«Бог не закрыты сам у сабе, але адкрываецца і ўстанаўлівае камунікацыю з чалавецтвам. У сваёй бязмежнай міласэрнасці Ён пераўзыходзіць бездань бясконцай розніцы паміж сабой і намі і выходзіць нам насустрач», – сказаў Папа Францішак у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 6 верасня ў Ватыкане.
«Сённяшняе Евангелле (Мк 7, 31-37) апавядае аб аздараўленні Езусам глуханямога, аб цудоўнай падзеі, якая паказвае, як Езус устанавіў поўную камунікацыю чалавека з Богам і іншымі людзьмі. Цуд адбыўся пасярод зямель Дэкаполіса, гэта значыць на цалкам язычніцкай тэрыторыі; таму гэты глуханямы, прыведзены да Езуса, становіцца сімвалам няверуючага, што здзяйсняе шлях да веры. На самой справе яго глухата выражае няздольнасць слухаць і разумець не толькі словы людзей, але таксама і слова Божае. А святы Павел нагадвае нам, што “вера – ад пачутага” (Рым 10, 17).
Першае, што Езус учыніў з гэтым чалавекам, – адвёў яго далей ад натоўпу: Ён не хацеў рэкламаваць жэст, які збіраўся ўчыніць. Не хацеў таксама, каб Яго слова было заглушана галасамі і плёткамі асяроддзя. Слова Божае, якое Хрыстус нам перадае, патрабуе цішыні, каб быць прынятым, як слова, што аздараўляе, яднае і ўстанаўлівае камунікацыю.
Затым маюць месца два жэсты Езуса. Ён дакрануўся да вушэй і языка глуханямога. Каб устанавіць адносіны з гэтым чалавекам, “заблакаваным” у камунікацыі, Ён спрабаваў, у першую чаргу, устанавіць кантакт. Але цуд – гэта дар з вышыні, аб якім Езус папрасіў Айца; таму Ён паглядзеў на неба і сказаў: “Адкрыйся”. Вушы глухога адкрыліся і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна (пар. 35).
Навучанне, якое можам вынесці з гэтага ўрыўку, заключаецца ў тым, што Бог не закрыты сам у сабе, але адкрываецца і ўстанаўлівае камунікацыю з чалавецтвам. У сваёй бязмежнай міласэрнасці Ён пераўзыходзіць бездань бясконцай розніцы паміж сабой і намі і выходзіць нам насустрач. Каб рэалізаваць гэтую камунікацыю з чалавекам, Бог уцелавіўся: Яму было не дастаткова прамаўляць да нас праз закон і прарокаў, але Ён стаў прысутным у асобе свайго Сына, уцелаўлёнага Слова. Езус – гэта вялікі “будаўнік мастоў”, які ў самім сабе будуе вялікі мост поўнага адзінства з Айцом.
Але гэтае Евангелле кажа і аб нас саміх: часта мы з’яўляемся засяроджанымі і закрытымі ў саміх сябе і ствараем шмат недасяжных і негасцінных астравоў. Нават самыя элементарныя чалавечыя адносіны часам ствараюць рэальнасці, няздольныя на ўзаемную адкрытасць: закрытая пара, закрытая сям’я, закрытая група, закрытая парафія, закрытая айчына... Гэта не паходзіць ад Бога! Гэта наш грэх.
Тым не менш у пачатку нашага хрысціянства жыцця, у хросце, прысутнічае менавіта гэты жэст і гэтае слова Езуса: “Эффата – Адкрыйся!” І споўніўся цуд: мы аздаравіліся ад глухаты эгаізму і нематы закрытасці і граху і былі ўключаны ў вялікую сям’ю Касцёла; можам слухаць Бога, які прамаўляе да нас, і перадаваць Яго слова тым, хто яго ніколі не чуў, ці забыў аб ім, ці пахаваў пад цернямі турботаў і падманаў свету.
Папросім Найсвяцейшую Панну, жанчыну слухання і радаснага сведчання, падтрымліваць нас у вызнанні нашай веры і перадачы цудаў Пана тым, каго сустракаем на нашым шляху», – сказаў Папа.
Пасля малітвы Пантыфік звярнуўся з заклікам на іспанскай мове ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на мяжы паміж Венесуэлай і Калумбіяй, якую ў гэтыя дні сабраліся абмеркаваць мясцовыя біскупы. Святы Айцец заахвоціў венесуэльскі і калумбійскі народы маліцца, каб у духу салідарнасці і братэрства пераадолець цяперашнія цяжкасці.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|