Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: «Пан просіць нас адмежавацца ад ілжывых багаццяў, каб увайсці ў сапраўднае жыццё»
Слова Папы
12.10.2015 16:22

«Грошы, задавальненне, поспех асляпляюць, але потым настае расчараванне: абяцаюць жыццё, а гарантуюць смерць», - падкрэсліў Папа Францішак 11 кастрычніка ў разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі».

«Сённяшні евангельскі фрагмент, узяты з 10-га раздзелу Евангелля паводле Марка, дзеліцца на тры сцэны, вызначаныя трыма позіркамі Езуса. Першая – прадстаўляе сустрэчу Настаўніка з чалавекам, якога паралельны фрагмент Евангелля паводле Мацвея ідэнтыфікуе як “маладога чалавека”, такім чынам, сустрэчу Езуса з юнаком. Ён бяжыць да Езуса, становіцца на калені і называе Яго “Настаўнікам добрым”. Затым ён пытаецца: “Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?” (Мк 10, 17), гэта значыць шчасце. “Вечнае жыццё” – гэта не толькі жыццё пасля смерці, але і жыццё поўнае, інтэгральнае, без абмежаванняў. Што мы павінны зрабіць, каб дасягнуць яго? Адказ Езуса рэзюмуюць запаведзі, якія адносяцца да любові да бліжняга. У гэтым сэнсе маладому чалавеку няма ў чым сябе вінаваціць, але выразна бачна, што яму не дастаткова захавання прадпісанняў. І Езус адчувае жаданне, якое малады чалавек носіць у сваім сэрцы; таму Яго адказ выяўляецца ў глыбокім позірку, поўным любові і пяшчоты. Евангелле апісвае гэта так: “Езус паглядзеў на яго з любоўю” (Мк 10, 21). Калі прыбег да Яго, быў на самой справе адважным маладым чалавекам!

Але Езус разумее таксама, што з’яўляецца слабым бокам яго суразмоўцы, і робіць канкрэтную прапанову: няхай аддасць усю сваю маёмасць бедным і ідзе за Ім. Але сэрца маладога чалавека разрываецца паміж двума гаспадарамі: Богам і грашыма; таму сыходзіць сумны. Гэта паказвае, што вера не можа мірыцца з прыхільнасцю да багацця. Такім чынам, у рэшце рэшт, першапачатковы энтузіязм маладога чалавека скончыўся ў няшчасці адмовы ісці за Панам.

У другой сцэне евангеліст ставіць позірк Езуса ў пэўных рамках, і ў гэты раз гаворка ідзе пра позірк з выразам глыбокай задуменнасці, папярэджання: “Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае” (Мк 10, 23). На здзіўленне вучняў, якія задаюцца пытаннем: “Хто ж можа збавіцца?” (Мк 10, 26), Езус адказвае позіркам заахвочвання – гэта трэці позірк – і кажа: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога” (Мк 10, 27). Калі мы даверым сябе Пану, зможам пераадолець усе перашкоды, якія не даюць нам ісці за Ім з верай. Даручым сябе Пану – Ён дае нам сілу, Ён суправаджае нас на гэтым шляху.

І такім чынам, мы дайшлі да трэцяга этапу – урачыстага абяцання з боку Езуса: сапраўды кажу вам, той, хто пакіне ўсё дзеля Мяне, будзе мець вечнае жыццё і атрымае ў сто разоў больш ужо цяпер (пар. Мк 10, 29-30). Гэтае “сто разоў” складаецца з рэчаў, якія мы мелі раней і ад якіх адмовіліся, але якія, аднак, памножацца да бясконцасці. Мы пазбаўляем сябе матэрыяльных рэчаў і атрымліваем наўзамен радасць сапраўднага дабра; мы вызваляемся ад рабства рэчаў і атрымліваем свабоду служэння ў любові; мы адмаўляемся ад валодання і атрымліваем радасць дарэння. Гэта тое, што казаў Езус: больш радасці ў тым, каб даваць, чым браць.

Малады чалавек не дазволіў, каб яго ахапіў погляд Езуса, напоўнены любоўю, і таму ён не мог змяніцца. Толькі прымаючы са сціплай удзячнасцю любоў Пана, мы вызваляемся ад спакус ідалаў і слепаты нашых ілюзій. Грошы, задавальненне, поспех асляпляюць, але потым настае расчараванне: абяцаюць жыццё, а гарантуюць смерць. Пан просіць нас адмежавацца ад гэтых ілжывых багаццяў, каб увайсці ў сапраўднае жыццё – жыццё поўнае, аўтэнтычнае, бліскучае. І я пытаю вас, маладыя людзі, хлопцы і дзяўчаты, што цяпер стаіце на плошчы: ці адчулі вы на сабе позірк Езуса? Што вы хочаце адказваць? Жадаеце пакінуць гэтую плошчу з радасцю Езуса ці смуткам часовых рэчаў?

Няхай Панна Марыя дапаможа нам адкрыць нашы сэрцы для любові Езуса, які адзін можа задаволіць нашу смагу шчасця», - сказаў Святы Айцец.

Пасля марыйнай малітвы Папа традыцыйна прывітаў пілігрымаў, якія прыбылі ў Рым з розных частак свету, і папрасіў іх маліцца за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.