Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Касцёл, які сапраўды адпавядае Евангеллю, не можа не мець форму гасціннага дома»
Слова Папы
09.09.2015 12:46

Пра тэрміновую важнасць ажыўлення сувязі паміж сям’ёй і касцёльнай супольнасцю казаў Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 9 верасня. Святы Айцец заўважыў, што сям’я і парафія павінны здзейсніць цуд больш супольнага жыцця дзеля дабра ўсяго грамадства.

Сувязь паміж імі можна назваць «натуральнай», бо Касцёл – гэта духоўная сям’я, а сям’я – гэта маленькі Касцёл, сказаў Пантыфік.

«Хрысціянская сям’я – гэта дом тых, хто верыць у Езуса, як у крыніцу братэрства паміж усімі людзьмі. Касцёл крочыць пасярод народаў, у гісторыі мужчын і жанчын, бацькаў і маці, сыноў і дачок: гэта тая гісторыя, якая важна Пану. Вялікія падзеі моцных гэтага свету запісваюцца ў падручнікі па гісторыі і там застаюцца. Але гісторыя чалавечых пачуццяў запісваецца непасрэдна ў сэрцы Божым; гэта тая гісторыя, якая застаецца навекі. Гэта месца жыцця і веры. Сям’я – гэта месца нашага незаменнага, незваротнага ўваходу ў гісторыю – у гісторыю поўнага жыцця, якое скончыцца сузіраннем Бога праз усю вечнасць у небе. Але пачынаецца яна ў сям’і. І таму сям’я з’яўляецца настолькі важнай», – сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што і Езус да канца прайшоў гэтым шляхам: Ён нарадзіўся ў сям’і, у маленькім і нязначным мястэчку, і там «вучыўся свету»; «жывучы трыццаць гадоў гэтым досведам, Езус прыняў на сябе чалавечы стан, злучаючы яго са сваім адзінствам з Айцом і сваёй апостальскай місіяй». «Затым, калі пакінуў Назарэт і пачаў публічнае жыццё, Езус сфармаваў вакол сябе супольнасць, “асамблею”, што значыць сабранне людзей. Гэта значэнне слова “касцёл” », – адзначыў Пантыфік.

«У Евангеллі супольнасць Езуса мае форму сям’і, гасціннай сям’і, а не закрытай секты: тут мы бачым Пятра і Яна, але таксама галоднага і прагнучага, чужынца і таго, каго пераследуюць, грэшніцу і мытніка, фарысеяў і натоўпы. І Езус нястомна прымае і размаўляе з усімі, нават з тымі, хто больш не чакаў сустрэць Бога ў сваім жыцці. Гэта вельмі моцны ўрок для Касцёла! Вучні былі выбраны, каб клапаціцца аб гэтай асамблеі, гэтай сям’і гасцей Божых», – звярнуў увагу Папа.

Па словах Пантыфіка, каб сёння працягвала існаваць гэтая рэчаіснасць асамблеі Езуса, неабходна ажывіць саюз паміж сям’ёй і хрысціянскай супольнасцю. «Можам сказаць, што сям’я і парафія – гэта два месцы, у якіх рэалізуецца тое адзінства любові, што мае сваю апошнюю крыніцу ў самім Богу. Касцёл, які сапраўды адпавядае Евангеллю, не можа не мець форму гасціннага дома, з заўсёды адчыненымі дзвярыма. Касцёлы, парафіі, структуры з зачыненымі дзвярыма не павінны называцца касцёламі, але музеямі!» – падкрэсліў Папа.

Сёння саюз паміж сям’ёй і хрысціянскай супольнасцю мае ключавое значэнне, заўважыў Пантфік і дадаў, што неабходна пакладаць надзею не на цэнтры ідэалагічнай, фінансавай, палітычнай улады, а менавіта на гэтыя асяродкі любові, евангелізуючыя, багатыя чалавечым цяплом, заснаваныя на салідарнасці, а таксама на ўзаемным прабачэнні.

Святы Айцец заклікаў сем’і актыўна ўключацца ў жыццё Касцёла, а касцёльныя супольнасці спрыяць дыялогу, разуменню і ўзаемнай павазе. «Сям’я і парафія павінны здзейсніць цуд больш супольнага жыцця для ўсяго грамадства», – сказаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.