Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра святых «з суседніх дзвярэй»
Слова Папы
02.11.2015 11:59

Святыя – гэта не толькі тыя, хто быў узнесены да хвалы алтароў, але і людзі «з суседніх дзвярэй», якія рэалізуюць Евангелле кожны дзень, заўважыў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых.

«Святкуючы сёння ўрачыстасць Усіх Святых, мы асабліва ярка адчуваем рэальнасць супольнасці святых, нашай вялікай сям’і, якая складаецца з усіх членаў Касцёла, і тых, хто да гэтага часу пілігрымуе на зямлі, і тых – значна больш шматлікіх, – хто ўжо пакінуў яе, каб пайсці на Нябёсы, – звярнуў увагу Папа. – Мы ўсе ўцягнуты ў гэта, што завецца “еднасцю святых”, а значыць супольнасцю ўсіх ахрышчаных.

У літургіі Кніга Апакаліпсіса нагадвае важную асаблівасць святых, і кажа так: гэта асобы, якія цалкам належаць Богу. Кніга прадстаўляе іх у якасці вялікага натоўпу, “абраных”, апранутых у белае адзенне і адзначаных “пячаткаю Бога” (пар. Ап 7, 2-4. 9-14). Дзякуючы гэтай апошняй дэталі, выкарыстоўваючы алегарычную мову, падкрэсліваецца, што святыя належаць Богу цалкам і выключна, уяўляюць сабой Яго ўласнасць. А што азначае нашэнне пячаткі Бога ў сваім жыцці і ў сваёй асобе? Аб гэтым кажа той жа апостал Ян: гэта азначае, што ў Езусе Хрысце мы сталі па-сапраўднаму дзецьмі Бога (пар. 1 Ян 3, 1-3).

Ці ўсведамляем мы гэты вялікі дар? Мы ўсе дзеці Божыя! Ці памятаем, што ў хросце мы атрымалі “пячатку” нашага Нябеснага Айца і сталі Яго дзецьмі? Прасцей кажучы: мы носім прозвішча Бога, нашым прозвішчам з’яўляецца Бог, таму што мы дзеці Божыя. У гэтым і ляжыць корань паклікання да святасці! І святыя, якіх мы сёння ўзгадваем, – гэта тыя, хто жыў ласкай свайго хросту, хто захаваў “пячатку”, паступаючы як дзеці Бога, спрабуючы наследаваць Езуса; і цяпер дасягнулі сваёй мэты, таму што, у рэшце рэшт, “бачаць Бога такім, якім Ён ёсць”.

Іншай адметнай рысай святых з’яўляецца іх прыклад, варты пераймання. Звярніце ўвагу, што гаворка ідзе не толькі аб кананізаваных, але і аб святых, калі можна так сказаць, “з суседніх дзвярэй”, якія дзякуючы ласцы Божай, паспрабавалі на практыцы рэалізаваць Евангелле ў штодзённасці жыцця. Такіх святых таксама сустракалі і мы. Можа, хтосьці з іх быў членам нашай сям’і або адным з сяброў і знаёмых. Мы павінны быць удзячныя ім, і, перш за ўсё, мы павінны дзякаваць Богу, што даў нам іх, што паставіў іх побач з намі, як жывыя і заразныя прыклады таго, як жыць і памерці ў вернасці Пану Езусу і Яго Евангеллю. Як шмат добрых людзей мы пазналі і ведаем, і можам сказаць: “Ён святы!” Мы кажам так спантанна. Гэта святыя з суседніх дзвярэй, некананізаваныя, тыя, якія жывуць побач.

Наследаванне іх спраў любові і міласэрнасці – гэта крыху як падоўжыць іх прысутнасць у гэтым свеце. І на самой справе, гэтыя евангельскія ўчынкі з’яўляюцца адзіным, чаго не можа знішчыць смерць: нейкі жэст пяшчоты, велікадушнай падтрымкі, час, праведзены з іншым, слухаючы яго, наведзіны, добрае слова, усмешка... У нашых вачах гэтыя жэсты могуць здацца малаважнымі, але ў вачах Бога яны вечныя, бо любоў і спагада мацнейшыя за смерць.

Няхай Дзева Марыя, Каралева Усіх Святых, дапаможа нам больш і больш давярацца ласцы Божай і шчыра ісці шляхам святасці. Нашай Маці мы давяраем свае штодзённыя абавязкі і молімся да Яе за нашых дарагіх памерлых, з глыбокай надзеяй, што мы сустрэнемся аднойчы, усе разам, у хвалебнай супольнасці Нябёсаў».

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы з вернікамі Папа Францішак папрасіў аб малітве ў сваёй інтэнцыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.