Падчас сваёй «юбілейнай», сотай па ліку, агульнай аўдыенцыі 26 жніўня Папа Францішак нагадаў пра важнасць малітвы ў сям’і. Пантыфік заўважыў, што часта хрысціяне наракаюць на недахоп часу як на перашкоду для добрай малітвы. Іх расчараванне – шчырае, бо без малітвы чалавечае сэрца не знаходзіць спакою. Таму, на думку Папы, вельмі важна весці жывы дыялог з Богам, які ў стане закрануць пачуцці і абудзіць гарачую любоў да Яго.
«Сэрца, у якім палае любоў да Бога, ператварае ў малітву таксама і думкі, без слоў, або кароткі заклік перад святым абразом, або жэст любові і пашаны, які мы здзяйсняем, праходзячы побач з касцёлам. Як цудоўна, калі маці вучаць сваіх маленькіх дзяцей пасылаць пацалунак Езусу і Маці Божай. Колькі пяшчоты ў гэтым! У такі момант сэрца дзіцяці перамяняецца ў месца малітвы. Гэта дар Святога Духа. Не будзем забывацца прасіць аб гэтым дары для кожнага з нас», – сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што менавіта Святы Дух пасылае дар сыноўскіх адносінаў з Богам, дзякуючы якім чалавек ніколі не адчувае сябе ў адзіноце, і «прасіць аб гэтым дары і цаніць яго вучаць менавіта ў сям’і». Па словах Пантыфіка, калі дзеці засвойваюць гэта з той жа лёгкасцю, з якой вучацца казаць словы «тата» і «мама», уся сям’я прабывае нібыта «ва ўлонні Божай любові” і здольная «спантанна знайсці час на малітву».
«Мы ведаем добра, што час у сям’і з’яўляецца часам складаным і запоўненым, занятым і поўным клопатаў. Яго заўсёды мала і ніколі не хапае, заўсёды трэба шмат што зрабіць. Хто мае сям’ю, хутка вучыцца вырашаць такія ўраўненні, якія не здольныя вырашыць нават матэматыкі: як на працягу 24 гадзін зрабіць у два разы больш! Існуюць маці і бацькі, якія маглі б атрымаць Нобелеўскую прэмію за гэта. За 24 гадзіны робяць столькі, колькі звычайна выконваецца за 48! Я не ведаю, як у іх гэта атрымліваецца, але яны бяруць сябе ў рукі і робяць! У сям’і вельмі шмат працы!» – сказаў Папа.
Дух малітвы, дадаў Пантыфік, прысвячае час Богу, вызваляе з прывязанасці да жыцця, у якім заўсёды не хапае часу, дапамагае знайсці спакой у неабходных рэчах і адкрывае радасць нечаканых дароў. На думку Папы, добрымі праваднікамі ў гэтай сферы з’яўляюцца дзве сястры: Марта і Марыя, аб якіх распавядае Евангелле.
«Яны навучыліся ад Бога гармоніі рытмаў сямейнага жыцця: прыгажосці святкавання, спакою працы, духу малітвы. Іх святам было наведванне Езуса, якога яны любілі. Аднойчы, аднак, Марта спазнала, што клопат аб гасцях, нягледзячы на сваю важнасць, не з’яўляецца ўсім. Слуханне Пана, якім займалася Марыя, было па-сапраўднаму істотным, “найлепшай часткай” часу. Малітва выплывае са слухання Езуса, з чытання Евангелля – не забывайцеся кожны дзень чытаць па ўрыўку з Евангелля. Малітва выплывае з блізкасці са Словам Божым», – падкрэсліў Папа.
На заканчэнне катэхезы Пантыфік нагадаў вернікам, што Евангелле, якое чытаюць і над якім разважаюць у сям’і, становіцца нібыта добрым хлебам, які насычае сэрцы ўсіх. Папа заклікаў практыкаваць малітву раніцай і вечарам, перад пасілкам, калі сям’я збіраецца за сталом. У такой малітве, па словах Святога Айца, прыходзіць сам Езус, як гэта адбывалася ў сям’і Марты, Марыі і Лазара.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|