Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Без ачышчанага сэрца нельга мець па-сапраўднаму чыстых рук»
Слова Папы
30.08.2015 23:56

Без ачышчанага сэрца нельга мець па-сапраўднаму чыстых рук і вуснаў, якія прамаўляюць шчырыя словы любові, міласэрнасці і прабачэння, адзначыў Папа Францішак перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 30 жніўня.

«Евангелле гэтай нядзелі прадстаўляе дыспут паміж Езусам і некаторымі фарысеямі і кніжнікамі, – сказаў Папа. – Дыскусія тычылася каштоўнасці “традыцыі старэйшых” (Мк 7, 3), якую Езус, абапіраючыся на прарока Ісаю, акрэсліў “людской запаведдзю”, што ніколі не павінна займаць месца “запаведзі Божай”. Старажытныя прадпісанні, якія абмяркоўваліся, утрымлівалі ў сабе не толькі запаведзі Божыя, адкрытыя Майсею, але і серыю наказаў, якія ўдакладнялі прадпісанні Майсеевага закону. Суразмоўцы спаўнялі гэтыя нормы вельмі скрупулёзна і прадстаўлялі ў якасці выразу сапраўднай рэлігійнасці. Таму ставілі ў папрок Езусу і Ягоным вучням парушэнне іх, асабліва тых, якія тычыліся знешняга ачышчэння цела. Адказ Езуса мае сілу прароцкага абвяшчэння: “Вы пакінулі запаведзь Божую, а трымаецеся чалавечай традыцыі” (8). Гэтая словы напаўняюць нас захапленнем нашым Настаўнікам: мы адчуваем, што ў Ім ёсць праўда, і Яго мудрасць вызваляе нас ад забабонаў.

Але ўвага! Гэтымі словамі Езус жадае папярэдзіць таксама і нас, сёння, каб не лічылі знешняе захаванне законаў дастатковым для быцця добрымі хрысціянамі. Як тады для фарысеяў, таксама і для нас існуе небяспека лічыць сябе ў парадку ці, яшчэ горш, лепшымі за іншых па адной толькі прычыне выканання правілаў, звычаяў, нават калі не любім бліжняга, з’яўляемся цвёрдымі сэрцам, ганарыстымі, пыхлівымі. Літаральнае выкананне прадпісанняў – гэта нешта стэрыльнае, калі не змяняе сэрца і не перамяняецца ў канкрэтныя дзеянні: адкрытасць на сустрэчу з Богам і Яго словам, пошук справядлівасці і міру, дапамогу бедным, слабым, прыгнечаным. Мы ўсе ведаем, у нашых супольнасцях, парафіях, кварталах, колькі зла чыняць Касцёлу і як правакуюць людзей тыя, хто называе сябе вялікімі католікамі і часта ходзяць у храм, а затым, у штодзённым жыцці, забываюць пра сям’ю, кепска кажуць пра іншых і гэтак далей. Гэта тое, што Езус асуджаў, бо гэта антыхрысціянскае сведчанне.

Працягваючы свой зварот, Езус засяродзіў увагу на адным вельмі глыбокім аспекце і сцвердзіў: “Няма нічога, што магло б, уваходзячы звонку ў чалавека, зрабіць яго нячыстым, але тое робіць чалавека нячыстым, што выходзіць з яго” (15). Такім чынам Ён падкрэсліў першаснасць унутранага, першаснасць “сэрца”: не толькі знешнія рэчы чыняць нас святымі, але менавіта сэрца выражае нашы інтэнцыі, рашэнні і жаданне рабіць усё дзеля любові да Бога. Знешнія дзеянні – гэта наступствы таго, што мы вырашылі ў сэрцы, а не наадварот: праз знешнія дзеянні, калі сэрца не зменіцца, не становімся добрымі хрысціянамі. Мяжа паміж дабром і злом не праходзіць па-за намі, але перш за ўсё ўнутры нас. Мы можам задаць сабе пытанне: дзе маё сэрца? Езус казаў: “Дзе твой скарб, там і сэрца”. У чым мой скарб: у Езусе, у Яго навучанні? Тады сэрца добрае? Ці наш скарб – нешта іншае? Таму менавіта сэрца павінна быць ачышчаным і навярнуцца. Без ачышчанага сэрца нельга мець па-сапраўднаму чыстых рук і вуснаў, якія прамаўляюць шчырыя словы любові, міласэрнасці, прабачэння. Гэта можна чыніць толькі з шчырым і ачышчаным сэрцам.

Папросім Пана, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны, падарыць нам чыстыя сэрцы, свабодныя ад крывадушша. Гэта прыметнік, якім Езус называў фарысеяў: “крывадушныя”, бо казалі адно, а рабілі іншае. Папросім, каб былі здольнымі жыць паводле духу закона і дасягнуць яго мэты, якой з’яўляецца любоў».

Пасля малітвы Папа традыцыйна благаславіў вернікаў і заклікаў не забываць маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.