Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: хрысціянства павінна быць прасякнута сямейным духам
Слова Папы
07.10.2015 15:04

Аб патрэбе сучаснага свету ў моцнай «“ін’екцыі” сямейнага духу» казаў Папа Францішак 7 кастрычніка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. У кантэксце правядзення Сінода Біскупаў Пантыфік вырашыў прысвяціць свае бліжэйшыя катэхезы адносінам паміж Касцёлам і сям’ёй у перспектыве іх карысці для ўсяго чалавецтва.

«Уважлівы позірк на штодзённае жыццё сучасных мужчын і жанчын дэманструе неадкладную патрэбу ў моцнай ін’екцыі сямейнага духу. Сапраўды, стыль адносін – сацыяльных, эканамічных, юрыдычных, прафесійных, грамадзянскіх – здаецца вельмі рацыянальным, фармальным, арганізаваным, але таксама і вельмі “абязводжаным”, сухім, ананімным. Часам ён становіцца нязносным. Нягледзячы на тое, што жадае быць інклюзіўным у сваіх формах, на самой справе пакідае ў самотнасці і на ўзбочыне ўсё большую колькасць людзей», — сказаў Папа.

Святы Айцец лічыць, што ў такім кантэксце сям’я адкрывае людзям больш чалавечную перспектыву адносін, угрунтаваных на свабодна заключаным саюзе любові.

«Сям’я нараджае патрэбу сувязі вернасці, шчырасці, даверу, супрацоўніцтва, пашаны; заахвочвае будаваць свет, у якім можна жыць і верыць у адносіны, заснаваныя на даверы, нават у складаных умовах; вучыць трымаць дадзенае слова, паважаць канкрэтных асобаў, падзяляць абмежаванасці свае і іншага. Мы ўсе ведаем аб незаменнай ролі сямейнай увагі да самых малых, уразлівых, параненых і да найбольш пацярпелых ад жыццёвых бедстваў. У грамадстве тыя, хто практыкуе гэтыя паставы, набываюць іх дзякуючы сямейнаму духу, а не духу спаборніцтва ці імкнення да самарэалізацыі», — сказаў Пантыфік.
   
Святы Айцец заўважыў, што, нягледзячы на такое важнае значэнне інстытута сям’і, яму не надаецца належнай увагі, прызнання і падтрымкі ў палітычнай і эканамічнай арганізацыі сучаснага свету.

«Часам хочацца сказаць, што сучаснае грамадства, з усёй сваёй навукай і тэхнікай, яшчэ не ў стане перакласці гэтыя свае веды на найлепшыя формы грамадскага суіснавання. Не толькі арганізацыя супольнага жыцця ўсё больш гразне ў бюракратыі, абсалютна далёкай ад фундаментальных чалавечых сувязяў, але і нават сацыяльныя і палітычныя звычаі часта дэманструюць знакі дэградацыі – агрэсіўнасць, вульгарнасць, пагарду (...), якія знаходзяцца значна ніжэй прынамсі мінімальнага ўзроўню сямейнага выхавання», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што для Касцёла «сямейны дух» з’яўляецца «канстытуцыйнай хартыяй», і менавіта ім павінна быць прасякнута хрысціянства. «Касцёл ёсць і павінен быць сям’ёй Божай», — дадаў Святы Айцец.

Гаворачы аб евангелізацыйным патэнцыяле сям’і, Папа падкрэсліў, што яна з’яўляецца «адной з самых галоўных сетак у місіі Пятра і Касцёла». «Гэта не такая сетка, якая стварае нявольнікаў. Наадварот – яна вызваляе з кепскіх водаў пакінутасці і абыякавасці, якія топяць мноства людзей у моры самотнасці і абыякавасці. Сем’і добра ведаюць, што такое годнасць адчуванне сябе дзецьмі, а не рабамі, чужынцамі ці толькі нумарам у ідэнтыфікацыйным дакуменце», — сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй катэхезы Пантыфік пажадаў, каб «энтузіязм сінадальных айцоў, ажыўлены Святым Духам, выклікаў у Касцёле імпульс, які дазволіць пакінуць старыя сеткі і “рыбачыць”, давяраючы слову свайго Пана».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.