50-годдзю дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій «Nostra aetate» Папа Францішак прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане 28 кастрычніка.
Пантыфік нагадаў, што тэма адносін з вызнаўцамі нехрысціянскіх рэлігій была блізка бл. Паўлу VI. За год да заканчэння Сабору ён заснаваў Сакратарыят па адносінах з нехрысціянамі, які сёння працягвае сваю дзейнасць як Папская рада па міжрэлігійным дыялогу.
Па словах Папы Францішка, пасланне дэкларацыі «Nostra aetate» застаецца актуальным і ў наш час. Дакумент указвае на рост узаемазалежнасці паміж народамі, на пошук чалавецтвам сэнсу жыцця, пакутаў, смерці, на супольнае паходжанне і лёс чалавечага роду, на адзінства чалавечай сям’і. Ён прадстаўляе рэлігію як «пошук Бога і Абсалюта ўнутры розных народнасцяў і культур», а таксама кажа пра «добразычлівы і ўважлівы позірк Касцёла на рэлігіі і не адмаўляе таго, што ў іх цудоўнае і праўдзівае». Дэкларацыя кажа пра пашану да вернікаў розных веравызнанняў і іх духоўнай і маральнай дзейнасці. Яна пацвярджае адкрытасць Касцёла на «дыялог з усімі і ў той жа час вернасць праўдзе, у якую ён верыць, пачынаючы з таго, што збаўленне, падараванае ўсім, мае свой пачатак у Езусе, адзіным Збаўцы, і што Святы Дух дзейнічае як крыніца міру і любові».
Папа заўважыў, што на працягу апошніх 50 гадоў Касцёлам было рэалізавана вялікае мноства розных падзей, ініцыятыў і кантактаў з нехрысціянскімі рэлігіямі. Асаблівым чынам Пантыфік вылучыў міжрэлігійную малітву за мір, якая прайшла ў 1986 г. у Асізі, а таксама заклік св. Яна Паўла ІІ, каб усе веруючыя ў Бога садзейнічалі сяброўству і адзінству паміж людзьмі і народамі, скіраваны да мусульманскай моладзі ў Касабланцы 19 жніўня 1985 г. «Полымя, запаленае ў Асізі, пашырылася на ўвесь свет і з’яўляецца пастаянным знакам надзеі», — сказаў Святы Айцец.
Па словах Папы, асаблівай удзячнасці Богу заслугоўвае сапраўдная трансфармацыя, якую на працягу гэтых 50 гадоў перажылі адносіны паміж хрысціянамі і юдэямі.
«Абыякавасць і супрацьстаянне ператварыліся ў супрацоўніцтва і добразычлівасць. З ворагаў і чужынцаў мы сталі сябрамі і братамі. Сабор, праз сваю дэкларацыю “Nostra aetate”, праклаў шлях: “так” — адкрыццю юдэйскіх каранёў хрысціянства; “не” — любым формам антысемізму і асуджэнню, дыскрымінацыям і пераследам, якія з іх вынікаюць. Узаемнае пазнанне, павага і пашана складаюць шлях, асабліва каштоўны для адносін з юдэямі, а таксама з іншымі рэлігіямі. Я думаю асабліва пра мусульман, якія — як нагадвае Сабор — “пакланяюцца адзінаму Богу, жывому і самаіснаму, міласэрнаму і ўсемагутнаму, Стварыцелю неба і зямлі, які размаўляў з людзьмі”. Яны спасылаюцца на бацькоўства Абрагама, шануюць Езуса, як прарока, аддаюць пашану Яго Маці, Панне Марыі, чакаюць дня Суду, практыкуюць малітву, міласціну і пост», — сказаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што ўзаемная павага — гэта ўмова і ў той жа час мэта міжрэлігійнага дыялогу. Яна тычыцца права іншага на жыццё, фізічную цэласнасць, фундаментальную свабоду сумлення, думкі, слова і веравызнання.
«Свет глядзіць на нас, веруючых, кліча нас да супрацоўніцтва паміж сабой і людзьмі добрай волі, якія не вызнаюць ніводнай з рэлігій; патрабуе ад нас эфектыўных адказаў на многія тэмы: міру, голаду, беднасці, якая закранае мільёны людзей, крызісу навакольнага асяроддзя, насілля, асабліва якое здзяйсняецца ў імя рэлігіі, карупцыі, маральнага заняпаду, крызісу сям’і, эканомікі, фінансаў і ў першую чаргу надзеі. Мы, веруючыя, не маем рэцэптаў ад гэтых праблем, але маем вялікі рэсурс: малітву. Малітва – гэта наш скарб, да якога прыбягаем згодна з уласнымі традыцыямі, каб прасіць аб дарах, якіх прагне чалавецтва», — падкрэсліў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што па прычыне насілля і тэрарызму распаўсюдзілася падазронасць да рэлігій і нават іх асуджэнне. На самой справе, паколькі ніводная рэлігія не застраханава ад рызыкі фундаменталісцкіх ці экстрэмісцкіх адхіленняў індывідуумаў ці груп, неабходна глядзець на пазітыўныя каштоўнасці, якімі яны жывуць і якія прапануюць і якія з’яўляюцца крыніцамі надзеі. «Гаворка ідзе пра тое, каб узняць вочы і крочыць далей. Дыялог, заснаваны на даверлівай павазе, можа прынесці зерні дабра, якія, у сваю чаргу, стануць парасткамі сяброўства і супрацоўніцтва ў розных сферах, і перш за ўсё ў служэнні бедным, малым, пажылым, у прыняцці мігрантаў, увазе да тых, хто адрынуты. Мы можам крочыць разам з клопатам адзін пра аднаго і пра стварэнне. Мы можам разам праслаўляць Стварыцеля, за тое, што падарыў нам сад свету, які трэба апрацоўваць і ахоўваць, як супольнае дабро. Мы можам рэалізоўваць супольныя задумы, каб перамагчы беднасць і забяспечыць кожнаму чалавеку ўмовы для годнага жыцця», — сказаў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што пазачарговы Юбілей Міласэрнасці, які хутка пачнецца, з’яўляецца нагодай для супольнай працы ў галіне спраў міласэрнасці. «У гэтай сферы, дзе важнае перш за ўсё спачуванне, да нас могуць далучыцца многія людзі, якія не адчуваюць сябе веруючымі ці якія шукаюць Бога і праўду, людзі, якія ставяць у цэнтр аблічча іншага, асабліва патрабуючага брата ці сястры. Але міласэрнасць, да якой мы пакліканы, абдымае ўсё стварэнне, якое Бог нам даверыў, каб клапаціліся пра яго, а не былі яго эксплуататарамі ці, яшчэ горш, разбуральнікамі. Мы павінны заўсёды прапаноўваць сабе пакінуць свет лепшым, чым яго атрымалі, пачынаючы ад асяроддзя, у якім жывем, праз маленькія жэсты нашага штодзённага жыцця», — заклікаў Папа.
Напрыканцы агульнай аўдыенцыі, звяртаючыся да прысутнай на ватыканскай плошчы моладзі, Пантыфік нагадаў аб важнасці таго, каб навучыцца «простай і эфектыўнай ружанцовай малітве», якой у Касцёле прысвечаны месяц кастрычнік.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|