Касцёл не пакідае сем’яў, якія шукаюць міру, таму што яны з’яўляюцца часткай народа, які Бог хоча вызваліць ад рабства і прывесці да свабоды, сказаў Папа Францішак перад малітвай «Анёл Панскі» 25 кастрычніка, спасылаючыся на тэму Сінодy Біскупаў, які праходзіў у Ватыкане.
«Сёння раніцай святой Імшой у базыліцы св. Пятра скончылася Генеральная Асамблея Сіноду Біскупаў на тэму сям’і. Я заклікаю ўсіх дзякаваць Богу за гэтыя тры тыдні інтэнсіўнай працы, якія сілкаваліся малітвай і духам сапраўднай камуніі. Гэта быў час цяжкай працы, але ён быў сапраўдным Божым дарам, які, несумненна, прынясе шмат плёну.
Слова “Сінод” азначае “ісці разам”. І тое, што мы перажылі, было досведам Касцёла-пілігрыма, які пілігрымуе асаблівым чынам з сем’ямі святога Божага народу, раскіданага па ўсім свеце. Па гэтай прычыне мяне вельмі ўразіла Божае слова, якое прыходзіць да нас сёння на сустрэчу ў Ераміі: “Вось я выведу іх з паўночнай зямлі і збяру іх з усіх межаў зямных. Сярод іх сляпы і кульгавы, цяжарная разам з парадзіхай; сюды вяртаецца вялікая грамада”. І прарок дадае: “Яны пайшлі з плачам, але з суцяшэннем іх павяду. Прывяду іх да патокаў вады роўнай дарогай, і не спатыкнуцца на ёй, бо Я стаў Айцом Ізраэля” (31, 8-9).
Божае слова кажа нам, што першы, хто хоча пайсці з намі, хто хоча рабіць з намі “сінод” – гэта менавіта Ён, наш Айцец. Яго “марай” заўсёды было стварэнне народу, сустрэча з ім, прыводзячы яго да зямлі свабоды і спакою. І гэты народ складаецца з сем’яў: у ім знаходзяцца “цяжарная разам з парадзіхай”. Гэта народ, які, пілігрымуючы з Божым благаслаўленнем, развівае жыццё.
Гэта народ, які не выключае бедных і абяздоленых, наадварот, прымае іх: “Сярод іх сляпы і кульгавы”, — кажа Пан. Гэта сям’я сем’яў, у якой той, каму цяжка, не адчувае сябе выдаленым на ўзбочыну, пакінутым ззаду, але тым, каму ўдаецца ісці ў нагу з іншымі. Таму што гэты народ пілігрымуе, ідучы крокам апошніх, як гэта робіцца ў сем’ях і як нас вучыць Пан, які сам стаў бедным з беднымі, малым з самымі малымі, апошнім з апошнімі. Ён не зрабіў гэта, каб выключыць багатых, вялікіх і першых, а таму, што гэта адзіны спосаб, каб збавіць іх, каб збавіць усіх.
Прызнаю, што гэтае прароцтва народу на шляху я супаставіў з вобразам бежанцаў, якія ідуць па дарогах Еўропы, драматычнай рэальнасці нашых дзён. І да іх Бог кажа: “Яны пайшлі з плачам, але з суцяшэннем іх павяду”. Таксама і гэтыя самыя шматпакутныя сем’і, выгнаныя са сваёй зямлі, былі сярод нас на Сінодзе, у нашай малітве і нашай працы, праз голас некаторых са сваіх пастыраў, прысутных на сходзе. Гэтыя шукальнікі годнасці, гэтыя сем’і, якія шукаюць міру, па-ранейшаму з намі, Касцёл не адмовіцца ад іх, таму што яны з’яўляюцца часткай народа, які Бог хоча вызваліць ад рабства і прывесці да свабоды.
Такім чынам, у гэтым Божым слове адлюстроўваецца і наш сінадальны вопыт, і драма бежанцаў, якія ідуць па дарогах Еўропы. Няхай Пан праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі таксама дапаможа нам ажыццявіць парады, якія ўзніклі ў брацкай камуніі», — сказаў Святы Айцец.
Пасля малітвы Папа Францішак, як і заўсёды, папрасіў сабраных на плошчы аб малітве за яго.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|