Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Сям’я бароніць нас ад шматлікіх нападаў, знішчэнняў, каланізацый»
Слова Папы
16.09.2015 15:20

На агульнай аўдыенцыі 16 верасня Папа Францішак завяршыў цыкл катэхез на тэму сужэнства і сям’і. Пантыфік нагадаў, што ў бліжэйшы час Касцёл чакаюць дзве значныя падзеі: Сусветная сустрэча сем’яў у Філадэльфіі (ЗША) і Сінод Біскупаў у Ватыкане.

Папа заўважыў, што актуальны перыяд чалавечай цывілізацыі здаецца пазначаным наступствамі панавання эканамічнай тэхнакратыі, якая прывяла да падпарадкавання этыкі логіцы прыбытку. Гэтая тэндэнцыя падтрымліваецца значнымі рэсурсамі і многімі СМІ, дадаў Святы Айцец.

«Пры такім сцэнарыі новы альянс мужчыны і жанчыны становіцца не толькі неабходным, але і набывае стратэгічнае значэнне для вызвалення народаў ад грашовай каланізацыі. Гэты альянс павінен аднавіць кіраванне палітыкай, эканомікай і грамадскім суіснаваннем. Ад яго залежыць жыццяпрыгоднасць Зямлі, перадача пачуцця жыцця, сувязі памяці і надзеі», — сказаў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што Бог даверыў сям’і не проста клопат аб блізкасці дзеля яе самой, але важную місію чынення свету больш «хатнім». «Менавіта сям’я знаходзіцца на пачатку, у аснове гэтай сусветнай культуры, якая збаўляе. Яна нас бароніць ад шматлікіх нападаў, знішчэнняў, шматлікіх каланізацый, такіх, як грашовая або ідэалагічная, якія моцна пагражаюць свету. Сям’я – гэта аснова для абароны», — адзначыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што створаны свет быў давераны мужчыну і жанчыне. Іх адмаўленне ад Божага благаслаўлення непазбежна прывяло да адчування ўсемагутнасці, якое знішчыла ўсё. «Мы ўсе прыходзім на свет са спадчынай гэтай хваробы», — заўважыў Пантыфік.

Аднак, па словах Папы, людзі не былі праклятымі і пакінутымі самі сабе. Святы Айцец нагадаў біблійныя словы, скіраваныя Богам да спакусіцеля: «Пакладу варожасць паміж табой і жанчынай, паміж семем тваім і яе». «Гэта значыць, што Бог пазначыў жанчыну абарончым бар’ерам супраць зла», што жанчына «мае таямнічае і асаблівае благаслаўленне, каб бараніць сваё стварэнне ад злога», звярнуў увагу Пантыфік і заклікаў распрацоўваць такую тэалогію жанчыны, якая б адпавядала гэтаму Божаму благаслаўленню для яе і яе патомства.

Святы Айцец падкрэсліў, што Бог заўсёды атуляе мужчыну і жанчыну сваёй міласэрнай абаронай. «Сімвалічная мова Бібліі нам кажа, што перш чым выгнаць іх з Эдэмскага саду, Бог зрабіў мужчыну і жанчыне адзенне са скураў і апрануў іх. Гэты жэст пяшчотнасці азначае, што нават у балючых наступствах нашага граху Бог не жадае, каб мы засталіся голымі і пакінутымі нашаму лёсу грэшнікаў. Гэтую Божую пяшчоту, гэты клопат аб нас мы бачым уцелаўлёнымі ў Езусе з Назарэта, Сыне Божым, “народжаным ад жанчыны”», — адзначыў Папа.

Па словах Пантыфіка, абяцанне Бога мужчыну і жанчыне, здзейсненае на пачатку гісторыі, тычыцца ўсіх людзей, аж да яе канца. «Калі будзем мець дастаткова веры, сем’і народаў Зямлі распазнаюць сябе ў гэтым благаслаўленні. У любым выпадку, кожны, хто дазволіць узрушыць сябе гэтым бачаннем, незалежна ад таго, да якога народа, нацыі, рэлігіі належыць, няхай выходзіць у дарогу з намі. Ён будзе нашым братам і нашай сястрой, без здзяйснення празелітызму будзем крочыць разам з гэтым благаслаўленнем, памятаючы пра мэту Бога, які прагне ўчыніць усіх нас братамі ў жыцці свету, які развіваецца і нараджаецца менавіта з сям’і, саюзу мужчыны і жанчыны», — сказаў Папа.

На заканчэнне аўдыенцыі Пантыфік нагадаў, што ў бліжэйшую суботу у паўночнай Італіі адбудзецца беатыфікацыя біскупа Піо Альбэрта дэль Кароны, заснавальніка супольнасці Сясцёр дамініканак ад Святога Духа. Папа пажадаў, каб яго прыклад і заступніцтва дапамаглі Касцёлу крочыць у духу Евангелля, прыносячы плёны добрых спраў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.