Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 21 кастрычніка Папа Францішак падкрэсліў, што вернасць абяцанням з’яўляецца «шэдэўрам чалавецтва» і рысай кожнай сапраўднай формы любові.
Святы Айцец нагадаў, што сям’я жыве абяцаннем любові і вернасці, якое даюць адно аднаму мужчына і жанчына. «Яно прадугледжвае абавязак выхавання дзяцей. Спаўняецца таксама ў клопаце пра пажылых бацькоў, у абароне і турботах пра самых слабых членаў сям’і, ва ўзаемнай дапамозе ў рэалізацыі ўласных якасцяў і прыняцці ўласных абмежаванасцяў. Сужэнскае абяцанне распаўсюджваецца на падзяленне радасцяў і цярпенняў усіх бацькаў, маці, дзяцей, са шчодрай адкрытасцю на чалавечае суіснаванне і супольнае дабро. Сям’я, якая закрываецца ў сабе самой – гэта нібыта супярэчанне, умярцвенне абяцання, якое яе стварыла і якое дазваляе ёй жыць», - сказаў Папа.
Па словах Пантыфіка, сёння пашана да сужэнскай вернасці, здаецца, аслабла, і на гэта існуе некалькіх прычын. «З аднаго боку, таму што кепска зразуметае права на пошук уласнага задавальнення ўсімі спосабамі і ў любых адносінах узвышаецца як прынцып свабоды, што нават не абмяркоўваецца. З іншага боку таму, што сувязі жыццёвых адносін і адказнасць за супольнае дабро абапіраюцца выключна на прымус, які вынікае з закону. Але ў рэальнасці ніхто не жадае быць любімым толькі за ўласныя якасці ці з прымусу. Любоў, як і сяброўства, абавязаны сваёй сілай і прыгажосцю менавіта таму факту, што нараджаюць сувязі, не пазбаўляючы свабоды. Без свабоды няма сяброўства, няма любові, няма сужэнства», - адзначыў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што свабода і вернасць не супярэчаць адна адной, а наадварот, аказваюць узаемную падтрымку, як у міжасабовых адносінах, так і ў грамадскіх. У гэтым кантэксце Пантыфік звярнуў увагу на шкоду, якую наносяць у розных сферах нестрыманне абяцанняў і невыкананне ўзятых абавязкаў.
«Вернасць абяцанням - гэта сапраўдны шэдэўр чалавецтва!» - сказаў Святы Айцец і нагадаў, што пашану да дадзенага слова і вернасць абяцанню немагчыма ні купіць, ні прадаць, да іх немагчыма прымусіць сілай ці захаваць без ахвярнасці. «Ніводная іншая школа не можа навучыць праўдзе любові, калі гэтага не зробіць сям’я», - падкрэсліў Папа.
«Трэба вярнуць пашану грамадства да вернасці ў любові. Неабходна выцягнуць на свет штодзённы цуд мільёнаў мужчын і жанчын, якія адраджаюць фундамент свайго сямейнага жыцця, якім жыве кожнае грамадства, не будучы ў стане забяспечыць гэтага іншым чынам. Невыпадкова гэты прынцып вернасці абяцанню любові і нараджэнню патомства ўпісаны ў Божае стварэнне, як вечнае благаслаўленне, якому давераны свет», - сказаў Пантыфік.
Спасылаючыся на вучэнне св. Паўла, Папа адзначыў, што ў сямейнай сувязі асаблівым чынам аб’яўлена вызначальная праўда пра сувязь паміж Богам і Касцёлам. “Гэта значыць, што сам Касцёл знаходзіць тут благаслаўленне, якое неабходна бараніць і якому трэба нястомна вучыцца, перш чым яму вучыць і яго дысцыплінаваць», - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл ганарыцца сваёй любоўю да чалавечай сям’і ў добрыя і кепскія моманты. «Няхай Бог нам дазволіць дастойна рэалізаваць гэтае абяцанне», - пажадаў Папа на завяршэнне сваёй катэхезы, заклікаючы вернікаў маліцца за ўдзельнікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіць у Ватыкане.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|