Ісці за Езусам азначае ўзяць yласны крыж, каб суправаджаць Яго на нязручным шляху, які вядзе не да поспеху і мінаючай хвалы, але да сапраўднай свабоды, якая вызваляе ад эгаізму і граху. З такімі словамі Папа Францішак звярнуўся перад малітвай «Анёл Панскі» 13 верасня.
«Сённяшняе Евангелле паказвае нам Езуса, які па дарозе да Цэзарыі Філіпавай пытаўся ў вучняў, кажучы ім: “Кім людзі лічаць Мяне?” (Мк 8, 27) Яны адказвалі, што некаторыя лічылі Яго ўваскрослым Янам Хрысціцелем, іншыя Іллёю ці адным з вялікіх прарокаў. Народ шанаваў Езуса, лічыў Яго “пасланнікам Божым”, але яшчэ не мог убачыць у Ім Месію, прадказанага і чаканага ўсімі. “А вы кім лічыце Мяне?” (29). Вось самае важнае пытанне, з якім Езус звярнуўся непасрэдна да тых, хто наследаваў Яго, каб праверыць іх веру. Езус быў уражаны верай Пятра. Ён прызнаў, што яна была плёнам асаблівай ласкі Бога Айца. І тады адкрыў вучням, што чакала Яго ў Ерузалеме, гэта значыць, што “Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець... і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць” (31).
Пачуўшы гэта, сам Пётр, які толькі што вызнаў сваю веру ў Езуса як Месію, абурыўся гэтым словам. Ён адвёў Настаўніка ў бок і пачаў дакараць Яго. А як адрэагаваў Езус? Ён, у сваю чаргу, дакарнуў Пятра вельмі строгімі словамі: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае” (33). Езус заўважыў, што ў Пятры, як і ў іншых вучнях – і ў кожным з нас! – ласцы Айца супрацьстаіць спакуса злога, які хоча адлучыць нас ад волі Бога. Абвяшчаючы, што павінен пакутаваць і быць адданым смерці, каб потым уваскрэснуць, Езус хоча дапамагчы зразумець тым, хто ідзе за Ім, што Ён – пакорны Месія і служыцель. Ён слуга, паслухмяны волі Айца аж да поўнага ахвяравання ўласнага жыцця. Таму, звяртаючыся да ўсяго натоўпу, Ён абвясціў, што той, хто хоча быць Яго вучнем, павінен пагадзіцца стаць слугою, як Ён сам, і сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (35).
Ісці за Езусам азначае ўзяць уласны крыж – мы ўсе іх маем! – каб суправаджаць Яго на шляху, шляху нязручным, які з’яўляецца шляхам не поспеху і мінаючай хвалы, але тым, што вядзе да сапраўднай свабоды, свабоды, якая вызваляе ад эгаізму і граху. Гаворка ідзе пра тое, каб цалкам адмовіцца ад ментальнасці гэтага свету, што ставіць уласнае “я” і ўласныя інтарэсы ў цэнтр існавання. Гэта не тое, чаго хоча ад нас Езус. Ён нас заклікае згубіць сваё жыццё за Яго і Евангелле, каб атрымаць яго абноўленым, споўненым і сапраўдным. Мы перакананы, дзякуючы Езусу, што гэты шлях вядзе да ўваскрасення, да поўнага і канчатковага жыцця з Богам. Рашэнне ісці за Ім, нашым Настаўнікам і Панам, які стаў Слугою ўсіх, патрабуе наследвання Яго і ўважлівага слухання Яго слова, – не забывайце чытаць кожны дзень па адным урыўку з Евангелля! – і ласкі сакрамэнтаў.
На плошчы зараз ёсць моладзь: юнакі і дзяўчаты. Я толькі спытаюся ў ваc: ці адчувалі вы жаданне наследаваць Езуса больш блізка? Падумайце, памаліцеся і дазвольце, каб Пан да вас прамовіў.
Панна Марыя, якая наследавала Езуса аж да Кальварыі, няхай дапаможа нам заўсёды ачышчаць нашу веру ад фальшывых вобразаў Бога, каб цалкам злучыцца з Хрыстом і Яго Евангеллем», – сказаў Святы Айцец.
На заканчэнне сустрэчы Папа прывітаў групы прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў з Італіі і іншых краін. Пантыфік звярнуўся да групы настаўнікаў з Сардзініі, якія маюць толькі часовую працу, і заклікаў, каб «праблемы свету працы вырашаліся з канкрэтным улікам сем’яў і іх патрэбаў». Папа пажадаў усім сабраным добрай нядзелі і заклікаў памятаць аб малітве за яго.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|