Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Сямейны стыль у міжчалавечых адносінах – гэта благаслаўленне для народа»
Слова Папы
02.09.2015 15:56

Аб неабходнасці больш сямейнай арганізацыі свету казаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 2 верасня. У сваёй катэхезе Пантыфік падкрэсліў, што нельга супрацьпастаўляць веру ў Бога і сямейны стыль жыцця.

Падобныя ідэі, як адзначыў Святы Айцец, узнікаюць пры памылковай інтэрпрэтацыі словаў Хрыста: «Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне» (Мц 10, 37-38).

Папа падкрэсліў, што «Езус не жадаў адмяняць чацвёртай запаведзі», а наадварот, калі казаў пра першаснасць веры ў Бога, не знаходзіў лепшага параўнання, чым з сямейнымі пачуццямі. «З іншага боку, гэтыя сямейныя сувязі, у досведзе веры і любові Божай, перамяняюцца, “напаўняюцца” яшчэ большым сэнсам і становяцца здольнымі выходзіць па-за сябе, каб ствараць больш шырокае айцоўства і мацярынства і каб прымаць, як братоў і сясцёр, таксама і тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне любых сувязяў», – сказаў Святы Айцец.

Па словах Пантыфіка, «мудрасць пачуццяў», якія не купляюцца і не прадаюцца – гэта найлепшая якасць «сямейнага генія”, і ўзрастаць у ёй вучацца менавіта ў сям’і, праз яе Бог дазваляе ўсім зразумець сябе.

Папа адзначыў, што заклік размясціць сямейныя пачуцці ў сферы паслухмянасці веры і запавету з Панам не прыніжае іх, а наадварот, бароніць, пазбаўляе эгаізму і захоўвае ад дэградацыі, вядзе ў бяспечнае месца для жыцця, якое не памірае. Сямейны стыль у міжчалавечых адносінах – гэта благаслаўленне для народа, якое вяртае надзею на зямлю, сказаў Пантыфік.

«Калі сямейныя пачуцці атрымліваецца перамяняць ў сведчанне Евангелля, яны становяцца здольнымі да неверагодных рэчаў, якія дазваляюць дакрануцца да справаў, якія Бог здзяйсняе ў гісторыі, як тых, што Езус чыніў для мужчын, жанчын ці дзяцей, якіх сустракаў. Адна толькі ўсмешка, цудоўным чынам вырваваная з адчаю пакінутага дзіцяці, якое пачынае жыць, тлумачыць нам дзейнасць Бога ў свеце лепш, чым тысячы тэалагічных трактатаў. Адзін толькі мужчына ці адна жанчына, здольныя рызыкнуць і ахвяравацца дзеля дзіцяці іншых людзей, а не толькі дзеля ўласнага, тлумачаць любоў, якую многія навукоўцы не зразумеюць ніколі. Там, дзе ёсць сямейныя пачуцці, нараджаюцца сардэчныя жэсты, якія прамаўляць да нас мацней за словы. Жэсты любові!» – сказаў Папа.

Святы Айцец прапанаваў вернікам задумацца, наколькі б мог змяніцца свет, калі б кіраўніцтва ім было перададзена запавету мужчыны і жанчыны з Богам. «Падумайце пра развіццё гэтага сведчання сёння. Уявім сабе, што стырно гісторыі (грамадства, эканомікі, палітыкі) будзе нарэшце перададзена саюзу мужчыны і жанчыны, каб кіравалі ім з позіркам, скіраваным на наступныя пакаленні. Тэмы зямлі і дому, эканомікі і працы, сталі б музыкай, якая б загучала зусім па-іншаму!» – падкрэсліў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, запавет сям’і з Богам пакліканы супрацьстаяць «апустыньванню» сучасных гарадоў, бедных на любоў і ўсмешкі. «Ніводная эканамічная ці палітычная інжынерыя не ў стане замяніць уклад сем’яў», – сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заўважыў, што адзінству харызматаў, якія даюцца ў сакрамэнце сужэнства і падчас прысвячэння Валадарству Божаму, прадвызначана перамяніць Касцёл у сапраўднае сямейнае месца сустрэчы з Богам, а сям’я, у якой любяць, можа распаліць сэрцы нашых гарадоў сваім сведчаннем любові.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.