Хто не хоча працаваць, няхай і не есць” (2Тэс 3, 11). Праца і духоўнае жыццё, у хрысціянскім разуменні, не супярэчаць адно аднаму. Важна зразумець гэта! Малітва і праца могуць і павінны знаходзіцца ў гармоніі, як навучаў св. Бэнэдыкт. Недахоп працы шкодзіць таксама і духу, як недахоп малітвы шкодзіць практычнай дзейнасці”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што працоўная дзейнасць выражае годнасць чалавечай асобы – істоты, створанай на вобраз Божы. “Таму кажуць, што праца – сакральная. Па гэтай прычыне кіраванне занятасцю – гэта вялікая чалавечая і сацыяльная адказнасць, якая не можа быць аддадзена ў рукі вузкага кола людзей ці “скінута” на абагаўлёны “рынак”. Правакаваць страту працоўных месцаў азначае правакаваць цяжкі сацыяльны ўрон”, - заўважыў Пантыфік.

Па словах Папы, праца, як і свята, з’яўляецца часткай задумы Бога Стварыцеля, і людзі адказныя за тое, каб зразумець і прыняць яе да самой глыбіні. Пантыфік нагадаў, што яго энцыкліка “Laudato sì’” аб інтэгральнай экалогіі таксама ўтрымлівае гэтае пасланне: прыгажосць зямлі і годнасць працы створаны, каб існаваць разам.

“Калі праца адлучаецца ад запавету Бога з мужчынам і жанчынай, калі аддзяляецца ад іх духоўных якасцяў, калі становіцца закладнікам логікі чыстага прыбытку і пагарджае жыццёвымі пачуццямі, атручанасць душы забруджвае ўсё: таксама і паветра, ваду, расліны, ежу... Грамадскае жыццё псуецца, і арэал пражывання разбураецца. Наступствы гэтага ўдараюць, у першую чаргу, па самых бедных асобах і сем’ях. Сучасная арганізацыя працы часам дэманструе небяспечную тэндэнцыю разглядання сям’і ў якасці ярма, цяжару, пасіўнасці для працоўнай прадуктыўнасці. Але спытаем: якой прадуктыўнасці? І для каго? Так званы “разумны горад”, без сумніваў, багаты паслугамі і добра арганізаваны, аднак, напрыклад, часта варожы да дзяцей і пажылых людзей”, - сказаў Папа.

Пантыфік назваў сям’ю “важным індыкатарам”. “Калі арганізацыя працы трымае сям’ю ў закладніках ці нават становіцца ў яе на шляху, тады можам быць упэўнены, што чалавечае грамадства пачало працаваць супраць самога сябе!” – азначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў хрысціянскія сем’і несці свету фундаментальныя якасці Божага стварэння: тоеснасць або сувязь мужчыны і жанчыны, нараджэнне дзяцей, працу, якая робіць зямлю ўтульнай, а свет адпаведным для пражывання. “Згуба гэтых фундаментальных рэчаў – вельмі сур’ёзная справа, а ў супольным доме ўжо існуе шмат расколінаў”, - папярэдзіў Папа Францішак на заканчэнне катэхезы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.